перакана́ўчасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пераканаўчага. Аля не запярэчыла на гэтыя словы, і .. [Леанід] адчуў, што думка яго знайшла якраз тую яснасць і пераканаўчасць, якую ён шукаў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабутэ́льнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто разам з кім‑н. п’е, п’янствуе. Са свайго пакоя выглянула Аля. Але як толькі ўбачыла гаспадара з сабутэльнікам, у той жа момант дзверы яе пакоя зачыніліся. Кавалёў. Наперадзе ішоў Кастусь Канцавы — былы сябар і сабутэльнік Сашкі, нёс вялізны драўляны крыж. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́рсткі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Хуткі, жвавы, быстры. Для свайго ўзросту .. [доктар] быў яшчэ даволі порсткі і рухавы. Васілевіч. Аля падхоплівае чамаданы і порсткімі крокамі накіроўваецца ў горад. Пальчэўскі.

2. Запальчывы, быстры. Па характару яны зусім розныя людзі: Мікалай Вітушка спакойны, разважлівы, далікатны, а Міхал Падабед порсткі, гарачы і крыху грубаваты. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абмя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. абмяк, ‑ла; зак.

1. Стаць мяккім, страціўшы пругкасць. Вопратка абмякла ад вільгаці.

2. перан. Зрабіцца вялым, расслабленым. Камендант абмяк, зморана апусціўся ў крэсла, успомніўшы свой ганебны страх. Шамякін. Эма заплакала горка. Рукі абмяклі, Пакорна, Выпусціў бацька повад. Глебка.

3. перан. Стаць больш спагадлівым; расчуліцца. Выказаўшы тое, што так доўга і балюча ўтрымлівала, Аля адразу абмякла і заплакала. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што‑н. прымацаванае). Адарваць лісток календара. □ Сцёпка борзда развязаў торбу.., адламаў кусок хлеба, адарваў надрэзаны кавалачак сала і са смакам стаў сілкавацца. Колас. // звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад. Беднай гімназістцы выбухам першай нямецкай бомбы ў пачатку вайны адарвала ногі. Карпюк.

2. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць. Асокін, крыху схіліўшыся, абняў Карніцкага і адарваў ад падлогі. Паслядовіч. [Леанід] пацалаваў халодныя вусны дзяўчыны. Аля хутка адарвала свае губы і схавала твар на яго грудзях. Мележ. Пры апошніх словах хірург нейкім упартым рыўком адарваў сваю цяжкую галаву ад зямлі і флегматычным позіркам акінуў.. субяседнікаў. Васілевіч.

3. перан. Разлучыць. Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш. Кавалёў. // Аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н. Добры канец у яго [Свідраля] разуменні азначаў, што ён зноў вернецца да ранейшага жыцця, ад якога яго адарвалі. Дуброўскі.

4. перан. Перашкодзіць займацца чым‑н., адцягнуць (ад думак і пад.). Адарваць ад работы. □ — Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе, — адказвае Мікола Пышко. — Хіба ж цяпер мяне адарвеш, ад таго, што тут [на «Нафтабудзе»] зроблена і робіцца кожны дзень? Грахоўскі. Раптам знаёмы голас над самым вухам адарваў яго [Петрака] ад чытання. Чорны. Гаспадыня намагалася больш і цікавей гаварыць, каб адарваць ад нейкіх зацяжных і, бадай, невясёлых думак сваіх кватарантаў. Кулакоўскі.

•••

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго‑, чаго‑н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

Гнілому цяляці хваста не адарве — пра слабага, ціхмянага чалавека.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што‑н. у каго‑н. з вялікай ахвотай.

На хаду падноскі адарваць — пра спрыт каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)