плю́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Упасці з шумам у ваду або іншую вадкасць; шлёпнуцца. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну. Якімовіч. Потым штосьці цяжкае плюхнулася ў ваду, і ўсё сціхла... Ваданосаў. // Грузна сесці на што‑н. — Паехалі! — крыкнуў генерал і плюхнуўся на сядзенне. Асіпенка. Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла. Шамякін.

2. Скалыхнуцца з пляскам (пра ваду і інш. вадкасці) ад удару і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пляска́цца 1, пляшчуся, плешчашся, плешчацца; незак.

1. Рухаючыся, удараючыся аб што‑н., рабіць шум, пляск (пра вадкасць). Вакол урачыстая цішыня і спакой. Павольна плешчацца аб каменне вада. С. Александровіч.

2. Рухаючыся ў вадзе, рабіць шум, пляск; плюхацца. Рыбы пляскаліся, падскокваючы над вадою. «Маладосць». // Абліваць сябе або адзін аднаго вадой. Да ракі, да чыстае затокі Бег асілак лёгка перад ёй [Марынай], І вадой пляскаліся, як дзеці. Бялевіч.

пляска́цца 2, плешчацца; незак.

Зал. да пляскаць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папру́га, ‑і, ДМ ‑рузе, ж.

1. Раменны пояс або наогул пояс. На ім кучомка, верх зялёны, Кажух кароценькі, чырвоны. А стан шырокая папруга Сціскае спрытна, лоўка, туга. Колас. Том Блейн паправіў папругу на камбінезоне і асцярожна адчыніў дзверы ў кабінет. Гамолка.

2. Частка збруі для ўмацавання сядла, падсядзёлка на спіне каня. Шэмет злез з сядла, аслабіў папругу і пусціў каня папасвіцца. Лобан. Ашмо[ткі] пены маталіся на конскіх храпах, на сядзельных папругах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рабак, ‑бка; мн. парабкі, ‑оў і парабкі, ‑аў; м.

Наёмны сельскагаспадарчы рабочы ў памешчыцкай або кулацкай гаспадарцы. Зямля навокал была ўрадлівая.. Парабкоў тут было многа, бо фальваркі і маёнткі былі багатыя. Чорны. Было ў пана сямёра парабкоў, адзін аднаго прыгажэй і здатней. Лынькоў. Гнаў канвой парабкоў, — тупат ног за акном. Пан хадзіў па пакоі, чарнейшы ад хмары. Куляшоў. У хаце туліліся дзве сям’і парабкаў, але і іх не было, — паехалі араць на поле. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

1. Пакрыць або насыціць фарбай ці іншым фарбавальным рэчывам. [Зыбін:] — Пабялілі наш дом, сам бачыў. Падлогу пафарбуюць, — тыдзень, другі і, калі ласка: уваходзь, гаспадыня!.. Мележ. [Гэлька] адрэзала метровай даўжыні кавалак палатна, пафарбавала пад колер летняга ранішняга неба. Сташэўскі.

2. Надаць чаму‑н. які‑н. колер. Пафарбавала восень пазалотай Над возерам заспаныя лясы. Астрэйка. Сорам пафарбаваў у чырвонае Любіны шчокі. Мурашка. За вокнамі ўжо чырвоным заравам пафарбавала сонца небакрай. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паэ́ма, ‑ы, ж.

1. Вялікі вершаваны твор з апавядальным або лірычным сюжэтам. Лірычная паэма. □ У першапачатковы варыянт паэмы «Сцяг брыгады» была ўключана невялікая песня-легенда пра музыку-цымбаліста. Гіст. бел. сав. літ.

2. перан. Пра што‑н. прыгожае, велічнае, незвычайнае. Нашы дні — паэмы-былі, Сказ нідзе нячуты. Колас. Сама ты, радзіма, жывая паэма. Глебка.

3. Музычны твор свабоднай формы з лірычным зместам. У канцэртах аркестра гучалі ўсе сімфоніі Чайкоўскага, яго ўверцюры, паэмы. «Беларусь».

[Грэч. póiēma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́рга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

1. Выражэнне незадавальнення, нараканне з прычыны якіх‑н. непрыемнасцей, болю і пад. Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі. Якімовіч. У лірычных вершах паэтэсы [Цёткі], а таксама ў яе пісьмах чуюцца скаргі на цяжкія пакуты, якія ёй прыносіла хвароба. Шкраба.

2. Афіцыйная заява аб незаконным або няправільным дзеянні якой‑н. асобы, установы, арганізацыі. Касацыйная скарга. □ Старая Марцініха пісала скаргу на свайго сына. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і скляплю, склеплеш, склепле; зак., што.

1. Злучыць, змацаваць пры дапамозе кляпання. Трэснула тая дуга якраз пасярэдзіне, ды так, што ніяк яе не склеіш і не скляпаеш. Жычка. Цяпер скажу: тады назвалі былі мяне ў маёнтак дзеля таго, каб я скляпаў разарваны сабачы ланцуг і прымацаваў яго да будкі. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Сабраць, стварыць (гаспадарку або калектыў). [Тамаш:] — Я от усё пра алейню думаю, няўжо мы яе не скляпаем?.. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрабо́к, ‑бка, м.

1. Вострая лапатка для саскрэбвання чаго‑н. Скрабок для снегу. □ У горадзе штодзень на тратуарах Вішчаць, скрыгочуць раніцай скрабкі. Тармола. Сотні мужчын, жанчын.., узброеныя рыдлёўкамі і спецыяльна зробленымі ў кузні скрабкамі, капалі і зграбалі вільготны іл. Паслядовіч.

2. Вялікі туфель з вострым краем для чэрпання грунту або якога‑н. сыпкага матэрыялу. Скрабок аўтапагрузчыка. □ Праз паўтары-дзве мінуты бункер напоўніўся, электраматор змоўк, і зноў нерухома застылі скрабкі, замерла саляная гурба. Чаркасаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыжава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак.

1. што. Скласці што‑н. крыжам, крыж-накрыж. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі па грудзях. Мележ. Мікешка сеў на лямцавую пасцілку — кашму з каляровымі ўзорамі, скрыжаваў падкурчаныя ногі. Беразняк.

2. каго-што. Зрабіць скрыжаванне жывёлін або раслін для атрымання новай пароды, новага віду ці гатунку. Скрыжаваць антонаўку з дзікай яблыняй.

•••

Скрыжаваць мячы (шпагі) — пачаць паядынак, бой, спрэчку.

Скрыжаваць позіркі — паглядзець адзін аднаму ў вочы, выказваючы супярэчлівае пачуццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)