стварэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. стварыць.
2. Тое, што створана кім‑н.; твор літаратуры, мастацтва. Я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем [скрыпкай]. Кулакоўскі. Мне здаецца, што ў нас ёсць усе падставы іменна такім чынам, прачытаць сягоння геніяльнае стварэнне Шэкспіра. Лужанін.
3. з азначэннем. Жывая істота — чалавек, жывёліна. [Ніна:] — Здаецца, няма нічога прыгажэй і мілей за гэтае малое, харошае стварэнне, — прыціснула яна да сябе, цалуючы, Люду... Васілевіч. Птушка — стварэнне кволае, догляду асаблівага патрабуе. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сузіра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не цікавіцца тым, што яго акружае; бяздзейны, пасіўны. [Селянін] — не пасіўная, сузіральная асоба і далёка не абыякава ўспрымае ўсё тое, што пасылае яму лёс. Навуменка. // Уласцівы такому чалавеку. Сузіральныя адносіны да рэчаіснасці. // Звязаны з працэсам сузірання (у 1 знач.). Пісьменнік паступова падымаецца ад сузіральнага чалавекалюбства «Сястры» да гуманізму актыўнага. Адамовіч.
2. Схільны да сузірання (у 2 знач.). Сузіральная натура. // Уласцівы такому чалавеку. Тут прыемна пасядзець, адпачыць у духмяным цяньку, падумаць аб мінулым, настроіцца на сузіральны лад. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тае́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Скрыты, невядомы, непрыкметны для іншых. Таемнае жаданне. □ А цёплымі вечарамі ля Ручайкі [назва рэчкі] шмат таемных мясцін для закаханых. Марціновіч.
2. Загадкавы, невядомы, акружаны тайнаю. Ніяк не мог зразумець .. [Міколка], што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзі, якой баіцца маці. Лынькоў.
3. Які сведчыць пра наяўнасць якой‑н. тайны. На твары .. [Кастуся] ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка. Чорны. Сяргей паслухаўся гэтага таемнага голасу, азірнуўся. Тое, што ён убачыў, яго вельмі здзівіла. На просецы мільгалі агеньчыкі: адзін, другі, трэці... Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.
1. Збіраючыся купіць што‑н., прыцэньвацца, дамаўляцца аб цане. Калі ж япрукі жывыя, то іх трэба яшчэ важыць, таргаваць і разоў дваццаць пляснуць далонню аб далонь прадаўца. Колас. Бывалы яшчэ здалёк убачыў высокага, статнага Нічыпаровіча, які азартна таргаваў нешта ў спекулянта. Новікаў.
2. Разм. Тое, што і гандляваць. [Шэя:] — У .. [сваякоў] вялікі магазін — ботамі таргуюць. Гартны.
3. перан. Зневаж. Рабіць прадметам гандлю (пра людзей, іх пачуцці і пад.). Таргаваць сумленнем. □ І ён [Даніла] сцярогся таго зброду, Якім не цяжка таргаваць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тка́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Група аднародных, звязаных паміж сабой клетак, якія выконваюць у арганізме адну і тую ж функцыю. Тлушчавая тканка. Мышачная тканка.
2. Тое, што і тканіна (у 2 знач.). Паэт.., клапоцячыся пра зладжанасць і зграбнасць свайго твора нават у прыватнасцях, скараціў нямала пейзажных уставак, калі яны штучна разрывалі жывую тканку апавядання. Бугаёў.
•••
Злучальная тканка — тканка жывёльнага арганізма (сухажылле, звязкі і пад.), якая змяшчае вялікую колькасць міжклетачнага рэчыва і выконвае апорную, пажыўную і ахоўную функцыю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тылавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да тылу (у 2–4 знач.). Тылавы раён. □ Для бітвы за Беларусь адлівалі танкавую браню на Урале, рабілі самалёты ў далёкіх тылавых гарадах, вучылі нястомна тысячы салдат. Мележ. На дапамогу тылавым ахоўным часцям былі кінуты лепшыя кадравыя дывізіі з танкамі. Шамякін. // Які знаходзіцца ў тыле (у 2 знач.). І тут, у тылавым шпіталі,.. [Дзям’яна] адразу ўсе заўважылі. Лупсякоў.
2. Тое, што і тыльны (у 1 знач.). З тылавога боку да лазні шчыльна падступаюцца густыя альховыя кусты. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тырча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Разм. Тое, што і тарчаць. То там, то сям высока ў небе тырчалі трубы фабрык і заводаў. Колас. На лесвіцы нікога не было. Толькі ў шчыліне дзвярэй тырчала нейкая блакітная паперка. Арабей. Падышла царэўна да рыцара і ўбачыла на яго руцэ свой залаты пярсцёнак, а з кішэні ражок бацькавай хустачкі тырчыць... Якімовіч. Нікому не хацелася тырчаць на вуліцы, калі тут будзе рабіцца сапраўдны цуд, калі будзе рыхтавацца выбух, які пачуюць ажно ў самім Берліне. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увекаве́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго-што. Зрабіць навекі памятным, захаваць у памяці нашчадкаў. Увекавечыць памяць герояў. Увекавечыць падзеі ў творах мастацтва. □ Як мне выказаць шчыра Падзяку табе, Як аддзячыць за тое, Што ў момант суровы Для Купалы Прытулак знайшоў ты ў сябе І што ты ўвекавечыў Купалава слова? Аўрамчык.
2. што. Захаваць назаўсёды, навечна; садзейнічаць даўгавечнасці чаго‑н. [Нарыновіч:] — За мяжою, там які-небудзь Ракфелер ці Форд добра ведае, кім павінен быць яго пераемнік .. Выхоўвае ўласную падмену, каб увекавечыць сваю дынастыю. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
універсітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.
1. Вышэйшая навучальная і навуковая ўстанова з асобнымі аддзяленнямі (факультэтамі) па розных гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных навуках. Рэктар універсітэта. □ [Сцёпка:] — Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва універсітэт. Колас. // Будынак, дзе знаходзіцца гэта ўстанова. // перан. Тое, што дае вопыт, веды без навучальнай установы. [У Лукішках] .. [М. Танк] праходзіў той жыццёвы універсітэт, у якім адбывалася апошняя загартоўка сапраўдных рэвалюцыянераў. Бугаёў.
2. Назва навучальных устаноў па павышэнню агульнаадукацыйных і навукова-палітычных ведаў. Вячэрні універсітэт марксізма-ленінізма. □ [Сакратар партбюро:] — З калгаса прыслалі пісьмо. Універсітэт культуры адкрываюць. Просяць лектара. Марціновіч.
[Ад лац. universitas — сукупнасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хруста́ль, ‑ю, м.
1. Шкло высокай якасці, якое мае асобы бляск і здольнасць моцна праламляць святло. Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Шамякін.
2. Вырабы з такога шкла. Сервант запоўнены фарфорам, хрусталём. / у вобразным ужыв. Ёсць хараство і ў гэтых зімах, І ў мёртва-белых тых кілімах, Што віснуць-ззяюць хрусталямі Над занямелымі лясамі. Колас.
3. Тое, што і горны хрусталь. Пацеркі з хрусталю.
•••
Горны хрусталь — празрыстая бясколерная разнавіднасць кварцу, якая выкарыстоўваецца для аптычных і ювелірных вырабаў.
[Ад грэч. krýstallos — крышталь.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)