Бурды́р ’пухір, вадыр; бурбалка’. Відавочна, асіміляцыяй з бурды́ль (гл.). Але, паколькі паходжанне бурды́ль не вельмі яснае, не выключаецца, што ўсё ад нейкай гукапераймальнай асновы бурд‑ (параўн. рус. дыял. бурде́ть ’шумець (пра камароў)’, але з іншым суфіксам (‑ыр < *‑yrь).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурды́ц! ’бух, шась’ (КЭС, лаг.), бурды́нц (Нас.). Бясспрэчна, гукапераймальнага паходжання. Параўн. аснову бурд‑ (гл. бурды́ль, бурды́к!). Адносна суфіксацыі ‑ыц параўн., напр., укр. берки́ць!, чэш. brdu̇c! ’тс’ і мараўскія валашскія выклічнікі тыпу hopýc!, švʼihýc! (адносна апошніх гл. Вашэк, Vlivy, 99).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурдзі́ла ’высокі тоўсты чалавек’ (Бяльк.). Відавочна, утварэнне з суфіксам ‑(і)ла (< *‑(i)dlo) ад дзеяслова тыпу бурдзе́ць (параўн. рус. бурде́ть ’бурчаць’), гукапераймальнага паходжання, аснова якога бурд‑ дала шмат вытворных. Гл. бурды́к!, бурды́ц!, бурды́хнуцца, бурды́ль і г. д. Не выключаецца, аднак, і сувязь з бу́рды (рус. дыял.) ’другі падбародак’ (гл. бурда 2).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурды́к! ’бух, шась’, бурды́хнуцца ’ўпасці’ (Бяльк.). Параўн. рус. бурды́чить ’дабрадушна бурчаць’, бурдыха́ться ’борацца, дужацца’, бурде́ть ’быць незадаволеным; бурчаць’; ’шумець (пра камароў)’. Параўн. яшчэ бел. бурды́ль, бурды́ц! Можна вылучыць гукапераймальную аснову бурд‑, якая дала шмат утварэнняў з рознымі суфіксамі. Параўн. з іншых моў: чэш. burda ’чалавек, што вельмі шуміць’, brduc! ’бух!’, польск. дыял. brduc! (гл. Махэк₂, 66, 77).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурда́ 1 ’бурда, нясмачная яда’ (БРС, Бяльк., Нас., Шат., Касп.). Рус. бурда́, укр. бурда́. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тат. burda ’мутны напітак’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 18; Праабражэнскі, 1, 53; Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259. Старая версія (ад народнага бурда́ ’чырвонае віно’ < франц. Bordeaux) не пераконвае (гл. Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259). Шанскі (1, Б, 230) памылкова адносіць да гэтай групы слоў і польск., чэш. burda ’скандал, сварка’ (гэтыя словы зусім іншага паходжання, гл. Махэк₂, 77; Рудніцкі, 258).
Бурда́ 2 ’грыжа, пухліна’ (Нас.). Слова не вельмі яснага паходжання. Магчыма, трэба параўноўваць з рус. дыял. (кур., арл., разан.) бу́рды ’мясісты нарост у птушак пад ніжняй чэлюсцю; хахалкі ў курэй; другі падбародак’. Усё, магчыма, звязана з асновай бурд‑ (гл. бурды́ль). Першапачаткова ’пухір, бурбалка’?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)