сусве́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сусвету (у 1 знач.). Сусветная прастора.

2. Які мае адносіны да зямнога шэра; ахоплівае зямны шар, усе народы зямлі. Сусветная вайна. Сусветны рынак. Сусветная цывілізацыя. □ Загрымелі воплескі, пачуліся выгукі: «Няхай жыве сусветная рэвалюцыя!» Гурскі. Тут [у Афрыцы] сканцэнтравана 40 працэнтаў усіх сусветных гідраэнергетычных рэсурсаў. Філімонаў. // Які мае адносіны да розных краін свету. Сусветны кангрэс барацьбітоў за мір. □ На адной з сусветных выставак канца мінулага стагоддзя дэманстраваўся «Дом будучага». «Маладосць». // Які мае значэнне для людзей усяго свету; вядомы ўсяму свету, праслаўлены. Не кожны можа пахваліцца, што слухаў лекцыі і здаваў экзамены па фізіялогіі вучонаму з сусветным імем — Паўлаву. «Беларусь».

•••

Сусветная сістэма сацыялізма гл. сістэма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суцяшэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцяшаць — суцешыць і стан паводле знач. дзеясл. суцяшацца — суцешыцца. Гаварыць у суцяшэнне. Выслухаць словы суцяшэння. □ Я сама шукала суцяшэння. Караткевіч. // звычайна мн. (суцяшэ́нні, ‑яў). Угаворы, спачувальныя словы. Я рад за вас быў. Я вам [таварышам] не зайздросціў. І вы суцяшэннямі не абражалі мяне. Панчанка. Ды ўжо суцяшэнні Сяргею не трэба, — адчуў ён сэрцам, Адчуў, што канец непазбежны, што піша хвароба прысуд. Жычка.

2. Тое, што суцяшае, дае супакаенне, палёгку. Аддаліліся ўсе тыя, з кім некалі спрачаўся, сварыўся, даводзіў сваё. Цяпер поўная яснасць і поўны спакой. Але ў гэтым мала суцяшэння. Шамякін.

3. перан. Занятак, прадмет, які прыносіць здавальненне, радасць. Кнігі — маё суцяшэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счапі́цца, счаплю́ся, счэ́пішся, счэ́піцца; зак.

1. чым і без дап. Змацавацца, злучыцца пры зачэпліванні, прычэпліванні. Шасцярні счапіліся. // Выпадкова зачапіцца адзін за аднаго. Лапы елак счапіліся адна з адною. // Разм. Злучыцца, сплёўшыся (пра рукі, пальцы). Пальцы счапіліся — не разнімеш.

2. перан. Злучыцца ў адно цэлае, увайсці ва ўзаемасувязь.

3. Разм. Схапіцца ў бойцы. [Андрэй] счапіўся з .. [наглядчыкамі] і біў іх рукамі і нагамі, раскідваў, як мядзведзь. Машара. // Пачаць сварыцца, лаяцца з кім‑н. [Картыжова] тут усе любяць. І таварыскі, і харошы. І робіць добра, і настырны, не пабаіцца нават з начальствам счапіцца. Чыгрынаў. Аўтобус яшчэ стаяў ля ганка, і з яго даляталі два моцныя галасы: шафёр і кантралёр счапіліся ў сварцы... Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́-та, часціца.

Разм.

1. Ужываецца ў простай мове для пацвярджэння чаго‑н., якога‑н. заключэння. [Нічыпар:] — Ды і перад кім я хвалюся? Атаманавіч што — чужы? [Маці:] — Ды не чужы, не чужы. — То-та. А я і перад чужым не змоўчу. Паўлаў. [Васіль:] — І Міканор — «справядлівы» такі, перарабіць не мог! Маладзец сярод авец, а з Карчом не справіўся!.. Нічога, [я]шчэ можа справяцца, унь як за кулакоў узяліся! То-та дрыжыць стары хітрун! Толькі цяпер — не выкруціцца! Мележ.

2. Ужываецца з далучэннем часціны «ж» для выказвання перасцярогі. пагрозы. То-та ж, глядзі! □ — Што ты, дзеду, ды я ж снайпер, Маху не даю. — То-та ж, браце. Помні, знай жа Дабрату маю! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траге́дыя, ‑і, ж.

1. Драматычны твор, у аснове якога ляжыць непрымірымы жыццёвы канфлікт, сутыкненне характараў і пад., што часцей за ўсё канчаецца смерцю героя. Трагедыі У. Шэкспіра. Трагедыя А. С. Пушкіна. // Пастаноўка на сцэне такога твора. Ставіць трагедыю.

2. Жудасная, страшная падзея; няшчасце. Тужлівую песню спяваў бор, сведка шматлікіх падзей, людскога шчасця і чалавечых трагедый. Гурскі. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. // Перажыванне, безвыходнае становішча, якое прыносіць цяжкія пакуты. Купала бачыў сацыяльную трагедыю працоўнага сялянства ў тым, што яно пазбаўлена самага галоўнага — жыццёвай асновы, зямлі. Івашын. [Раечка:] — У гэтым жа і ўся трагедыя, што я скора не здолею працаваць. Лобан.

•••

Рабіць трагедыю з чаго гл. рабіць.

[Грэч. tragōdia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траха́, прысл.

Разм. Чуць, амаль. Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень яго быў гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы. Чорны. Затое мы самі назвалі пастку лаўком, гэты лавок нагадваў цыліндр даўжынёю не болей за метр, а дыяметрам траха меней паўметра. Масарэнка.

•••

Траха не... — чуць не, амаль не. Дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка. Чарнышэвіч.

Траха што — амаль што. Ды траха што і ўсе выкладчыкі мелі дачыненне да друку — былі аўтарамі першых беларускіх падручнікаў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тры, трох, тром, трыма, (аб) трох, ліч. кольк.

1. Лік і лічба 3. Напісаць лічбу тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 3. Тры кніжкі. Тры дарогі. □ Садок быў, праўда, невялічкі: Дзве верабіны ды тры дзічкі. Колас.

2. Тое, што і тройка (у 2 знач.).

•••

Бачыць на тры аршыны (на тры сажні) пад зямлёю гл. бачыць.

Гнуцца ў тры пагібелі гл. гнуцца.

Гнуць у тры пагібелі гл. гнуць.

Да трох не гавары каму гл. гаварыць.

Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.

За тры крокі ад каго-чаго гл. крок.

Злупіць тры скуры гл. злупіць.

Тры чвэрці да смерці гл. чвэрць.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы гл. уткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тума́ннасць, ‑і, ж.

1. Густы туман ​1 (у 1 знач.).

2. У астраноміі — вялікая колькасць зорак у адным месцы, якія знаходзяцца далёка ад зямлі і маюць выгляд туманных светлых плям. Галактычная туманнасць. // Пэўная фаза ў развіцці астранамічнага цела, якое знаходзіцца ў газападобным стане. Адсюль можна вывучаць зоркі-гіганты, зоркі-караблікі, нават далёкія газавыя туманнасці. Гамолка.

3. Уласцівасць туманнага (у 2–4 знач.). Верш гэты адпавядаў настроям маладых настаўнікаў і захапляў іх сваёю рамантычнаю туманнасцю. Колас. Але гэтая няяснасць, туманнасць доказаў якраз і трывожылі Апейку больш за ўсё. Мележ.

•••

Планетарныя туманнасці — вялікая колькасць разрэджанага галактычнага газу ў форме круглага або авальнага дыска з зоркай вельмі высокай тэмпературы ў цэнтры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; незак.

1. Праяўляць клопат, трывожыцца аб кім‑, чым‑н. Круглатварая, кірпаносая, з бялявым тварам, ветлівая і вясёлая,.. [Аўдуля] заўсёды турбавалася аб Міхалу. Лупсякоў. — Работы? Шукай, брат, сам. Сам турбуйся аб сабе, — спакойна адказаў Варановіч. Дуброўскі. «За азімыя можна не турбавацца, — разважае Анатоль. — Цяпер на чарзе новыя клопаты: сяўба яравых». Шымук.

2. Хвалявацца, непакоіцца. — Значыць, турбуешся, куды пайсці вучыцца? — гаворыць дзядзька Ахрэм і знімае з Тараскавай галавы папяровую шапку. Юрэвіч. Такім чынам Грамабой і сам ведаў, што яму рабіць: — яшчэ да сямейнай нарады цішком пераказаў некаторым з радні — няхай не турбуюцца, вяселля заўтра не будзе. Крапіва. Справа амаль скончылася, думалася, што турбавацца, уласна, і не было чаго. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Схіліць, падбіць па бунт, паўстанне. Узбунтаваць войска. Узбунтаваць натоўп. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагонаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.

2. перан. Прывесці ў стан непакою, трывогі; узбударажыць, усхваляваць. Узбунтаваць пачуцці. Узбунтаваць душу. □ Міхалавы словы так узбунтавалі Комліка, што ён больш не валодаў сабой. Карпаў.

3. Узняць хвалі, прывесці ў рух (звычайна пра ваду). Засмяяўшыся, .. [Люда] палажыла вядро на свой адбітак у вадзе. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася. Брыль. // Узлахмаціць (валасы і пад.). Волька шпарка правяла далонню па яго [Кузёмкі] валасах, узбунтавала іх і, задзірыста засмяяўшыся, знікла за веснічкамі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)