адпушчэ́нне, ‑я, н.

Уст. Дараванне грахоў, віны і пад. Адпушчэнне грахоў.

•••

Казёл адпушчэння гл. казёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

індульге́нцыя, -і, ж.

1. У каталіцызме: поўнае або частковае адпушчэнне грахоў, у якіх грэшнік пакаяўся на споведзі.

2. Грамата на адпушчэнне грахоў, якая выдаецца ад імя Папы Рымскага за асобыя заслугі перад царквой або за плату.

3. перан. Дазвол на якія-н. дзеянні, учынкі (кніжн.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

індульге́нцыя, ‑і, ж.

Каталіцкая грамата на адпушчэнне грахоў, якая выдаецца ад імя папы рымскага за асобыя заслугі перад царквой або за плату.

[Ад лац. indulgentia — міласць, спагадлівасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Абсалю́цыя ’адпушчэнне грахоў’ (Нас.), ст.-бел. абсолюция з 1647 (Нас. Гіст.) < лац. absolutio ’звальненне’. Запазычанне хутчэй за ўсё праз польскае пасрэдніцтва, паколькі звязана з царкоўнай тэрміналогіяй (польск. absolucja).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́шча 1 ’месца (крыніца, камень) у лесе, сярод балота, надзеленае надзвычайнай сілай; святое месца’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Доўн.-Зап.), ’капліца’: абракацца хадзілі людзі ў прошчу (светлаг., SOr, 39, 356); ’багамолле’ (Нас.). Укр. про́ща ’паломніцтва; адпушчэнне грахоў; надмагільная прамова’, рус. про́ща ’адпушчэнне грахоў, цудоўнае выздараўленне’, ст.-рус. проща ’тс’. Паводле Фасмера (3, 387), узыходзіць да *prostja ад prostъ (гл. просты), першапачаткова ў значэнні ’вольны’, параўн. ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’, у тым ліку ’вольны ад хваробы, грахоў’, чэш. prostiti ’вызваліць’, ст.-рус. простити ’зрабіць здаровым’, укр. прости́ти ’дараваць’, што паўплывала на першасную семантыку слова (гл. ЕСУМ, 4, 606).

Про́шча 2 ’неахайніца’ (Касп.). Этымалагічна ўзыходзіць да просты (гл.), г. зн. ’непрыбраная, недагледжаная жанчына’; да семантыкі параўн. проставалосая ’з непрычасанымі валасамі на галаве’, да фанетыкі ст.-бел. прощъ ’проста, прама’. Параўн. яшчэ прасцяк, прастуха і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кірма́ш ’продаж тавараў у пэўную пару года ў вызначаным месцы’, ’шумнае, ажыўленае зборышча людзей’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Сцяшк., Мал., Грыг., Гарэц., КЭС, лаг.). Ст.-бел. кермашъ ’тс’ (з 1683 г.). З польск. kiermasz ’тс’ (Булыка, Запазыч., 153). Старапольскае значэнне ’свята асвяшчэння касцёла, адпушчэнне грахоў’. Крыніцай польскай лексемы з’яўляецца с.-в.-ням. kirmesse (н.-ням. Kirchmesse) у тым жа значэнні (Слаўскі, 2, 154–155).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)