цы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. на каго. Спыняць каго‑н. вокрыкам «цыц», «ц-с-с», прыкрыкваць, забараняючы рабіць што‑н. — Ціха ты! Дзяцей перапужаеш! — цыкае на.. [Алеся] Варвара. Васілевіч. Нават калі бабка часам патурала ўнуччыным капрызам, [дзед] цыкаў на яе як за вялікую і вельмі важную правінку. Сабаленка.
2. Пляваць, сплёўваць праз зубы. [Клемусь] курыў звыклыя камсамольскія «пушкі» і цыкаў слінаю праз зубы ў качаргі. Чорны. Курцы смалілі махорку і цыкалі слінай пасярод хаты. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́ля, ‑і, ж.
1. Кожная з дзвюх сіметрычных, замацаваных на падстаўцы або навешаных на восі частак вагаў у выглядзе талерак, на адной з якіх кладзецца груз для ўзважвання, на другой — гіры.
2. толькі мн. (ша́лі, ‑яў). Вагі, якія складаюцца з такіх частак. [Зусь] насыпаў мукі і, зважыўшы яе на шалях, сказаў мне: — Глядзі, які пуд, яшчэ з паходам. Сабаленка. О, дзе знайсці такія шалі, Якія ўзважвалі б і сілы І ўраз задачы вырашалі... Лойка.
[Ням. Schale з польск.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпо́каць, ‑ае; незак.
Разм. Падаючы, стукаючыся аб што‑н., утвараць кароткі глухі гук. І жалуды, што ападалі з дубоў, часта шпокалі на дол — гэта таксама запомнілася Лугавому. Даніленка. Бывала, калі ўсе [залатыя яблыкі] зараз паспеюць І шпокаць, спелыя, пачнуць на грады — Звон залаты стаіць на ўсю краіну. Сіпакоў. Тут-там абрываліся і гулка шпокалі па лапушыстай лістоце арэшніку кроплі расы. Калодзежны. // Разрывацца (пра кулі). Нават чуваць было, як шпокалі аб зямлю разрыўныя кулі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчамі́цца, шчамлюся, шчэмішся, шчэміцца; незак.
Разм. Лезці, пралазіць і пад. з вялікімі намаганнямі куды‑н. праз што‑н. вузкае. Праз дзірку ў плоце натужліва шчэміцца ў двор чыёсьці рудое свінчо. Хадановіч. // перан. Лезці, настойліва напамінаць пра сябе (пра думкі). [Макарка:] — Думкі ўсялякія шчэмяцца ў галаву. Сабаленка. // перан. Умешвацца ў што‑н. [Стафан:] — Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эмпірэ́й, ‑я, м.
1. Ва ўяўленні старажытных грэкаў і ранніх хрысціян — самая высокая частка неба, напоўненая агнём і святлом, дзе жывуць багі (у грэкаў) ці святыя (у хрысціян).
2. толькі мн. (эмпірэ́і, ‑яў); перан. Іран. Сфера летуценнасці, мар, незямнога існавання. — А ты ж таксама не ведаеш, — не прыняла папроку Гаранскага Вера Іванаўна. [Гаранскі:] — Я — іншая справа. Я ўвесь у эмпірэях, і не да плошчаў мне. Сабаленка.
•••
Лунаць у эмпірэях — аддавацца далёкім ад жыцця марам, летуценням.
[Ад грэч. émpyros — вогненны, ахоплены агнём.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
відо́чны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Тое, што і відавочны. Можа, і Сухаварава не ўпадабаў ён за тое, што яна аддавала відочную перавагу яму... Колас. Рыбак з відочным клопатам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну. Быкаў.
2. Які добра відаць, знаходзіцца на відным месцы. Трошкі на водшыбе, на відочным узгорку, стаяла мураваная двухпавярховая будыніна. Сабаленка. І маленькая беларуская вёсачка, адкуль мы як бы пачыналі слухаць голас паэта, робіцца відочнай і блізкай людзям далёкіх земляў. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́правіцца 1, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
1. Стаць прамым; выраўняцца, выпраміцца.
2. Пазбавіўшыся недахопаў, стаць лепшым. Гэты Колінька.. невядома, што з яго будзе. Але ж ён сын, нічога не зробіш. Можа яшчэ як-небудзь выправіцца. Пестрак.
вы́правіцца 2, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
Пайсці, накіравацца куды‑н.; адправіцца. Жанчыны хуценька апрануліся, схапілі сёе-тое з адзежы, трохі яды і цянькамі выправіліся ў лес. Сабаленка. Выпіўшы пару бутэлек піва, якое Мікола паставіў, выправіўся ён [Васіль] разнесці заказчыкам пасудзіну. Ядвігін Ш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закалыха́ць 1, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак., каго.
1. Калышучы, прымусіць заснуць. Каця закалыхала сваю дачку, сядзела і глядзела на вуліцу, на маладзенькі залаты клён. Гаўрылкін. // перан. Супакоіць ласкавымі словамі, лагодным тонам. Тон [рэдактара], яго чалавечая лагоднасць неяк закалыхалі, супакоілі мяне, і я мо нават на момант паверыў яму. Сабаленка.
2. звычайна безас. Калыханнем выклікаць недамаганне, моташнасць. — Зусім закалыхала, — рашае шафёр, памагаючы ўрачу падняцца па прыступках ганка і ўвайсці ў дом. Гарбук.
закалыха́ць 2, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак.
Пачаць калыхаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заліўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які затапляецца вадой у час паводак. Заліўны луг. □ На заліўных берагах Савойкі трава густая. Дуброўскі.
2. Вельмі моцны, густы, праліўны (пра дождж). Раптам каментатар з нейкім жалем, з нейкім унутраным шкадаваннем паведаміў, што над стадыёнам пайшоў заліўны дождж. Сабаленка.
3. Спец. Прызначаны для залівання. Заліўная гарлавіна.
4. Заліты густым наварам і астуджаны. Заліўное парася. // у знач. наз. заліўно́е, ‑ога, н. Халодная страва з мяса або рыбы, залітых густым наварам і астуджаных. Заказаць заліўное.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запру́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Збудаванне для пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ; плаціна, гаць. Не даязджаючы да рэчкі, усе пазлазілі з фурманкі, каб запыніцца на мастку, палюбавацца двухпавярховым млыном і струменем вады, якая падала ўніз з запруды на вышыні некалькіх сажняў. Колас. На канаве калгас пабудаваў запруду, пачысціў ад раскі дно, і цяпер у ёй вада, як крынічная. Сабаленка.
2. Запруджанае месца. У замку трывога. Рэйтары ў запрудзе знайшлі цівуна, як выкошвалі зелле. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)