Буго́ня ’ралля ці від ворыва, калі пасярэдзіне ўчастка ўзвышаецца пачатковая двайная баразна; ворыва ўроскідку’ (Яшкін), буго́нь ’загон, вузкая палоска заворанай зямлі’ (Бяльк.). З абуго́ня (гл.); параўн. абиго́ня ’тс’ (Лысенка, ССП), якое складаецца з *обы‑ ’абодва’ і гон‑ (гнаць, ганяць). Адпадзенне пачатковага а‑ ў выніку сцёртасці ўнутранай матывацыі слова і дэкампазіцыі яго марфалагічных элементаў (абу‑го́ня → а‑буго́ня > буго́ня).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Абуго́ня ’ўчастак поля, які намячаецца ўзараць’ (Юрч.), ’узараная частка гоняў’ (Гарэц.). Гл. гоні і бугоня.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Будво́рыца ’выган за вёскай’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. будво́рицы ’месца, дзе канчаецца сяло, вёска і пачынаецца поле, луг, лес’. Можна меркаваць, што слова таго ж тыпу, што і буго́ня (гл.), г. зн. паходзіць ад *абудво́рыца, якое складаецца з *обы‑ ’абодва’ і двор (суф. ‑іца). Першапачаткова *’месца абапал двароў’. Таксама можна думаць і пра зыходнае *абадво́рыца, дзе *аба‑ (> бу‑) — прэфікс *ob(ъ). Тады першапачаткова *’месца навокал двароў’. Краўчук, БЛ, 1974, 5, 64.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)