Ачхна́цца ’апынацца’, ачхнаць ’быць, знаходзіцца’, ачхнанне ’месца знаходжання’, ачхнуць ’заехаць куды-небудзь, зайсці’ (Яўс.). Ітэратыўны дзеяслоў ад ачнуцца (гл.) з устаўным х, магчыма, пад уплывам блізкіх па значэнню слоў тыпу ачу́хацца, параўн. ачынацца ’апынацца’ (Гарэц.), трапляць, пападаць’ (Юрч.) і ачынуцца ’апынуцца, стаць, з’явіцца нечакана’; незваротныя формы пазнейшыя, узніклі як парныя да адпаведных зваротных з канкрэтызацыяй значэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прачыха́цца ’прасынацца’ (воран., Сцяшк. Сл.). Да прачхнуцца (гл. прачнуцца). Параўн. ачхнуцца, ачхнацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ача́цца ’апынуцца’ (мін., Песні сямі вёсак, 461). Звязана чаргаваннем галосных асновы з ачынацца ’апынацца’, з якім утварае пару па трыванні. Гл. ачнуцца, ачхнацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прачну́цца ’перастаць спаць, прабудзіцца’, ’стаць актыўным, выйсці са стану застою, спакою’, ’з’явіцца, выявіцца (пра пачуцці, уласцівасць, якасць)’, дыял. варыянты прочкну́цца, прочихну́цца, прочхну́цца (Нас., Дзмітр.) з устаўным ‑х‑ (‑к‑). Рус. дыял. прочну́ться ’прабудзіцца; ачнуцца’, укр. прочну́тися ’тс’. Гл. ачнуцца, ачхнацца; форма прошнулася (гом., Рам.), на думку Карскага (1, 360), у выніку замены ‑с‑ на ‑ш‑; малаверагодна, хутчэй з ‑чн‑, параўн. рушні́к < ручні́к, сма́шны < сма́чны і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)