лі́штва, ‑ы, ж.

1. Накладная, звычайна фігурная планка вакол дзвярнога ці аконнага праёма. Дом быў невялікі, .. з блакітнымі аканіцамі, з узорыстымі ліштвамі і прыгожым вільчаком. Шахавец.

2. Металічная накладная пласцінка з шчылінай для ключа на дзвярах, шуфлядах і пад.

3. Разм. Тое, што і плінтус.

4. Падгорнутая або нашытая палоска матэрыі для аддзелкі, падрубкі. Акаловіч .. пачаў абмацваць .. ліштву, па якой зашпільвалася кашуля. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак., каго-што.

1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца чым‑н. да каго‑, чаго‑н., прыкласці на момант. Дануся праз вочка металічнай сеткі прыткнула губы да маёй шчакі. Карпюк.

2. Разм. Наблізіць што‑н. да чаго‑н., размясціць што‑н. упрытык з чым‑н. Акаловіч пераскочыў цераз .. [Паліводскага] і рынуўся ў акно, але адразу [ў]скочыць на падаконнік не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла. Чорны.

3. Змясціць, размясціць, пакласці што‑н. Аўтамат.. [баец] прыткнуў між калень. Быкаў. «Няма дзе чалавеку спаць, — падумаў Андрэй. — Хоць бяры ды яшчэ адзін ложак стаў у хаце... А куды яго прыткнуць!..» Чарнышэвіч. Ты ідзі, цябе не зачэпяць, — зашаптаў Сіла Прохаравіч. — Прыткні іх [магнітныя міны] дзе-небудзь у кар’еры. Навуменка.

4. перан. Разм. Прыстроіць, прыладзіць каго‑н. куды‑н. (на якую‑н. пасаду, месца). Дзеда Піліпа абыходзіла балюча пытанне адносна лёсу старых у калгасе. Куды ты іх там прыткнеш? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)