Арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, ’прыпрэжаны конь’, ’прыпрэжка’ (Нас.), арчако́вы ’прыпражны’ (Нас.). Рус. арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, укр. а́рчик ’сядло’, орчико́вий прыпражны’, польск. jarczak ’лёгкае сядло’ (з XVI ст.). Ва ўсходнеславянскіх мовах з XVI ст.: ст.-бел. ерчакъ, орчаки, ярчакъ ’сядло’, ’драўляны каркас сядла’, рус. ерчакъ (1557), укр. форма арчакъ (пач. XVIII ст.). Агульна прынята этымалогія з цюркскіх моў. Прыводзяць тат. arčak ’лука’ (без крыніцы). Параўн. Міклашыч, Türk. El., Дад., 2, 75, 134. Дакладней форма ингырчак у Сразн., 1, 31. Параўн. тат. ынгырчак ’падсядзёлак’ і інш. аналагічныя цюркскія формы (Радлаў, Опыт., 1, 1358). Да гэтай формы прыводзіць польскае слова Заянчкоўскі, Stud. orient. Аб цюркскім паходжанні беларускага слова пісалі Бірыла (у сувязі з прозвішчам Арчакоў; Бел. антр., 24), Вярхоў (З жыцця, 67). Насуперак Фасмеру, 3, 155, нельга адкідваць рэальную сувязь, якая існавала паміж словамі арчак і ворчык (орчик) (гл.); магчыма, што вынікам гэтай сувязі з’яўляюцца значэнні ’прыпрэжаны’ (параўн. орчиковий конь — Маслен., 178), укр. а́рчик (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122–123); іншая справа, што гэта сувязь мела народнаэтымалагічны характар.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́рчык 1 ’барак, пры дапамозе якога запрагаюць каня ў плуг; брусок з жалезным крукам на сярэдзіне, за які зачэпліваюцца пастронкі’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Гарэц., Бяльк., Др.-Падб., Мядзв., Сцяшк.). Рус. о́рчик ’перакладзіна, барак для пастронкаў вупражы каня’, укр. во́рчык, польск. orczyk ’тс’. Запазычана з с.-в.-ням. ortschit, н.-в.-ням. Ortscheit ’тс’ праз польск. мову (Міклашыч, 225; Мацэнаўэр, 265; Більфельдт, 29). С.-в.-ням. слова ўтворана з ort ’вастрыё, канец’ і schit ’палена’ (Фасмер, 3, 155). Праабражэнскі (1, 659) дапускае магчымасць зваротнага ўздзеяння польск. orczyk на ням. і набліжае орчик да арчак (гл.), о́рчак ’лука, драўляны каркас сядла’, што менш верагодна.
Во́рчык 2 ’прыпрэжаны конь’ (Мат. Гом.). Гл. варчык.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)