лама́чча, ‑а, н., зб.
1. Абламаныя часткі дрэў (галлё, сучча), якія валяюцца ў лесе. Лес быў чысты, без ламачча. Быкаў. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Пташнікаў.
2. Ламаныя або прыгодныя толькі для перапрацоўкі прадметы. На папялішчы — груды асмалкаў, вуголле, жалезнае ламачча ад нейкіх машын. М. Ткачоў. // перан. Разм. Непатрэбныя рэчы. [Бабуля:] — Ты, як тая сарока, — усё, што блішчыць, сабе ў гняздо цягнеш. І так поўная хата ўсялякага ламачча. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лама́чына, ‑ы, ж.
1. Абломак дрэва (сук, кавалак нятоўстага ствала, корч і пад.). Паціху ступалі [камсамольцы], каб не шлёпаць па вадзе і каб не паганіць як аб ламачыну босай нагі. Галавач. // Палка. Чалавек хапіў з-пад ног ламачыну, махануў навокал сябе, сабакі адскочылі. Чорны.
2. Разм. Старая або сапсаваная, непрыгодная рэч. — Ламачына, а не малатарня. Ды к таму і прывод няспраўны, — злосна буркнуў Бабейка. Хадкевіч. // перан. Нязграбны, няздатны (пра чалавека, жывёлу, звычайна старых).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
машта́б, ‑у, м.
1. Велічыня, якая паказвае, у колькі разоў адлегласць на чарцяжы (плане, карце) менш або больш адлегласці ў натуры. Вася выказваў радасць, што яго работай зацікавіўся Коля, і зрабіў падрабязнае апісанне ўсіх частак ветра-рухавіка, прыклаўшы да апісання нават чарцяжы — з маштабамі, лічбамі. Якімовіч.
2. перан. Размах, значэнне. [Санкоўскі] быў важак маштабу калі не завода, то цэха на заводзе. Пестрак. [Буйскі] вяртаецца назад, у нямецкі тыл, разведчыкам буйнога маштабу, разведчыкам з надзвычайнымі заданнямі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́сіва, ‑а, н.
Разм.
1. Густая або вадкаватая маса, ліпкая сумесь з чаго‑н. У круглай яме топчацца двое коней, месячы гліну. Усё ідзе ў гэта месіва — і салома з.. стрэх, і пацяруха ўсякая, і кастрыца... Брыль. // Глыбокая ліпкая гразь на дарозе. А дарога — месіва веснавой гразі, якая ўжо не замярзала і ўначы. Мікуліч.
2. Тое, што і мешаніна (у 1 знач.). У празрыстай лёгкай сіняве загойдалася чорнае месіва — дым з пылам. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзевя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Лічба 9. Напісаць прыгожа дзевятку. // Разм. Назва розных прадметаў (круга ў мішэні, тралейбуса маршруту № 9 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 9. Трапіць у дзевятку. Прыехаць дзевяткай.
2. Разм. Група з дзевяці чалавек або з дзевяці аднародных прадметаў. Строем, важка, як на парадзе, дзевяткамі плылі самалёты. Алешка.
3. Ігральная карта з дзевяццю ачкамі. — Добрыя карты! — шапнуў Зязюльскі, глянуўшы на званковую дзевятку і на храстовага караля. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзеясло́ў, ‑лова, м.
Часціна мовы, якая абазначае дзеянне або стан прадмета і змяняецца ў часе, асобах і ліках.
•••
Аднакратны дзеяслоў — дзеяслоў, які абазначае аднакратнае дзеянне.
Безасабовыя дзеясловы — дзеясловы, якія ўжываюцца толькі ў неазначальнай форме і ў 3 ас. адз. л.
Неазначальная форма дзеяслова гл. форма.
Няправільны дзеяслоў — а) дзеяслоў, які змяняецца адпаведна непрадуктыўнаму тыпу; б) тое, што і рознаспрагальны дзеяслоў.
Рознаспрагальны дзеяслоў — дзеяслоў, які ўтварае адну частку форм па першаму, а другую — па другому спражэнню.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карабе́ль, ‑бля, м.
Вялікае марское судна. Ваенны карабель. Акіянскі карабель. Служыць на караблі матросам. □ Па разгойдан[ым] бурлів[ым] моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае яснае сонца. Зарэцкі.
•••
Карабель-спадарожнік — касмічны карабель, выведзены на арбіту спадарожніка Зямлі.
Касмічны карабель — лятальны апарат, прызначаны для палёту чалавека ў космас.
Лінейны карабель — вялікі, добра ўзброены ваенны карабель, прызначаны для правядзення буйных аперацый; лінкор.
Паветраны карабель — дырыжабль або цяжкі самалёт.
Спаліць свае караблі гл. спаліць.
[Ад грэч. kárabos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кару́нкі, ‑аў; адз. няма.
Ажурныя, сятчастыя вырабы з ільняных, шаўковых і інш. нітак для аздобы бялізны, адзення і пад. Рукавы абрамлялі танюсенькія карункі. Машара. На развітанне .. Кася падаравала .. тоненькую насовачку, аздобленую карункамі. Васілевіч. // перан.; чаго або якія. Тое, што сваім выглядам нагадвае такі выраб. А мора ўжо ўгаманілася, толькі на прыбярэжнай кручы ды на мокрым жвіры пляжа віднеліся белыя карункі пены. Сабаленка. Сонца .. паклала на палаючыя вокны двухпавярховага драўлянага дома свае мядзяныя карункі. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ката́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Ездзіць на чым‑н., у чым‑н. дзеля прагулку забавы або для практыкавання. Катацца на каньках. Катацца на санках. Катацца вярхом. □ Назаўтра Коля ўсю раніцу катаўся па кватэры, а калі на дарозе траплялася мама, ён моцна званіў і крычаў: — Сцеражыся! Веласіпед! Арабей.
2. Разм. Шмат разоў, часта ездзіць куды‑н.; раз’язджаць. Зноў катаецца .. [Бразгоўка] за кааператыўны кошт па тых жа пакручастых сцежках-дарожках, толькі ў другім ужо раёне. Вірня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дымарфі́зм, ‑у, м.
1. Наяўнасць у аднаго і таго ж віду жывёл дзвюх розных форм, напрыклад, адрозненне самцоў і самак (палавы дымарфізм), адрозненне ў афарбоўцы адных і тых жа жывёл у розную пару года (сезонны дымарфізм).
2. Наяўнасць у аднаго віду раслін дзвюх форм або наяўнасць у адной расліны якога‑н. органа дваякай формы (напрыклад, рознай формы мужчынскіх і жаночых суквеццяў у кукурузы).
3. Уласцівасць некаторых рэчываў існаваць у дзвюх розных крышталічных формах.
[Ад грэч. di(s) — двойчы і morphē — форма.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)