прыцягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Наблізіцца да чаго‑н. сілаю прыцяжэння, магнетызму. Цвік прыцягнуўся да магніта.

2. Разм. Рухаючыся з цяжкасцю, павольна, прыйсці куды‑н. [Шкірман] трапіў пад Уманню ў акружэнне, але, пераапрануўшыся ў цывільнае, у лагер не трапіў, прыцягнуўся дадому. Навуменка. // Разм. неадабр. Заявіцца куды‑н. без запрашэння, самавольна. — От валацугі, пярун бы іх пабіў! Чаго яны сюды прыцягнуліся, — кляла Міроніха, уваходзячы ў хату. Гурскі. — Нюрка, ухажор прыйшоў! — Нюрка.. высунула галаву з-за печы. — Ну, чаго прыцягнуўся? — запыталася яна, але ў яе голасе не чулася злосці. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супо́льнік, ‑а, м.

1. Таварыш па сумеснай дзейнасці; паплечнік, аднадумец. [Андрэй:] — Якая ў яго душа? Ці будзе .. [Нікадзім] супольнікам і памочнікам у цяжкую часіну? М. Ткачоў. [Рыгор] быў маўклівы і як быццам нелюдзімы, але я адразу адгадаў у ім супольніка па думках. Краўчанка.

2. Саўдзельнік, хаўруснік у якіх‑н. непрыгожых справах, злачынстве. На другім возе .. сядзіць разам з бацькам яго .. прыяцель, супольнік ва ўсіх шкодах, Хведзька. Мележ. [Антон:] — Але навошта ж Вукаты ўтоіў жыта? Сабе? Дык людзі малоцяць, усё ведаюць, нікуды не сплавіш. Ці, можа, яны тут усе супольнікі, у адным хаўрусе? Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Разм. Напружваць мускулы, рабіць фізічныя намаганні. [Бамбала] траціць апошнія сілы, але ўсё-такі пнецца і тужыцца выцягнуць сеці. Скрыган. / у перан. ужыв. А побач другі малы «гейзер», амаль па паверхні, таксама тужыўся парадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі. Караткевіч. // Сканцэнтроўваць увагу, думкі на чым‑н.; старацца прыпомніць што‑н. — Пачакай, як жа хлопчыка звалі, дай божа добрую памяць, — тужылася ўспомніць Хрысціна. Гурскі. Як ні тужыўся Змітрок уразумець, што хацела сказаць жонка ў час іхняй перапалкі, не зразумеў. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., што.

Разм.

1. Ускапаць, узадраць, узламаць паверхню чаго‑н. Свінні ўзвярнулі двор. Вецер узвярнуў страху. // Узараць. Але ж хіба не ён [Станіслаў Пракопавіч] узвярнуў увосень усё Лавацкае поле і той клін пад Гальдорадай, што ад вайны можа ўспорваўся які раз ці два і выганам стаў? Пташнікаў.

2. Узваліць што‑н. цяжкае, грувасткае на верх чаго‑н. Узвярнуць бярвенне на платформу вагона. Узвярнуць паклажу на плечы.

3. перан. Прыпісаць каму‑н. чужую віну, незаслужана абвінаваціць. [Аляксей:] — Невядома, што там у .. [брата з камендантам] было, аб чым яны дамовіліся, але ўсю бяду ўзвярнулі на мяне. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эле́гія, ‑і, ж.

1. Лірычны верш, прасякнуты пачуццём смутку, журбы, роздуму. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас. // У антычнай паэзіі — верш любога зместу, напісаны двухрадкоўямі пэўнай формы.

2. Вакальны ці інструментальны твор сумнага, задуменнага характару. Але вось тая музыка скончылася, пачалі перадаваць нешта новае ў зусім іншым настроі. Стары пачуў, як дыктар сказаў: элегія Маснэ. Кірэенка.

3. перан. Сум, журба, меланхолія. Элегія з прычыны гібелі аднаго [барацьбіта] перарастае ў .. думу аб лёсе ўсіх. Бярозкін.

[Грэч. elegéia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бескампрамі́сны, ‑ая, ‑ае.

Які не прызнае кампрамісаў, не ідзе на кампрамісы. Пісьменнік быў бескампрамісны, калі гаворка ішла аб навуковым разуменні не толькі грамадскіх працэсаў, але і з’яў прыроды. Майхровіч. // Які выключае мажлівасць прымірэння, праходзіць без кампрамісаў. Бескампрамісная класавая барацьба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязво́лле, ‑я, н.

Адсутнасць сілы волі, слабахарактарнасць. Але адных дакораў было мала: адчувалася патрэба паспавядацца перад кім-небудзь, прызнацца ў сваім бязволлі і блазенстве. Колас. [Шэмет:] — Судзяць не Дубалеку, а непаваротлівасць, абыякавасць, разявацтва, бязволле, марудлівасць, невуцтва — вось што судзяць. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакла́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць дакладнага. Дакладнасць часу. Дакладнасць выканання. Дакладнасць звестак. Дакладнасць рухаў.

2. Разм. Дэталь, падрабязнасць. Ці то былі толькі здагадкі, ці то праўда, але пачалі перадавацца з вуснаў у вусны ўсялякія дакладнасці і падрабязнасці справы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вынахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Тое, што і вынаходства (у 2 знач). Хлопец .. [Антон] здольны, добра ведае і любіць хімію. Але ж ад гэтага яшчэ не так блізка да вялікіх вынаходак. Дубоўка. // Выдумка. Дзіцячая вынаходка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Абмяняцца адвітальнымі словамі, поціскам рук і пад. пры расставанні, пры разлуцы; развітацца. Пакуль Алесь увязваў воз, Патапчык адвітаўся і пайшоў наперад. Чарнышэвіч. Дзяўчаты адвіталіся і выйшлі, але Алеська вярнулася назад. Дубоўка. // Адказаць на адвітанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)