бландзі́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Светлавалосы мужчына.

|| ж. бландзі́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бландзі́н

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. бландзі́н бландзі́ны
Р. бландзі́на бландзі́наў
Д. бландзі́ну бландзі́нам
В. бландзі́на бландзі́наў
Т. бландзі́нам бландзі́намі
М. бландзі́не бландзі́нах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

бландзі́н м. блонди́н

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бландзі́н, ‑а, м.

Мужчына са светлымі валасамі. Сярод вясковага насельніцтва Рыфскіх гор сустракаецца нямала бландзінаў і шатэнаў з блакітнымі і шэрымі вачыма. В. Вольскі.

[Фр. blondin.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бландзі́н, бландзі́нка (БРС). Рус. блонди́н, блонди́нка, укр. блонди́н, ‑ка. Паводле Фасмера, 1, 176, першаснай формай быў назоўнік ж. р. (тыпу бландзі́нка), які запазычаны з ням. Blondine (а гэта з франц.) або франц. blondine ’бландзінка’. Назоўнік м. р. з франц. blondin або ж другаснае ўтварэнне ад бландзі́нка. Фасмер, 1, 176; Шанскі, 1, Б, 143. У аснове ўсяго ляжыць франц. blond(e) ’бялявы, -ая’. Да гісторыі гэтага слова і магчымай сувязі з герм. мовамі гл. Клюге, 86.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блонди́н бландзі́н, -на м., бяля́вы, -вага м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Белабры́сыбландзін’ (БРС, Касп.). Рус. белобры́сый. Відаць, складанае слова: да bělъ ’белы’ і bry (brъve) ’брыво’. Гл. Фасмер, 1, 148; Шанскі, 1, Б, 87.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ура́жанне, ‑я, н.

1. Вобраз, след, які застаецца ў свядомасці чалавека ад убачанага, пачутага, перажытага. Уражанні дзіцячых год, звязаныя са штодзённаю яздою па чыгунцы, на ўсё жыццё захаваліся ў Хвядоса Шынклера, і пасля ён вельмі жыва апісаў гэтыя паездкі ў сваёй аповесць «Сонца пад шпалы». Арабей.

2. Уплыў чаго‑н. на каго‑н. Моцнае ўражанне на здольнага хлопчыка рабіла бацькава ігра на скрыпцы. Каваленка. Ужо некалькі дзён Павел Гушчын знаходзіўся пад уражаннем вайны, адступлення нашых войск, ад чаго сэрца аблівалася крывёю. Гурскі.

3. Уяўленне, думка, што склалася ў выніку знаёмства, сустрэчы з кім‑, чым‑н. Малады бландзін невысокага росту рабіў уражанне вельмі сціплага чалавека. Машара. Сцены, пафарбаваныя пад колер летняга неба, ствараюць уражанне прасторы, спакою. Гамолка. Раману хацелася падзяліцца з кім-небудзь сваімі ўражаннямі, думкамі. Колас. [Кавалеўскі:] — Але складваецца ўражанне, што чужы вопыт у вас [Максім Сцяпанавіч] — як той шчыт. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лі́савы ’лісіны’ (ТС). Рэгіяналізм з адносна-якасным значэннем, утвораны з суфіксам, які мае прыналежнае значэнне.

Ліса́вы ’ліслівы, хітры’ (Шат., Ян., ТС; лід., лях., Сл. ПЗБ; хойн., нараўл., Мат. Гом.), ліса́вый ’тс’ (Бяльк.); ’ветлівы, свойскі, абыходлівы, ласкавы, рахманы’ (Сцяшк., Юрч.; барыс., Жд. 2; лун., Шатал.; Ян.; браг., Нар. словатв.; лід., смарг., шчуч., Сл. ПЗБ), в.-дзв. лісіва́ты ’ліслівы, хітры’, іўеў. ліса́вянькі ’ласкавы’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. лиса́вий, ст.-укр. лисавый (XVII ст.), рус. смал. лиса́вый ’ласкавы, пяшчотны’, арханг. лиса́ва ’ліса’; польск. lisawy (XVII ст.) ’рыжы, чырвоны’, ’бландзін’, чэш. lísavý ’ліслівы, пяшчотны’. Прасл. lisavъjь, якое аўтары «Эт. сл. слав. моў» (Трубачоў, Эт. сл., 15, 140) фармальна адносяць да lisa > ліс (гл.), утворанага пры дапамозе суфікса ‑avъ, і супастаўляюць, аднак, з дзеясловам lisati (), які Махэк₂ (335) выводзіць з lasiti (у выніку перастаноўкі галосных). Дапускаецца таксамі, што гэта экспрэсіўны варыянт дзеяслова lizati > лізаць (гл.). Польск. lisawy, магчыма, звязана са значэннем ’спаліць’, параўн. бел. лі́са злаві́ць ’падсмаліць світку ці іншую суконную адзежыну’, польск. кацеўск. liśić ’спаліць’, priliśić ’прыпаліць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгожа і прапарцыянальна складзены, статны. На парозе з явілася стройная жанчына год трыццаці і, як даўнім знаёмым, усміхнулася нам. Няхай. Стройны стан, загарэлыя голыя рукі і ўзбітыя сонцам жоўтыя валасы акрэслена вызначаліся ў вялікай раме расчыненых варот. Дуброўскі. А прыгожыя ж, наўздзіў!.. Стан той стройны ды крамяны, Твар прыветны ды румяны. Крапіва. // Які мае прыгожую і прапарцыянальна складзеную фігуру. [Сяргееў:] — А-а, дык вы б [Марыля] так і сказалі, бландзін, стройны. Федасеенка. Сцяпанаў быў у новеенькай гімнасцёрцы,.. у зухавата ссунутай набакір фуражцы. Падцягнуты, акуратны, стройны. Алешка. / Пра жывёлін. [Лось], лёгкі і стройны, горды і прыгожы. Кірэйчык. / Пра будынкі, збудаванні, калоны і пад. Бялеюць стройныя муры, Іскрыцца чарапіца. Астрэйка. З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк. Ваданосаў. / Пра дрэвы, лес. Плячысты дуб, І рослы клён, І стройная сасна Шумяць — пяюць, Што зноў прыйшла Да нас Вясна-красна. Кірэенка. Стройныя дрэўцы роўнай алейкай збягалі кудысьці ўніз, відаць, да ракі. Шыловіч. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройныя баравым, то нізкім балотным. Колас.

2. Роўна, правільна размешчаны. Я заспяшаўся насустрач і неўзабаве ўбачыў стройную калону піянераў з чырвоным сцягам дружыны ўперадзе. Шыловіч. Усе, хто быў на калгасным двары, высыпалі на вуліцу і праводзілі стройную школьную калону ўсхваляванымі позіркамі. Кулакоўскі.

3. Правільна і лагічна пабудаваны; паслядоўны. Стройная тэорыя. Стройная канцэпцыя. □ Стройныя і цэльных тэарэтычных поглядаў, якія б служылі базісам для яго рэфарматарскай праграмы і асвятлялі прыватныя пытанні рэформы, у Гобсана няма. Ленін. // Які вылучаецца, вызначаецца зладжанасцю, дакладнасцю. Усе ўтрох сцішана глядзелі па стройны працэс [будаўнічых] работ. Шынклер. То мне здавалася, што гэта самае лепшае з усяго, што мною напісана: яно самае строгае, самае стройнае і душэўнае; кожнае слова ў ім не толькі стаіць на месцы, а стаіць важка, значна, нясе на сабе найбольшую пагрузку; тут поўна чалавечых хваляванняў, самых трапяткія адзнак нашага часу. Скрыган. // Зладжаны, гарманічны (пра музыку, спевы). Стройныя гукі аргана. Даносіўся стройны спеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)