Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра2.

Барба́ра2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbara ’доўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хара́ктар, ‑у, м.

1. Сукупнасць устойлівых псіхічных уласцівасцей чалавека, яго асабістых рыс, якія праяўляюцца ў паводзінах і дзейнасці. Мяккі характар. Цяжкі характар. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі.

2. Цвёрдая воля, настойлівасць у дасягненні чаго‑н. Але Барбара і рада была, што.. [Лёша] рос не такім падатлівым, ціхоняй, а быў з характарам, мог пастаяць за сябе. Грамовіч.

3. які або чаго. Адметная асаблівасці ўласцівасць, якасць чаго‑н. Заўвагі крытычнага характару. □ Цудоўная мясцовасць паміж вёскаю Купа і пасёлкам рыбгаса пачала набываць курортны характар. В. Вольскі. Па характару свайго таленту Ул. Дубоўка — лірык. Глебка.

4. У літаратуры, мастацтве — сукупнасць псіхічных асаблівасцей, што ствараюць вобраз, які мае тыповыя, абагульняючыя рысы якой‑н. групы людзей. У Коласа характар пераходзіць у мову, а мова робіцца формай раскрыцця гэтага характару. «Полымя». Сіла Барадуліна менавіта ў гэтым уменні праз трапную дэталь, жыццёвы выпадак вымаляваць характар, сацыяльны тып, паставіць праблему. «Маладосць».

•••

Камедыя характараў гл. камедыя.

Народны характар — характар, які адлюстроўвае тыповыя рысы прадстаўніка з народа.

Нацыянальны характар — характар, які выяўляе своеасаблівасць псіхічнага складу прадстаўніка пэўнай нацыі.

Тыповы характар — мастацкі вобраз, у індывідуальных рысах якога абагульнены характэрныя асаблівасці людзей пэўнага сацыяльнага асяроддзя, пакалення і пад.

Вытрымаць характар гл. вытрымаць.

З характарам хто — чалавек з вытрымкай, настойлівасцю, прынцыповасцю.

Паказваць (паказаць) характар — выяўляць (выявіць) настойлівасць у чым‑н.

[Грэч. charaktēr.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)