па́дкі, ‑ая, ‑ае.
Вельмі ахвочы, цікаўны да каго‑, чаго‑н. Сам бацька быў руплівы і падкі да работы. Якімовіч. Я — заўсёды ціка[ўн]ы і падкі да грамадскіх тэм і навін — сяджу, прыслухваюся. Таўлай. Падкія да сенсацый газеты распісалі да апошніх дробязей усе трагічныя падзеі на пірсе. Лынькоў. — Цікава, цікава, — адразу загарэўся Леў Іванавіч, падкі на ўсякія нечаканыя і пікантныя здарэнні. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паказны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які павінен быць прыкладам, узорам чаго‑н. Паказная стральба.
2. Які разлічаны на знешні эфект, на знешняе ўражанне. [Сціпласць] у Гаварушкі ад пачатку да канца фальшывая, паказная. Бугаёў. Куды дзелася ўся .. паказная ветлівасць [Коха], уся яго гатоўнасць весці спакойную гутарку. Лынькоў. // Які не адпавядае сапраўднасці, прытворны. Паказная радасць. □ Горды сваім сынам і пасадай,.. [Колінг] аглядаў субяседніка з паказным раўнадушшам. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паліня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Страціць сваю першапачатковую афарбоўку; выцвісці. Пасціраліся і абцёрліся вуглы ў гармоні, .. палінялі залочаныя мяхі. Лынькоў. Гляджу на леташнія здымкі, Што крышку палінялі без пары. Грахоўскі. // перан. Разм. Страціць выразнасць, яркасць. Палінялі зоркія вочы сялянкі, якая з маленства ўглядаецца ў бязмежжа палявых прастораў. Грахоўскі.
2. Скінуць ці змяніць у пэўныя перыяды сваё верхняе покрыва (пра жывёл, птушак).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
Непераадольны жах і разгубленасць, якія авалодалі чалавекам або мноствам людзей. Трапляліся асобныя людзі, якія страцілі ад страху ўсякі розум, якія кідаліся ў паніцы проста ў зубы ворагу. Лынькоў. // Перапалох, сумятня, выкліканыя гэтым жахам. У сяле трашчалі выстралы і матацыклы, мітусіліся, бегаючы ўзад і ўперад, салдаты і паліцаі.. Паніка ў варожым стане была ў поўным разгары. Якімовіч.
[Ад грэч. panikos — раптоўны, моцны — пра страх, да якога, паводле міфічных паданняў, даводзіў людзей бог Пан.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што і без дап.
Прыводзіць у парадак каго‑, што‑н.; наводзіць парадак дзе‑н., у чым‑н. Маці з урачыстым выглядам парадкавала на стале талеркі і відэльцы. Карпаў. Качагар.. быў на тэндэры, парадкаваў там вугаль. Лынькоў. Антосю таксама хапала працы. Пакуль зямля падсыхала, ён тупаў каля хаты, парадкаваў у хляве і гумне. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парапе́т, ‑а, М ‑пеце, м.
1. Невысокая сцяна, агароджа ўздоўж моста, набярэжнай і пад. Першы мост цераз Марачанку — праз два кварталы. Гнілы ўжо, учарнелы. Андрэй прыпыніўся на ім, за парапет зірнуў. Лобан. І, як вокам кінуць, утульны пясчаны бераг ад гранітнага парапета прыбярэжнай вуліцы да самага пеністага прыбою быў запознены людзьмі. Лынькоў.
2. Уст. Вал, насып у цытадэлях, крэпасцях для аховы ад ворага.
[Іт. parapetto.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́раснік, ‑у, м.
Маладыя парасткі дрэў або іншых раслін. А сёлета шчодрыя жнівеньскія ліўні дружна пагналі ў рост малады параснік. Беразняк. // Малады лес; зараснік. З маладога парасніку неўзаметку ўздымаецца добры лес. Лужанін. З празрыстай дымкі праступаў малады бярозавы параснік. Лынькоў. Валько .. сказаў, што мы ствараем, у адпаведнасці з Пастановаю ЦК, спецыяльную брыгаду, якая будзе вызваляць землі ад парасніку і паляпшаць сенажаці. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патру́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да патруля. Патрульная служба. Патрульны абход. // Які выконвае абавязкі патруля, знаходзіцца ў патрулі. Патрульны самалёт. Патрульны салдат. □ Непадалёк, за эстакадай прайшло ваеннае патрульнае судна берагавой аховы. Лынькоў. // у знач. наз. патру́льны, ‑ага, м. Пра чалавека. З жыта выйшаў патрульны: — Адкуль? — У мяне ён пытае, — З Мінска... Куляшоў. Па насыпе прайшла паволі група патрульных. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачэ́знуць, ‑чэзну, ‑чэзнеш, ‑чэзне; пр. пачэз, ‑ла; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Памарнець, павянуць — пра ўсё, многае. Зусім пачэзлі выгодаўскія палоскі, што на ўзгорках паміж бору. Лынькоў. // Згубіць здароўе, знясілець — пра ўсіх, многіх.
2. Чэзнуць некаторы час. Зваліцца з ног, небарака, перакінуць яго [зняволенага] ў асобны катух, пачэзне там з тыдзень, ды і аддасць богу душу. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашча́сціць, ‑ціць; безас. зак., каму і без дап.
Тое, што і пашчаслівіць. Невядома, колькі зняволеных прарвалася ў горы, але можа хоць каму-небудзь пашчасціць. Быкаў. — Затое пасля шторму, ведаеш, колькі каменьчыкаў на бераг выкіне. Можа, нават пару агатаў пашчасціць знайсці, — гаворыць Андрэйка. Бяганская. Яму, цяжка параненаму, пашчасціла ў вулічнай сумятні .. выбрацца з машыны, нырнуць у людскі натоўп і ўцячы. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)