пу́та, ‑а, М пуце, н.

1. Вяроўка або ланцуг, якім перавязваюць пярэднія ногі каню ў час пасьбы. Жарабец.. [Зыгмуся] парваў быў раз пута і паўгоняў аўса стравіў. Чорны. [Васіль] з вераўчаным путам у руцэ павёў каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца. Мележ.

2. толькі мн. (пу́ты, ‑аў). Вяроўкі, кандалы і інш., якімі звязваюць каго‑н., каб пазбавіць свабоды рухаў. І вядуць па іх [сцежках] этапы не ў астрог пад путаў звон, а да явы да багатай жыватворчых нашых дзён. Машара. // перан.; звычайна чаго. Тое, што пазбаўляе волі, прыгнятае. Путы рабства. □ Ўжо многія народы путы збілі І ў будучыню ўпэўнена пайшлі. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разва́ліна, ‑ы, ж.

1. звычайна мн. (разва́ліны, ‑лін). Рэшткі разваленай пабудовы альбо групы пабудоў. На муроў граніт, На чорныя разваліны Нямігі Крутымі рэчышчамі вуліц, як прыбой, Плывуць веснавыя крыгі, Далёкі золак несучы з сабой. Танк. Некалькі раненых афіцэраў, цудам уцалеўшых і выкапаных з-пад развалін школы, расказалі аб гераічнай смерці Андрэя. Шамякін. Як героі, то ўпалі, Расстраляныя, ніц, Злеглі ў грудах развалін Сотні сот камяніц. Гілевіч. // Разм. Расстроеная, разбітая машына або механізм. — Малатарня была, што і казаць. Не тое, што гэта разваліна, — у тон .. [Андрэю] адазваўся Костусь. Васілевіч.

2. перан. Разм. Пра старога або разбітага хваробай чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассла́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расслабіць.

2. у знач. прым. Пазбаўлены сілы, аслабелы. Вялым і расслабленым злазіў Алёшка з елкі, на якую так спадзяваўся. Якімовіч. Няхай вецер галаву асвяжыць, адгоніць тое, што, нібы гіпноз, падначальвае, супакойвае і робіць мяккім, расслабленым. Васілевіч. // Які сведчыць пра ўпадак сіл, слабасць. У падпалкоўніка быў расслаблены голас, быццам сп хворы ці дужа змарыўся. Асіпенка. Словы .. [Савіньскага] пераходзяць у нейкі расслаблены, амаль дзіцячы лепет, просьбу, пяшчоту, якая болем адгукаецца ў душы... Брыль. // Вялы, няцвёрды, без напружання мускулаў. Расслабленая поза. □ [Хлопцы] пайшлі прэч — абодва надзіва падобныя і нават хада ў іх была таксама аднолькавая — якаясь расслабленая, віхлястая. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сем, сямі, Т сямю, ліч. кольк.

Лік і лічба «7». Напісаць лічбу 7. Сем у пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 7. Сем вучняў. Сем алоўкаў. □ Сем разоў адмерай, а раз адрэж. Прымаўка. Чорт сем пар лапцей стаптаў, пакуль такую пару дабраў. Прыказка.

•••

Драць сем шкур гл. драць.

За сямю замкамі (пячацямі) гл. замок.

Злупіць (садраць) сем шкур гл. злупіць.

Сагнаць сем патоў гл. сагнаць.

Сем карабоў гл. кораб.

Сем пятніц на тыдні ў каго гл. пятніца.

Спусціць (зняць) сем шкур гл. спусціць.

У адзін дзень сем пераментое, што і сем пятніц на тыдні (гл. пятніца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серп, сярпа, м.

1. Сельскагаспадарчая ручная прылада ў выглядзе вельмі выгнутага дробна назубленага нажа для зрэзвання злакаў з кораня. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. Шасцяць у калоссі сярпы. Купала.

2. Пра тое, што мае форму такога прадмета. З горна ўзяў ён [каваль] прут барвовы І пачаў каваць падкову. Прывялі каня: конь Гнедзіч Серп падковы страціў недзе. Калачынскі. Ідзе ў адпачынак з дарог Серп месяца, вузкі, двурогі. Колас. Вісіць серп залаты над спалоханым борам. Бядуля.

•••

Серп і молат — дзяржаўная эмблема СССР, якая сімвалізуе ўладу працоўных, саюз рабочага класа і сялянства, мірную працу народа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́нкі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Тое, што і сліна. [Марына Архіпаўна:] — Тым часам не ўправішся павярнуцца, як.. [Паўлік] зноў упадзе тварыкам на лахманы, і ажно слінкі цякуць у яго ад салодкага сну. Шамякін. — Я на шпільцы не люблю, — сказала Таццяна, а сама аж слінкі праглынула. Васілёнак. [Казік:] — Я ж бачыў, як гэты стары кот аж слінкі пускаў на свежанінку. Машара.

•••

Слінкі цякуць (пацяклі) — а) пра моцнае жаданне з’есці што‑н. смачнае. Тым часам бабка Ганна ставіла на стол снеданне. Яно было добрае: яешня з рудаватымі падсмажанымі скваркамі, булка і па конаўцы малака... У мяне аж слінкі пацяклі. Сабаленка; б) аб прадчуванні чаго‑н. прывабнага, спакуслівага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сма́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад смажыць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны смажаннем. Смажаны заяц. Смажаная рыба. □ «Вось яна, тая ласіха», — думае Данілка, калі маці стаўляе на стол вялікую патэльню смажанага мяса. Бяганская. На кухні пахла свежым булёнам і смажанай цыбуляй. Няхай.

3. у знач. наз. сма́жанае, ‑ага, н. Тое, што і смажаніна. Маці ў фартуху, у касынцы з такой жа вясёленькай крамніны насіла з кухні ў сталовую і ставіла ў буфет варанае і смажанае. Карпаў. Стол у зальчыку ажно гнуўся ад блюд са смажаным, вараным, печаным, ад бутэлек з півам і віном. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стапта́цца, стопчацца; зак.

Знасіцца, збіцца, скрывіцца, стаць непрыгодным для носкі (пра абутак). У Мінску я адпачыў і набыў сабе новыя шчыблеты, бо старыя стапталіся дарэшты. Бажко. [Партызаны] зноў у дарозе. І ўдзень і ўначы ідзе дробны золкі дождж. Нізка над зямлёй бягуць свінцовыя хмары. Восень. Да ўсяго, вопратка наша парвалася, абутак стаптаўся. Дзенісевіч. // Стаць непрыгодным ад доўгага карыстання (пра тое, па чым ходзяць). Стаптаны дыван. □ Прыступкі ганка раней былі белыя, мармуровыя, ды, відаць, стапталіся: заменены гранітам. «Маладосць». // перан. Пастарэць, аслабець, змарнець. Ляцеў дамоў і дома заўважаў, Што ўжо зусім стапталася бабуля І пастарэў, і занядужаў бацька. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стараве́р, ‑а, м.

Чалавек, які належаў да адной з рэлігійных груп, што не прынялі царкоўных рэформ 17 ст. у Расіі і варожа адносіліся да афіцыйнай праваслаўнай царквы. Хоць .. [пісар] чалавек і малады, — яму толькі дваццаць восем гадоў, — але барада вырасла, як у добрага старавера. Колас. [Лявон:] А чаму стараверы выйгралі [справу па судзе], хоць пазней за бацькавага дзеда ў Барках пасяліліся? Купала. Дзяды дзядоў хадзілі стараверамі, Народы гладзілі чарней ад засланкі. Барадулін. // перан. Чалавек, які прытрымліваецца ўстарэлых звычаяў, прывычак, густаў і пад. Літаратурныя стараверы, эстэтычны густ якіх выхаваўся па папулярным шырспажыве, не зразумеўшы тое новае, што выходзіць з-пад пяра мастака, накідваюцца на яго з абвінавачваннямі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́йла, ‑а, н.

1. Адгароджанае месца для каровы ў хляве або для каня ў канюшні. Цялушка ўпіралася, не хацела пакідаць цёплага стойла ў хляве. Якімовіч. У канюшні было цёмна, як ноччу. [Даніла] трохі пастаяў у варотах, каб вочы прывыклі да цемені, і рушыў да стойла. Капыловіч.

2. Тое, што і стойбішча (у 3 знач.). На паляне, па ўсім відаць, было даўней стойла. Сачанка. Было гэта, калі яны [пастухі] гналі статак на стойла. Гамолка.

3. Спец. Секцыя ў чыгуначныя дэпо, прызначаная для рамонту аднаго паравоза. Калі Петрык з дзедам прыйшлі ў дэпо, Васіль акурат ставіў машыны ў стойла. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)