буксі́р, ‑а, м.
1. Канат або стальны трос, пры дапамозе якога адно судна можа цягнуць за сабой другое або машына машыну. Адзін за адным ішлі кацеры, цягнучы на буксірах гружаныя баржы. Лупсякоў.
2. Судна, прызначанае для перацягвання несамаходных суднаў, плытоў. Запляскалі лопасці буксіра, выпрастаўся, напяўся трос, і пантон стаў паволі адыходзіць ад берага. Мележ. Маленькі буксір падцягнуў карабель да прычала. Шамякін.
•••
Браць на буксір гл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяссо́нніца, ‑ы, ж.
1. Нездаровая адсутнасць сну. Клопікаў часцяком наведваўся ў бальніцу са сваімі раматусамі, бяссонніцамі і іншымі нуднымі старэчымі хваробамі. Лынькоў. // Адсутнасць магчымасці для сну; звязаная з рознымі знешнімі прычынамі. Ад бяссонніцы ўсё яшчэ хіліла спаць, але халодны вецер дапамагаў адганяць сон. Мележ.
2. Жан. да бяссоннік. — Бяссонніца ты мая, — наракае бабуля. Бярэ Лідачку на рукі і садзіцца з ёю на нізкім услончыку. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
затума́нены, ‑эя, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад затуманіць.
2. у знач. прым. Зацягнуты смугой; туманны. Сінь.. [неба] была не яскравая, а затуманеная, малочная. Мележ. // Мутны, з павалокай слёз (пра вочы). [Пятра] з удзячнасцю паглядзеў на Сашу затуманенымі вачамі, не маючы сіл вымавіць слова, прыпаў вуснамі да яе рукі. Шамякін. // перан. Цьмяны, замарочаны (пра свядомасць). Крык Маслянкі пранікаў у затуманеную свядомасць Максіма, але не выклікаў страху. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
махры, ‑роў; адз. махор, ‑хра, м.
1. Свабодна звісаючыя ніткі, шнуркі па краях якой‑н. тканіны. У Івана на шыі новы шалік, шэранькі, а ў Куліны — вялікая кашміровая хустка з махрамі. Гарэцкі.
2. Шматкі, абвіслыя касмылі па краях чаго‑н. Днём яшчэ цёпла, а ночы — волкія, важкія, і ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею. Мележ.
3. Пялёсткі ў махровых кветках.
4. Тонкія адгалінаванні кораня расліны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карма́, ‑ы́, ж.
1. Задняя частка судна, процілеглая носу. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Даніленка. [У лодцы] сядзела трое. На карме — інжынер Сакавітаў з рулявым вяслом у руках. Шамякін. // Пра заднюю частку танка, самалёта. Танк, як ляцеў, раптам з разгону асеў на адзін бок, падкінуўшы карму. Мележ.
2. Тое, што і куль 3. Нарэшце і карма, гэты вялізны мяшок-сетка, схавалася пад лёдам. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
е́дкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які раз’ядае, разбурае што‑н. хімічна. Едкая шчолач. Едкая фарба. // Які выклікае моцнае фізічнае раздражненне. Едкі дым. □ Трэба даць уціхнуць зморы ў руках,.. адпачыць целу ад едкага поту. Мележ.
2. перан. З’едлівы, колкі. Едкі сарказм. □ І смех тут быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. / Пра чалавека. — Вот ты едкая, Параска. Нашто табе мяне калоць гэтым пасагам? Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.
1. Затрымацца дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася; запазніцца. — Мо цягнік запазніўся, — падумаў Марцін. — Іначай чаго б яна забавілася. Мележ. [Удзельнікі нарады] сабраліся хутка, толькі недзе забавіўся дырэктар. Дуброўскі.
2. Зацягнуць, прамарудзіць з чым‑н., не зрабіць чаго‑н. у час. — Калі там, у Беларусі, усе гэтакія малайцы, дык яны, нябось, не забавяцца з будаўніцтвам свайго трактарнага. Кулакоўскі.
3. Зак. да забаўляцца (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
1. Надаць большую цвёрдасць і моц шляхам награвання да высокай тэмпературы, а затым хуткага ахаладжэння. Загартаваць сякеру. □ Натачы, кавалёк, Вострым-востра сярпок, Адпусці, назубі, загартуй. Купала.
2. перан. Зрабіць стойкім, вынослівым, здольным пераадольваць цяжкасці. Не зламала Аўдолю гора, толькі загартавала больш, прывучыла на сябе, на сваю сілу і рукі спадзявацца. Крапіва. Суровая прырода загартавала моцную натуру. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напатка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Ідучы, едучы, сустрэцца з кім‑н., трапіцца каму‑н. насустрач. Не паспелі .. [Лабановіч з Турсевічам] адысціся і ста крокаў ад школы, як напаткаўся памочнік пісара. Колас. На вуліцы хлопцу напаткаліся дзяўчаты, што весела і заўзята, перабіваючы адна адну, гаманілі. Мележ.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сустрэцца, трапіцца пры чытанні, у рабоце і пад. Напаткаліся цікавыя мясціны ў кнізе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ната́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Кароткі запіс аб чым‑н. Да гэтую справу Сцёпка глядзеў сур’ёзна. Чытаючы, рабіў сякія-такія нататкі, выпіскі. Колас. [Люба] дастане запісную кніжку і спешна пачала чытаць карандашныя нататкі. Гартны. // Кароткае пісьмовае або друкаванае паведамленне; артыкул. Сонцаў перапісаў некалькі радкоў з газетнай нататкі. Мележ. [Шуст:] — Я чытаў, выступаў на сходах, пісаў нататкі для насеннай і гарадской газет. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)