Вало́дзька

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. Вало́дзька Вало́дзькі
Р. Вало́дзькі Вало́дзькаў
Д. Вало́дзьку Вало́дзькам
В. Вало́дзьку Вало́дзькаў
Т. Вало́дзькам Вало́дзькамі
М. Вало́дзьку Вало́дзьках

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

вы́прасіць, ‑прашу, ‑прасілі, ‑прасіць; зак., каго-што.

Атрымаць, дамагчыся чаго‑н. настойлівымі просьбамі. Выпрасіць прабачэнне. □ Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяцёрачнік, ‑а, м.

Разм. Вучань, які звычайна атрымлівае пяцёркі; выдатнік. [Андрэйка:] — Вядома, я не такі, як ты, не пяцёрачнік. Сераднячок. Гамолка. Ну вось Валодзька і паказаўся. І, здаецца, нічога сабе: пяцёрачнікам прыехаў. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухамя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Разм. Сухая яда без чаго‑н. гарачага або вадкага. На другі і трэці дзень — адна сухамятка. Што знойдзе Валодзька сам у буфеце, тое і з’есць. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., што і без дап.

1. Рабіць брыдкім, непрыгожым. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста. Караткевіч.

2. Тое, што і брудзіць (у 1 знач.). — Дык што гэта вы, таварыш старшыня, — ледзь не пакрыўдзіўся Валодзька. — Будзем мы рукі брыдзіць такім дабром. Брыль.

•••

Брыдзіць светам — хітраваць, круціць, баламуціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэме́нтавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цэменту; звязаны з вырабам цэменту. Цэментавы склад. Цэментавая печ.

2. Зроблены з цэменту; у склад якога ўваходзіць цемені. Хатка над балотамі стаіць на нізкім цэментавым падмурку. Колас. Пячнік кельняй размешваў у карыце цэментавы раствор і насвістваў песеньку. Лобан. // Пакрыты, змацаваны цэментам. Валодзька затушыў цыгарку аб цэментавае перакрыцце, што адкрылася паміж дошак узарванай падлогі. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́мнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм.

1. З грукатам упасці, паваліцца. І раптам — гром скалануў паветра: збіты «месер» грымнуўся побач. Якімовіч. Патапчык спыніўся, выхапіў з кішэні рэвальвер і, не цэлячыся, стрэліў. Конь з ходу грымнуўся на зямлю. Чарнышэвіч.

2. Ударыцца, стукнуцца аб што‑н. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. Алік за штосьці зачапіўся і грымнуўся спіною аб зямлю. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмбле́ма, ‑ы, ж.

Прадмет ці відарыс прадмета як умоўнае ці сімвалічнае вырашэнне якога‑н. паняцця, ідэі. Серп і молат — эмблема яднання рабочых і сялян. □ Яны ідуць, дзе зоры свецяць, Сцягі пад сонцам шалясцяць, Яны нясуць працоўным свету Эмблему роўнасці й жыцця. Трус. Валодзька з’явіўся ў клубе ў чорным новенькім шынялі, у форменнай фуражцы з эмблемай, наглянцаваных чаравіках. Кірэйчык. Зубр — сімвал імклівай сілы — робіцца эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвал «машыннай сілы краіны». В. Вольскі.

[Грэч. ēmblēma — устаўка; рэльефная аздоба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. перавёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; зак., каго-што.

1. Перамясціць, даставіць якім‑н. транспартам з аднаго месца на другое. Перавезці дзяцей на дачу. □ Ужо некалькі дзён дзед не вартаваў птушкаферму: яе перавезлі на дальні выган. Даніленка. Цэлую ноч вазілі снапы. Перавезлі апошнія, калі ўсходзіла сонца. Чарнышэвіч.

2. Везучы, перамясціць цераз што‑н. на другі бок чаго‑н. Валодзька спыняецца на беразе Нёмана і гукае на той бок паромшчыку: — Дзеду, а мо перавёз бы? Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакрыві́ць, ‑крыўлю, ‑крывіш, ‑крывіць; зак.

1. што. Зрабіць крывым, несіметрычным; перакасіць.

2. звычайна безас. каго-што. Надаць несіметрычны выраз (твару, губам). Апухлы твар .. [Ядзі] перакрывіла. Новікаў. Чалавек запхнуў сала ў рот, але жаваць ужо не мог. Яму звяло сківіцы, перакрывіла рот. Асіпенка.

3. каго. Перадражніць. Я баюся, як г-р-ы-м-л-і-ц-ь, — тонкім дзіцячым галаском перакрывіў .. [Кузьма] дзяўчынку. Хведаровіч. [Ала:] — Валодзька, ведаеш новую навіну!.. — Новая навіна! — перакрывіў яе Валодзя. — Я аб гэтым яшчэ можа тыдзень назад ведаў. Шамякін. — Працава-алі, — перакрывіў Патапавіч, — больш тае гаворкі, як работы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)