Вайе́ ’галоўная частка сахі ад ручак да ярма’ (Выг. дыс.). Рус. воё ’дышаль’, укр. воє, війя, польск. oje, в.-луж. памянш. wojko, н.-луж. wojo, чэш. oj, voj, ст.-чэш. oje, славац. oje, балг. ои́ще, серб.-харв. oje ’тс’. Прасл. *oje. І.‑е. паралелі: грэч. οιήιον ’стырно’, ст.-інд. īṣá’, хец. hi̮šša‑ ’тс’ (Фасмер, 1, 331; Рудніцкі, 1, 422).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуйе́ ’дышла ў сахі’ (Тарн., Studia). Гл. вайе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сні́ца ‘скабка або пласцінка (драўляная ці металічная), якой змацоўваюць закругленыя дошчачкі; асабліва два колцы ў дышлі пад падушкай калёс, якія служаць для павароту калёс’ (Нас.), сні́ціна ‘дошчачка, якой закрываюць бакавы ўваход у калодачны вулей’ (зэльв., Сл. ПЗБ), сні́цы ‘крыжавіна, перакладзіна ў перадку воза, куды ўстаўляецца канец дышля’ (Маслен.), ‘пярэдняя і задняя часткі калёс’ (ПСл). Укр. сни́ця ‘падоўжная жэрдка ў возе, плузе; частка воза, дзе замацаваны дышаль’, рус. сни́ца, шни́ца ‘адзін з двух брускоў, між якімі ўмацоўваецца дышаль’, польск. śnica, sznica, чэш. дыял. snica, šnyce, snice, в.-луж. snica і šnica, н.-луж. snica ‘тс’. Міклашыч (312) лічыў слова няясным. Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Паводле Праабражэнскага (2, 344), рускае слова запазычаны з польскай, а там з ням. Schnitt ‘разрэз, прарэз’ або Schnitz ‘кавалак, скрылік’. Фасмер (3, 699), а следам за ім і Махэк₂ (564), Шустар-Шэўц (1329) выводзяць з *ojesьnica ад *oje, Р. скл. ojese ‘дышаль, аглобля’. Гл. вайе. Збліжэнне з сныч, снычок ‘засаўка ў замку’ (Ласт.), рус. дыял. сныч ‘стрыжань у дзвярным замку’, ‘шпонка, якая змацоўвае дошкі’, што звязваюць з снаваць (Гараеў, 334), сумніўнае (гл. Фасмер, 3, 702). Не выключана сувязь з ст.-бел. снитие ‘злучэнне, сыходжанне’, снити ‘дайсці, дасягнуць; легчы, упасці’, што да *iti з прыстаўкай *sъn‑ (гл. ісці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)