прывя́занасць, ‑і, ж.
Пачуццё блізкасці, заснаванае на сімпатыі, адданасці каму‑н. Аўгіня, на злосць Васілю, .. дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Колас. Яшчэ мацнейшай станавілася яго прывязанасць да Уладзіка, усё сваё пачуццё Андрыян аддаваў яму. Марціновіч. Любоў да беларускай зямлі, замілаванне і прывязанасць да народа, сярод якога збіральнік [М. Федароўскі] пражыў столькі гадоў, засталіся ў яго душы назаўсёды. Саламевіч. // Цяга, схільнасць да чаго‑н. [Вялічка] бачыў, што ўсе едуць дадому і слова «дом» — гэта для іх усё тое, аб чым ён цяпер сумаваў і чаго не мае, бо там ёсць толькі бацькава магіла і прывязанасць душы і сэрца. Чорны. Прывязанасць да рэалістычна-канкрэтнага праўдападабенства ў паказе жыцця, такім чынам, не дазволіла Багдановічу зразумець усё наватарства ў форме «Адвечнай песні». Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяча́ць, ‑і, ж.
1. Прылада з выразанымі знакамі для адціскання іх (на паперы, сургучы і пад.). Прыёмшчык напісаў на куску паперы, колькі Максімка здаў жыта, прылажыў да паперы пячаць. Чорны. // Адбітак гэтых знакаў, які служыць для сведчання чаго‑н. Тэлеграмы, важныя пакеты, На якіх сургучная пячаць, Свежыя, часопісы, газеты, Я прызначан людзям уручаць. Непачаловіч. Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў.
2. перан. След, адбітак чаго‑н. Спакой халодны, амярцвелы Паклаў на ўсё сваю пячаць, Але жыве старая хата. Колас. Слоўны мастацкі вобраз .. п’ес [Купалы] нясе на сабе пячаць фальклорнай традыцыі. Ярош.
•••
За сямю пячацямі — тое, што і за сямю замкамі (гл. замок).
Налажыць пячаць гл. налажыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распіраць — расперці.
2. Р мн. ‑рак. Брус, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях і збудаваннях для фіксацыі іх у пэўным становішчы. // Тое, чым распіраюць што‑н. і прадухіляюць збліжэнне паміж чым‑н. Праўда, майстры і тут ведалі, што рабіць. У ход ішлі распоркі, клін, кувалда, і дошкі станавіліся на сваё месца. Сапрыка.
3. Разрэз, распорак. На мне быў кароткі кажушок з аблямаванай распоркаю ззаду. Скрыган. Пярэдняя полка з засцежкай (распоркай), якую прыкрываў фартушок, амаль заўсёды рознілася ад іншых арнаментам. «Помнікі». // Разрэзанае, разарванае па шву месца. Шапка была б.. ніштаватая, каб яшчэ да яе казырок і каб не распоркі скрозь па швах. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растрыбушы́ць, ‑бушу, ‑бушыш, ‑бушыць; зак., каго-што.
Разм.
1. Пачысціць, выдаліўшы вантробы (рыбу, птушку і пад.). Растрыбушыць курыцу.
2. перан. Выкінуць, растрэсці ўнутранасці чаго‑н. — Глядзіце, пухам лебядзіным І ганак мой, і двор замецен, — Жанчына скардзіцца. — Падушкі, Пярыну ўсю растрыбушылі. Бялевіч. // перан. Спустошыць, раскідаўшы, расцягнуўшы тое, што знаходзілася ўсярэдзіне. Мы выкочвалі са склепа кубельцы сала, бочкі масла. Усё гэта тут жа разбівалі і раскідалі па дзядзінцы.., растрыбушылі склеп і кінуліся да адрыны. Якімовіч. — [Бандыты] дзверы ў краме ссадзілі, нас туды загналі і растрыбушылі ўсё. Воз наклалі, як гару, ды яшчэ ў мяшкі панапіхалі. Чарнышэвіч. // Растрэсці, разадраць на часткі. [Арыстаў] ухапіў паперы са стала, умомант растрыбушыў іх перад Лакціёнавым. Алешка. Растрыбушылі .. [кураняты] некалькі бульбін і, адбіраючы адно ў аднаго, разнеслі іх. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да рука (у 1 знач.).
2. Частка прадмета, за якую бяруцца рукой пры карыстанні ім. З калідора нехта ўзяўся за ручку дзвярэй. Васілёнак. На куфэрку ручка з медзі, Зверху ручку ўбачыш ледзьве. Дубоўка. // Прыстасаванне ў машынах, апаратах, якое служыць для прывядзення іх у дзеянне шляхам пакручвання рукой. Клімянок пакруціў ручкі прыёмніка. Шыцік.
3. Пісьмовая прылада ў выглядзе палачкі, стрыжня, куды ўстаўляецца пяро. Потым я дастаў з дзедавай шафы чарніліцу, ручку. Бядуля.
•••
Аўтаматычная ручка — тое, што і аўтаручка.
Шарыкавая ручка — аўтаматычная ручка з шарыкам замест пяра для падачы чарнільнай масы.
Дабіць да ручкі гл. дабіць.
Давесці да ручкі гл. давесці.
Дайсці (дабіцца) да ручкі гл. дайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́ба, ‑ы, ж.
Вадзяная пазванковая з непастаяннай тэмпературай цела жывёліна, звычайна пакрыта луской; дыхае жабрамі і мае плаўнікі. Марская рыба. Драпежная рыба. / у знач. зб. І рэчка ёсць. А рыбы, рыбы! Вось дзе, Антось брат, пажыў ты бы! Колас. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць. Лынькоў. // Мяса гэтай жывёліны; ежа, прыгатаваная з яе. Рыба пад марынадам. Заліўная рыба.
•••
Лятучыя рыбы — рыбы, якія выскокваюць з вады і могуць трымацца некаторы час у паветры, ратуючыся ад драпежных рыб.
Біцца як рыба аб лёд гл. біцца.
Ні рыба ні мяса — пра чалавека, які не мае характэрных індывідуальных якасцей; ні тое, ні сёе.
У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.
Як рыба ў вадзе — добра, прывольна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сабе́,
гл. сябе.
сабе́, (без націску), часціца.
Разм. Ужываецца пры дзеясловах або займенніках для падкрэслівання, што дзеянне адбываецца спакойна, незалежна, з задавальненнем. Як сабе хочаш. □ Жывуць сабе камунары Весела, шчасліва. Купала. Узбіўся той пастух на гэтую грэблю дый тупае сабе, прыслухоўваючыся. Мурашка. Цяля вільготнай пысай Траву сабе скубе. Голуб. // З выказваннем дакору. Што ты сабе думаеш?
•••
Не так сабе гл. так.
Так сабе гл. так.
Хай сабе — добра, хай будзе так. Хай сабе смяюцца. □ [Андрэй:] — Ужо мала таго, што.. абед не згатаваны, — ну, хай сабе, скажам так, раўнапраўнасць, але ж і не пагуляе [Таццяна], як даўней. Зарэцкі.
Хоць бы сабе гл. хоць.
Як сабе ні гавары — тое, што і што ні гавары (гл. гаварыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапра́ўднасць, ‑і, ж.
1. Тое, што існуе на самай справе, у жыцці; рэальнае існаванне чаго‑н., рэальнасць. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. Усе нядаўнія падзеі ўсталі перад .. [Саўкам] у сваёй страшнай сапраўднасці. Колас. У апавяданнях Янкі Брыля ўпершыню знайшла шырэйшае эпічнае адлюстраванне заходнебеларуская сапраўднасць. Таўлай.
2. Уласцівасць сапраўднага (у 1 знач.). У старога пачалі ўжо з’яўляцца сумненні ў сапраўднасці запрашэння і вырастаць трывога за Таццяну і Любу. Шамякін. // Аўтэнтычнасць, праўдзівасць. [Лейтэнант] павёў ліхтарыкам, нібы лішні раз хацеў пераканацца ў сапраўднасці дакумента, змешчанай у ім фотакарткі. Лынькоў.
3. Сучаснасць. І гэта было ўсё, што нагадвала пра колішні Грабскі хутар, усё, што звязвала сапраўднасць з мінулым. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сасно́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сасны, уласцівы ёй. Сасновая кара. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва. Колас. Тут [у вёсцы] водар сасновы, здаровы, Ігліцы, жывіцы настой. Бялевіч. // Які здабываецца з сасны. Грудзямі гарачымі зноў я ўдыхаю Пах кветак палёў і сасновай жывіцы. Хведаровіч.
2. Які складаецца з соснаў, парос соснамі. Няма ў ціхае надвор’е лесу болей спакойнага, паважна-ўрачыстага, чым сасновы бор. Навуменка. Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Мележ.
3. Зроблены з сасны. На заставе.. ўздымаюцца вялікія сасновыя зрубы. Брыль. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.
4. у знач. наз. сасно́выя, ‑ых. Тое, што і хваёвыя.
5. Як састаўная частка пазваў раслін, жывёл, птушак. Сасновы шаўкапрад. Сасновая саўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скон, ‑у, м.
Тое, што і скананне. Адна птушка страпянулася, пачала біцца, відаць, была недастрэленая, і паспрабавала ўзляцець перад скопам. Лужанін. Нечувана ж нідзе, каб праваслаўнага чалавека ў час яго скону спавядаў ксёндз. Сабаленка. // Апошні момант чаго‑н., што адбываецца ў часе. І вось ужо чэрвень на сконе, а адпачынку не відаць. Лобан. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба. Пташнікаў.
•••
Да (самага) скону (дзён, гадоў, жыцця) — да (самай) смерці, да апошніх дзён жыцця. Думалася Платону, што так ужо і будзе. Да самага скону. Ракітны. [Лаўрэн] да скону будзе несці .. [сваё каханне] чыстым і запаветным. Вітка. Стаў родным і будзе да скону гадоў мне І воблік яе [Вільні] незабыўны і колер. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)