Бужані́на. Рус. бужени́на, укр. бужени́на, бужани́на. Усх.-слав. утварэнне (суф. ‑ина) ад буженый ’вялены’ (параўн. у Бярынды: сушани́ца: мя́со вендзо́ное (1627 г.), але таксама ў іншых экземплярах гэтага ж выдання: мя́со бужеоное, гл. Німчук, Бер., XIV). Дзеяслоў буди́ти ’вяліць, вэндзіць’ (< *obǫditi; слав. *ǫditi ’вэндзіць’: польск. wędzić, чэш. uditi і г. д.) вядомы і сёння ва ўкр. гаворках (параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 129). Іншыя тлумачэнні: бужени́на < вуженина (Рудніцкі, 240; Шанскі, 1, Б, 214; Фасмер, 1, 232, там і літ-pa) не прымаюць да ўвагі рэальнае існаванне дзеяслова буди́ти ва ўсходніх славян і надта ўскладняюць рэканструкцыю. Не выключаецца, што форма бужани́на, бужени́на пранікла ў рус. і бел. мовы з укр. Падрабязна аб слове бужані́на гл. таксама Кіш., Hatv., 20–21.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вэ́ндзіць (БРС, Сцяшк. МГ, Інстр. I). Запазычанне з польск. wędzić ’тс’ (Кюнэ, Poln., 113), а гэта да прасл. *(v)ǫd‑ ’капціць’; параўн. польск. wędzić, чэш. bouditi, uditi, славен. ovodíti, odíti, укр. буди́ти, вуди́ти і г. д. (Фасмер, 1, 232; Брукнер, 608; Махэк₂, 666). Гэта слова запазычана таксама рускімі гаворкамі ў Літве (ве́нди́ть; гл. СРНГ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Будзі́ць (БРС, Касп., Бяльк.). Рус. буди́ть, укр. буди́ти, польск. budzić, чэш. buditi, ст.-слав. боудити, балг. бу́дя, серб.-харв. бу́дити і г. д. Прасл. *buditi *budi̯ǫ — каузатыўная форма да *bъděti. І.‑е. *bheu̯dh‑ ’назіраць, сачыць, заўважаць, не спаць і г. д.’ дае наступныя аблаутныя ўтварэнні: 1) *bheu̯dh‑; адсюль слав. *blʼud‑ (< *bi̯ud‑): *blʼusti *blʼudǫ — бел. блюсць (Нас., Бяльк.), блюдкі, блюдо́к ’ашчадны’ (Нас.), рус. блюсти́, ст.-слав. блюсти блюдѫ, ст.-серб.-харв. бљусти, параўн. ст.-інд. bṓdhati ’прачынаецца, заўважае’, грэч. πεύθομαι ’пазнаю, не сплю’; 2) *bhou̯dh‑; адсюль слав. *buditi *budi̯ǫ; 3) *bhudh‑; адсюль слав. *bъdeti *bъdi̯ǫ — рус. бдеть, чэш. bdíti, ст.-слав. бъдѣти, балг. бдя і слав. *bъdrъ ’бадзёры, жвавы’ (бел. бадзёры, бо́дзер, рус. бо́дрый, укр. бо́дрий, ст.-слав. бъдръ і г. д.). Фасмер, 1, 178, 184, 230; Бернекер, 64, 96, 105; Траўтман, 32.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)