сядо́к, седака, м.
1. Коннік, верхавы. Грымнуў стрэл, і было ясна відаць, як сядок .. паляцеў потырч. Навуменка. Конік ішоў лёгка і жвава, хоць сядок быў яўна не па ім. Кулакоўскі. Конь асеў разам з седаком. Грахоўскі. // Пра матацыкліста, веласіпедыста. Некалькі матацыклістаў спрабавала раптоўна збочыць. Каляскі апісвалі ў паветры круты віраж і куляліся на брук разам з седакамі. Беразняк.
2. Той, хто едзе ў якой‑н. павозцы, санях, карэце (часам наймаючы вазака). Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі .. і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца. Караткевіч. Па дарозе ў Мінск і з Мінска камісіянеры бралі пасажыраў, або — як яны самі называлі — седакоў. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
туды́, прысл.
У той бок, у тое месца; проціл. сюды. Вунь там, каля тых дубоў, і Просцінка. Цімох накіраваўся туды. Колас. Бягун выхапіў з кішэні наган, стрэліў у каноплі і ў той жа момант рынуўся туды сам. Кулакоўскі. [Вера] пайшла туды, дзе грыміраваліся дзяўчаты. Асіпенка.
•••
(І) туды і сюды — а) у той і ў другі бок; б) па-рознаму; і так і гэтак.
Ні туды ні сюды — ні ў які бок; ні з месца.
То туды, то сюды — то ў адзін, то ў другі бок; узад і ўперад; у розныя бакі.
Туды і дарога каму-чаму гл. дарога.
Туды і назад — у абодва канцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тытунёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тытуню. Тытунёвы ліст. □ Кудзін адчыніў кабіну, з якой патыхнула сухім цяплом, пахам саляркі і тытунёвага дыму. Радкевіч. Сухі і казытлівы тытунёвы пыл лезе ў рот. Паўлаў. // Атрыманы з тытуню. Тытунёвае масла. // Звязаны з вырошчваннем, апрацоўкай і продажам тытуню. Тытунёвая фабрыка. Тытунёвы ларок. □ Палікарпаўна ўжо даўно тытунёвую расаду павеяла. Кулакоўскі. Арцём пайшоў шукаць шчасця на новых землях, тытунёвых плантацыях. Самуйлёнак.
2. Зеленавата-карычневы; колеру тытуню. [Лізагуб] гаварыў і ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угадзі́ць, угаджу, угодзіш, угодзіць; зак.
1. каму. Дагадзіць каму‑н., зрабіўшы што‑н. прыемнае, патрэбнае, жаданае. — Куды ты спяшаешся, сынок? — занепакоілася маці. — Можа, чым табе не ўгадзіла? Грахоўскі.
2. Разм. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Потым аціраўся [здраднік] у Чыжэвічах ля царквы, пры нейкім складзе быў, нарэшце ж, за крадзеж угадзіў у турму. Кулакоўскі.
3. Разм. Кідаючы або ўдараючы чым‑н., папасці ў каго‑, што‑н. — Цаляў у галаву, а ўгадзіў у плячо. І я, пэўна, крыкнуў ад болю. Ракітны. [Пан Булыга] хацеў заехаць Валодзіку па нагах кульбаю, але з гарачкі не пацэліў і ўгадзіў пані Авяліне. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узабра́цца, узбяруся, узбярэшся, узбярэцца; узбяромся, узберацеся; зак.
Намагаючыся, узысці, падняцца на што‑н., узлезці куды‑н., на верх чаго‑н.; ускарабкацца. Хто б ні прыехаў у горад, ён абавязкова ўзбярэцца на вал — адсюль відаць большая частка горада. Хадкевіч. Вось і дно яра, вось і яго правы адхон. Узабрацца на гэты адхон, і — адразу лес. Курто. Машына Сяргея ўзабралася на цвёрдую камяністую градку. Весялей запрацавалі колы. Астрэйка. / у перан. ужыв. Бывала, як выйдзе [Патапавіч] з хаты на досвітку, не снедаўшы, дык сонейка на поўдзень узбярэцца, пакуль прыйдзе. Кулакоўскі. // Абвіваючыся вакол чаго‑н., узняцца (пра расліны). І на сцяну Ужо ўзабраўся дзікі хмель. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урадлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўрадлівасцю (у 1 знач.). Зямля тут [у Суханах] была ўрадлівая, але, як амаль і ўсюды на Беларусі, цяжкая і працаёмкая. Машара. На спрадвечнай багне, ператворанай рукамі людзей ва ўрадлівыя палі, густою сцяною паднялося жыта. Шахавец. Кірыла ішоў берагам Дняпра па знаёмай дарозе і не пазнаваў некалі ўрадлівых палёў. Гурскі.
2. Тое, што і ураджайны (у 2 знач.). Урадлівы год. □ Па дарозе трапляліся такія ўрадлівыя кусты чарніц, што каб хаця на хвіліну нагнуцца, то поўныя былі б і рот і прыгаршчы. Кулакоўскі. Яшчэ нядаўна гарэлі яркай пазалотай урадлівыя мачужыцкія сады, а сёння яны скінулі апошняе лісце. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарту́х, ‑а, м.
1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.
2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.
[Ням. Vortuch.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фунда́мент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.
1. ‑а. Падмурак, аснова (з бетону, каменю і пад.), што служаць апорай якіх‑н. збудаванняў, машын і пад. Цяпер дзяўчаты бяруць з гары пясок для фундаментаў тых дамоў, у якіх яны будуць жыць. Кулакоўскі. Праўда, год з дваццаць назад, пасля вайны, перасыпаў яе Арцём, даў пад вокны пару новых вянкоў, падклаў фундамент, і стаіць сабе хата, як новая. Дзятлаў.
2. ‑у; перан. Галоўнае, істотнае; тое, што ляжыць у аснове чаго‑н.; база. Фундамент эканомікі складаюць асноўныя вытворчыя фонды народнай гаспадаркі. «Звязда». Дыялектыка-матэрыялістычнае разуменне гісторыі з’яўляецца філасофскім фундаментам навуковага камунізма. Лушчыцкі.
•••
Закласці фундамент гл. закласці.
[Лац. fundamentum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цягу́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які здольны расцягвацца, падаўжацца, не абрываючыся, не ломячыся. Цягучая рызіна.
2. Густы, клёпкі, ліпкі. У дзежках брага з хмелем, Цягучы мёд з вулля. Калачынскі.
3. перан. Працяглы, запаволены, марудлівы. Песні былі ягадныя, старадаўнія, доўгіядоўгія і цягучыя-цягучыя... Сачанка.
4. перан. Стамляюча доўгі, аднастайны. Мокры цягучы дзень нарэшце схіліўся к вечару. Кулакоўскі.
5. перан. Тое, што і цягавіты. [Марцін] паехаў на будаўніцтва і працаваў там чатыры месяцы. Працаваў так, што аж сам здзівіўся, які ён цягучы і дужы. Чарнышэвіч. Капаем мы [акоп], капаем удвух. Абодва цягучыя. І выкапалі мы ўжо метры два ў глыбіню. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чува́ць, у форме інф., у знач. вык.
1. Можна чуць. Добра чуваць быў натужны шум матора. Мележ. Цішыня ў скверы, акрамя птушыных галасоў, нічога не чуваць. Кулакоўскі.
2. Разм. Ёсць звесткі пра каго‑, што‑н. [Я. Сегень:] — Нічога пра .. [сына Нахлябіча] нідзе не чуваць. Чорны. — Як там, скажыце, — пажылы невялікі чалавек паказваецца з гумна і, згортваючы вяроўку, падыходзіць да нас, — як там, вы ж лепш ведаеце палітыку гэну, з вайною, скажыце, нічога не чуваць? Скрыган.
3. Адчуваць, адчувацца; успрымацца. У хаце чуваць дым ад махоркі. Відаць пасля, як ён цягнецца адразу ў печ у чалеснік. Пташнікаў. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)