парасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце, ‑растуць; пр. парос, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Расці, павялічвацца ў росце некаторы час.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павырастаць, вырасці. [Марыля:] — Прыняла б я цябе, Амелька, ды сыны не захочуць. Вялікія ўжо хлопцы параслі. Лобан. / Аб раслінах, пладах. Побач з хвоямі параслі кучаравыя бярозкі. Шамякін. У пояс верасы тут параслі, А сосны цесна паспляталі рукі. Свірка.

3. чым. Пакрыцца расліннасцю, зарасці, пазарастаць. Партызанскія акопы Параслі травой, Ягаднікам, верасамі, Хвояй маладой. Танк. Для засады гэта была даволі зручная мясціна: тут крутыя [абочыны] густа параслі арэшнікам і ельнікам. М. Ткачоў. // Абрасці (валасамі). У Меера адна шчака была паголена да сінявы, а другая густа парасла чорным каракулем. Карпюк.

•••

Парасці быллём — тое, што і зарасці быллём (гл. зарасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для пераходу куды‑н. Пераходны тунель. Пераходны люк.

2. Які з’яўляецца пераходам ад аднаго стану да другога; прамежкавы. Пераходны перыяд. Пераходныя гаворкі. □ Гэта была пераходная пара года: яшчэ не дыхаў зазімак, але і сівец, што кусціўся пад дубам, не паспеў пацямнець ад дажджоў. Даніленка. [Раіса] была ў тым пераходным узросце, калі забываюцца дзіцячыя гульні, калі дзяўчына лічыць сябе ўжо дарослай і баіцца, што цікавасць да малодшых будзе вытлумачана як уласная нясталасць. Шамякін.

3. Які перадаецца, пераходзіць ад аднаго да другога. Пераходны чырвоны сцяг. Пераходны вымпел.

4. Які пераходзіць, пераносіцца на наступны год. Пераходныя сумы. Пераходныя фонды. Пераходная тэма.

5. У граматыцы — якому ўласціва пераходнасць і які патрабуе пасля сябе дапаўнення ў вінавальным склоне без прыназоўніка (пра дзеяслоў). Пераходныя і непераходныя дзеясловы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сне́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да снегу; які з’яўляецца снегам. Снежныя гурбы. Снежныя хмары. □ Дзе-нідзе трэсне ад марозу галінка, сарвецца снежны ком з яловай лапы, і зноў усё ціха, ціха. Лынькоў. Лес, пакрыты снежнай коўдрай, стаяў маўклівы, задумлівы... Шамякін. З галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Шыцік. // Зроблены з снегу, у снезе, на снезе. Снежны домік. Снежная нара. Снежная дарога.

2. Багаты на снег. Снежная зіма. □ Успамінаюцца марозныя, снежныя ночы, цёплая печ і цягучы голас бабулінай песні. Брыль. Другая палова лютага 1929 года была сцюдзёнай і снежнай. Машара.

3. Пакрыты снегам. Снежнае поле. Снежныя горы. □ Снежная паляна, Снег блішчыць ў імгле. Бядуля.

4. Падобны на снег (колерам, выглядам). Снежнае палатно. Снежныя зубы. □ Снежная белізна была такой яркай, што ажно балюча стала вачам. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даве́р’е, ‑я, н.

Пераконанасць у чыёй‑н. шчырасці, чэснасці, добрасумленнасці і заснаваныя на іх адносіны да каго‑, чаго‑н. Карыстацца давер’ем. Заслужыць давер’е. Страціць давер’е. Апраўдаць давер’е. □ Так была наладжана сувязь з калгасам, і гэтай сувязі [Цімох] стараўся не губляць, наадварот, ён яшчэ болей замацоўваў яе, заваёўваючы давер’е з боку асобных калгаснікаў. Колас.

•••

Увайсці (уцерціся) у давер’е гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вэ́люм, ‑у, м.

Кавалак тонкай празрыстай тканіны, прымацаваны да вянка або жаночага капелюша; з’яўляецца часткай жаночага шлюбнага (белы) або жалобнага (чорны) убору. Нявеста была як нявеста: у беласнежным вэлюме, з вянком, з букецікам белых красак на грудзях. Лынькоў. / у перан. ужыв. Два дні неба над пасёлкам было зацягнута хмарамі. Яны ахуталі шэрым вэлюмам вяршаліны гор. Бяганская.

[Іт. velo ад лац. velum — заслона.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Адабраны з ліку іншых як лепшы; першагатунковы, выдатны. Адборнае насенне. □ Хата была прасторная і пабудаваная з адборнага матэрыялу. Колас. Атрад налічваў каля двухсот адборных малайцоў. Брыль. Па дарозе Ілью Кавальчуку трапляліся фурманкі і аўтамашыны, нагружаныя адборнай сухой бульбай. Паслядовіч.

2. Вельмі грубы, непрыстойны. Жанчына сыпала паліцаям у твар самыя адборныя, самыя моцныя праклёны. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атла́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае ўласцівасці атласу. Атласнае перапляценне. □ А ліст на дрэвах, як атласны, Гамонку радасную меў... Гурло. // Зроблены з атласу. На.. [Ядвісі] была чырвоная атласная кофтачка, якая вельмі ішла да яе смуглага твару. Колас. У сваім атласным квяцістым плацці.. [Маня] здавалася на возе скопам яркіх летніх красак. Васілевіч.

а́тласны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да атласа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каляро́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць каляровага (у 1 знач.); рознакаляровасць. Над рачулкай стаялі голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сіняватага, чацвёртая чырванаватага. І гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялікае багацце і мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачамі. Чорны.

2. Наяўнасці, таго або іншага колеру ў чым‑н. Шкала каляровасці вады. Каляровасць вады. Каляровасць прамянёў сонца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пакрыўся лёдам, ператварыўся ў лёд. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі. Дуброўскі. Зледзянелая, выслізганая палазамі дарога была перамецена толькі ў некалькіх месцах. М. Стральцоў.

2. Халодны, як лёд; адубелы. Зледзянелыя рукі. □ Слёзы цяклі па твары, мяшаліся са снегам, здаваліся гарачымі на зледзянелых ад холаду шчоках. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зні́шчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Згубным уздзеяннем спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Знішчыць ваўкоў. □ На зямлі сваёй ворага знішчу, як гадзюку, яго растапчу. Астрэйка. // Ліквідаваць. Знішчыць прыгнёт. □ Была тады ўжо ў вёсцы думка — зусім знішчыць межы і вузкія палоскі. Чорны. [Лабановіча] займала адна думка: як знішчыць даклад, каб не папаў ён у рукі паліцыі? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)