старо́ства, ‑а, н.
Гіст.
1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.
2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стацыяна́р, ‑а, м.
1. Установа пастаяннага тыпу. Бібліятэка-стацыянар. □ І ніхто не заўважыў, дзе частка [фільма] скончылася і пайшла ўжо другая. Стацыянар! А ў ім — свае, дыпламаваныя кінамеханікі. Ракітны. // Бальніца (у адрозненне ад паліклінікі). [Лукаш:] — Дайце вы яму [Юрасю] якія-небудзь таблеткі. Або ў стацыянар кладзіце... Савіцкі. На нямое запытанне Вішнёвай дакторка адказала: — Сур’ёзнага няма. Але трэба пакласці ў стацыянар... Грамовіч. // Разм. Дзённае аддзяленне ў ВНУ (у адрозненне ад вячэрняга і завочнага). Вучыцца і Вадзімка, але ён на стацыянары. Праз колькі год кончыць і будзе аграномам. Сабаленка. Увесь час вучобы паэтэсы [Цёткі] ў Львоўскім універсітэце — гэта гісторыя змагання за тое, каб быць паўнапраўнай студэнткай стацыянара. «Полымя».
2. Спец. Нерухомы фундамент якой‑н. машыны, збудавання. Дызель устаноўлен на стацыянары.
[Ад лац. stationarius — нерухомы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́мкі, ‑ая, ‑ае.
1. Круты, абрывісты. Заходні бераг — высокі і стромкі — быў вельмі выгадны для абароны. Мележ. У мяне, здаецца, моцна калацілася сэрца, калі я падымаўся па стромкай чыгуннай лесвіцы некуды пад самы дах. Асіпенка. / у перан. ужыв. Пішы заметкі, карэспандэнцыі, надрукуй нават нарыс — ты прайшоў яшчэ не ўсё, стромкіх і цяжкіх вяршынь ты яшчэ не дасягнуў. Навуменка.
2. Роўны і высокі. На агромністай пасецы-плешыне, акружанай магутнай сцяной старога лесу, выступалі з травы вялізныя пні старадрэвін,.. сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Колас. З канца вуліцы, за ракою, дзе адкрываецца шырокі прастор палёў, як вялікі куст стогадовых ліп, абнесены жываплотам з ялін і стромкіх таполяў, відзён быў той самы хутар Тамарын. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́ча 1, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і сустрэча. Сцяжына песні, вядзеш куды ты Шырокім полем, высокім жытам? Якую стрэчу за небакраем, Якую радасць ты абяцаеш?.. Танк. Калі нас куля праміне, Мы адсвяткуем нашу стрэчу. Астрэйка. Васіль быў таксама, вельмі ўражаны гэтай нечаканай стрэчай: яму стала горача, у роце адразу зрабілася суха; рукі выпусцілі лейцы. Савіцкі.
стрэ́ча 2, ‑ы, ж.
У выразах: у першай стрэчы (абл.) — дваюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у другой стрэчы (абл.) — траюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у трэцяй стрэчы (абл.) — пра далёкае сваяцтва. Хлопцы смяюцца: — Што ты, цётка Марфа. Старшыня сельсавета ў двары. Ён цябе ў турму ўпячэ. — Алеська? Не ўпячэ. Я яму цётка. Хоць у трэцяй стрэчы, але цётка. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сугу́чча, ‑а, н.
1. Адначасовае спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні.
2. Спец. Паўтарэнне ў вершы падобных галосных гукаў, а таксама падобнае гучанне канцоў радкоў у ім; рыфма. Для фіксацыі .. [карціны] трэба слова. І яно не прыходзіць само, чакае рытмічнага штуршка, удалага сугучча, асновы, на якую наніжуцца радкі. Лужанін. Вядома, само па сабе абнаўленне рыфмы за кошт шырокага ўжывання прыблізных сугуччаў узбагачала фармальныя, выяўленчыя магчымасці верша. Бугаёў.
3. Унутраная адпаведнасці адзінства. У .. старанна адшліфаваных вершах не адчуваецца «павеву духу жывога», усе яны прыгожыя, але халодныя. І ў гэтай рысе мы зноў сустракаемся з сугуччам талентаў аўтара і перакладчыка. Бярозкін. / Пра колеры, фарбы. Што ж датычыць каляровага сугучча, то гэтае пачуццё моцна развіта ва ўсіх паляшучак. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супы́нак, ‑нку, м.
1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні; часовае спыненне чаго‑н. [Джулія], відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі. Быкаў. Вось і вёска Русічы. Тут будзе супынак. Дубоўка.
2. Месца, дзе спыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Яшчэ ў цягніку [Васілінка] надумалася сысці на гэтым супынку, хоць добра ведала, што трэба да тых хутароў вёрст пяць дыбаць праз лес. Ус. Ты нямнога са мной пабыла, Не ўсплыла нават поўня, як глобус, На супынак маўкліва пайшла, Дзе спыніўся ружовы аўтобус. Ляпёшкін.
•••
Без супынку — не спыняючыся; бесперапынна. [Юрка] зрабіў гэта [практыкаванне] разоў шэсць без супынку. Ракітны. Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сухапу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які праходзіць па сушы, размешчаны на ёй. — Служыў я і на сухапуцці, — адказвае Буханцаў. — Усё роўна граніца. Ці сухапутная, ці марская, яна павінна ахоўвацца з усёй пільнасцю. Хадкевіч. Пазней беларускія купцы накіроўваліся ў заходнееўрапейскія краіны ўжо сухапутным шляхам праз Нольшчу і Германію. Жураўскі.
2. Які жыве або расце на сушы. Чайкі лямантавалі, скардзіліся на нахабнае парушэнне сухапутнай птушкай іхніх марскіх межаў. Караткевіч. // Разм. Пра людзей, што жывуць і працуюць на сушы. — Канец, відаць, ці яшчэ мо паходзім? — без ценю панікі ў голасе пытаецца з-за аеру наш сухапутны энтузіяст [Юрка]. Брыль.
3. Які адбываецца на сушы. Сухапутны паход. // Які дзейнічае на сушы, перамяшчаецца па сушы. Сухапутныя войскі. Сухапутны транспарт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.
1. Вялікі стог сена, саломы або снапоў збожжа і пад., прызначаны для захавання пад адкрытым небам. Непадалёку ад кароўніка ўзвышаліся вялізныя сцірты сена — запасы на зіму. Паслядовіч. Сцірты саломы, падобныя на высокія пясчаныя курганы, адзначалі месцы палявых такоў. Хадкевіч. [Жанчыны] падышлі да льняной сцірты і пачалі памалу брацца за работу. Гроднеў. [Стары Юстынь] уклаў у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу. Чарнышэвіч.
2. Куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін. Жаўцеюць высокія сцірты дошак, брусся, апілаваных плашчакоў. Бялевіч. Сцірты сухой цэглы былі складзены на груд[зе] перад вёскай. Чорны. На дрывотніку ляжала сцірта толькі што наколаных дроў. Хведаровіч.
3. Складзены ў штабялі тавар. Гарэлі побач сцірты мяшкоў са збожжам на адкрытай платформе. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцяг, ‑а; мн. сцягі, ‑оў; м.
1. Умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы і афарбоўкі з надпісамі, упрыгожаннямі і пад., якое служыць эмблемай дзяржавы, арганізацыі ці вайсковай часці, злучэння, карабля. Калоны за калонамі Пад сцягамі чырвонымі Ідуць, як хвалі рэк. Колас. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго! Нібы з іскры гарачай, з таго сцяга — Прабітага — па ўсіх зямных абсягах Забушавала полымя сцягоў. Панчанка.
2. перан.; чаго. Ідэя, якая служыць асновай адзінства дзеянняў якой‑н. групы, арганізацыі; светапогляд, праграма. Пад сцягам міру. Пад сцягам свабоды. □ Хай сцягам служыць слава. Дзяліць паміж сабой Яе не маюць права Ні бог і ні герой! Непачаловіч.
•••
Падняць (узняць) сцяг гл. падняць.
Трымаць высока сцяг гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
счапі́ць, счаплю, счэпіш, счапіць; зак., каго-што.
1. Змацаваць, прычапіўшы адно да другога, зачапіўшы адно за другое. Счапіць вагоны. □ Кузёмка .. успамінаў мінулы год, калі ён з Міколкам пераворваў гэты вялікі палетак, баранаваў і потым засяваў, счапіўшы ў адзін агрэгат тры сеялкі. Хадкевіч. // Разм. Злучыць, сплятаючы (пальцы, рукі). Счапіўшы рукі ля грудзей гаротна, Яны глядзяць на золата імён. А ў сэрцы ў кожнай — боль па блізкіх, родных, Якім другія дзесь нясуць паклон. Гілевіч.
2. Разм. Адчапіць. Яна рванула вуду да сябе. У паветры мільганула рыбка. Анеля счапіла яе з кручка і кінула ў вядзерца. Лупсякоў.
3. Разм. Прышыць на скорую руку. — Трэба зашыць, — добразычліва вырашыла цётка Антося. — Данка, прынясі чорных нітак, счаплю кавалеру! Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)