спатка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Трапіцца каму‑н. насустрач; сысціся з кім‑н., рухаючыся з розных бакоў. Бабка борздзенька павярнулася і ў дзвярах спаткалася з Чэсем. Колас. Па дарозе жнеі спаткаліся з незнаёмай. Гурскі. Праз некалькі дзён .. [Усця] выпадкова спаткалася з Васілём насупраць сельсавецкага двара. Кулакоўскі. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Але глянь, Марселіна, нашы рукі спаткаліся зноў. Гэта ж праўда, што больш я ніколі не страчу цябе? Кірэенка. // Паглядзець адзін другому ў вочы, абмяняцца поглядамі. Гаворачы, [Кастусь] зірнуў на дзяўчат і на момант спаткаўся поглядам з Аксанінымі вачыма. Галавач. Нашы позіркі спаткаліся, і Зіна ўсміхнулася. Грамовіч. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці. Больш праўдзіва выступае непрыстасаванасць героя да фізічнай працы, з якой ён спаткаўся на лесапільні. Хромчанка.
2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; убачыцца з кім‑н. У нядзелю .. [Лёдзя і Юрка], як і было ўмоўлена, спаткаліся ля ўваходу ў Палац культуры будаўнікоў. Карпаў. Радасна, прыемна спаткацца, пагутарыць з дружнымі і вясёлымі жыхарамі Заполля. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́цькаўскі, ‑ая, ‑ае, н.
1. Які належыць бацьку. Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца. Купала. // Уласцівы бацьку. Паглядзіць на свайго сына Сцяпан, і напоўняцца яго вочы вялікай бацькаўскай радасцю. Кулакоўскі. // Набыты, спраўлены бацькам. [Ганцы] было вельмі прыемна выводзіць з аглабель за повад уласнага бацькаўскага каня. Чорны.
2. Звязаны з бацькаўшчынай, радзімай. Клічуць дарогі ў бясконцыя далі... Самы ты вольны, край бацькаўскі наш! Кірэенка. На ім [гербе] — каронай залатой — Спляліся спелыя калоссі Бязмежных бацькаўскіх раўнін. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́няць, выму, вымеш, выме; зак., што.
1. Дастаць адкуль‑н., з чаго‑н. Выняць газеты з паштовай скрынкі. □ Маладзіца выняла з печы чыгунок і паставіла на стол. Мележ. [Пячнік] спрытна пастукаў малатком па сценцы.., выняў адну цагліну, другую і пашоргаў у дымаходзе тоўстым дротам. Даніленка. // Выставіць што‑н. устаўленае. Выняць дубэльты з вокнаў. // Выцягнуць, выслабаніць што‑н. Выняць нагу са стрэмя.
2. Спец. Вычарпаць (зямлю, грунт) каўшом. Выняць грунт з катлавана.
•••
Выняць душу — а) давесці да смерці; б) маральна замучыць, знясіліць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да выйсці (у 1–5, 7, 8 і 10 знач.).
2. Быць накіраваным у які‑н. бок. Вокны малога пакоя выходзілі на кірмашовы пляц. Чорны.
3. з чаго. Грунтавацца на чым‑н. Выходзіць з меркавання.
4. у знач. пабочн. Значыць, як вынікае. Але ж, выходзіць, пра .. [схованкі] ведаў і нехта трэці. Якімовіч. — Муруеш, выходзіць? — хмура перапытваў.. [брыгадзір]. — Ну, то муруй, муруй... Вышынскі.
•••
З галавы (з памяці, з думак) не выходзіць — пастаянна думаць пра што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канта́кт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Сутыкненне, непасрэдная блізкасць па месцу знаходжання. Заразіцца пры кантакце з хворым. // перан. Цесная ўзаемная сувязь, узгодненасць у дзеяннях; узаемаразуменне. Устанавіць кантакт. □ Кантакт спявачкі з залай ўзнікае адразу, з першага слова песні, і мацнее з кожным тактам. В. Вольскі.
2. Судакрананне двух праваднікоў, дзякуючы якому ток з аднаго правадніка пераходзіць у другі, а таксама месца гэтага судакранання. Механік ўключыў электрапаяльнік, Алёша пачаў чысціць наждачнай паперай кантакты шчотак. Шамякін. // Прыстасаванне, якое забяспечвае падобнае судакрананне. Паправіць папсаваны кантакт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Сагнаць, прагнаць адкуль‑н. усіх, многіх. [Талаш:] — Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі. Колас.
2. Сагнаць з паверхні ўсё, многае. Завея пазганяла снег з дарог. □ Дзень назаўтра быў сонечны. Вецер нібы знарок пазганяў хмары з неба. Паслядовіч. // перан. Знішчыць. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені. Колас.
3. Сагнаць, прымусіць сысціся ў адно месца ўсіх, многіх. Гітлераўцы пазганялі людзей, каб паказаць ім адзін з сваіх прапагандысцкіх фільмаў пра «перамогі» над савецкімі войскамі. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распасцёрты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распасцерці.
2. у знач. прым. Шырока разведзены ў бакі. Раптам адзін з .. [невядомых] кінуўся да яго з радасна распасцёртымі рукамі: — Васіль Іванавіч! Родненькі! Лынькоў. Нездарма распасцёртыя крыл[ы].. [альбатросаў] маюць два з палавінай метры ўшыркі. Маўр. // З раскінутымі рукамі або нагамі (часцей пра ляжачага). Даша не азвалася. Яна ляжала нерухома, шырока раскінуўшы [апухлыя] ногі. Было балюча глядзець на яе, распасцёртую, бездапаможную. Асіпенка. І канец. І.. [леў] ляжыць, горды, распасцёрты, крутабокі і грывасты. Караткевіч.
•••
З распасцёртымі абдымкамі гл. абдымкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фізіяно́мія, ‑і, ж.
1. Твар чалавека. Наташа ўбачыла, як з Шуставай фізіяноміі спаўзла ўсякая фанабэрыстасць. Шчарбатаў. [Чыбук:] — А як.. [жонка] з сябе? Ну, з фізіяноміі, з цела? [Дзяцел:] — Нічога. Спраўная. Мележ. // Выраз твару, грымаса. Потым Максім сустрэў Пуцыну год з пяць назад. У таго была кіслая фізіяномія, нібы ён праглынуў якога слімака. Дзятлаў. // Разм. Чалавек, асоба. У хату ўвайшлі тры заспаныя фізіяноміі.
2. перан. Індывідуальны знешні выгляд каго‑, чаго‑н., чые‑н. адметныя рысы. [Буднік:] — Сацыяльная міміка ў такіх людзей багатая, а фізіяноміі няма. Галавач.
[Фр. phisionomie.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вярэ́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Абл. Сплецены з бяросты кошык з накрыўкай. Стары Лявон устаў, ускінуў на плечы вярэньку і падыбаў да лесу. Чарот. Пад вечар.. на вялікі брукаваны двор казармы.. увайшоў невысокі дзядок з берасцянай вярэнькаю за плячыма. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́нак, ‑нка, м.
Прыбудова перад уваходам у дом у выглядзе пляцоўкі з прыступкамі. Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінах і ўзышоў на ганак. Колас. Ёсць і ганак. Ён зроблены з дошак у тры прыступкі і як бы прыстаўлены да сцяны, к дзвярам. Пестрак.
[Польск. ganek з ням.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)