трохвуго́льнік, ‑а, м.

1. Геаметрычная фігура, абмежаваная трыма прамымі лініямі, што перасякаюцца і ўтвараюць тры ўнутраныя вуглы. Прамавугольны трохвугольнік. Раўнабедраны трохвугольнік. // Вымяральны прыбор такой формы для чарчэння. // які або чаго. Фігура або прадмет такой формы.

2. Разм. Агульная назва трох кіруючых асоб на прадпрыемстве, ва ўстанове: дырэктара (адміністратара), сакратара партыйнай арганізацыі і старшыні прафкома. Рашэнні трохвугольніка.

•••

Касы трохвугольнік — непрамавугольны трохвугольнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ублы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Заблытаць што‑н. у чым‑н.

2. Разм. Увязаць, абматаць што‑н. Ублытаць валёнак вяроўкамі.

3. перан. Разм. Умяшаць, уцягнуць у што‑н., куды‑н., зрабіць саўдзельнікам чаго‑н. Ублытаць у непрыемную справу. □ Швагераў адказваў ахвотна і, здавалася, шчыра, але не без хітрасці: стараючыся так падаць усё, каб нідзе не ўблытаць сябе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увабра́цца, убяруся, убярэшся, убярэцца; убяромся, уберацеся; пр. увабраўся, ‑бралася; зак. (пераважна ў пр. часе).

1. Пранікнуць унутр чаго‑н., паглынуцца, уцягнуцца. Дзёгаць увабраўся ў юхтовыя боты.

2. Разм. Усяліцца куды‑н. [Соня:] — Праўда, пуста яшчэ ў нас — толькі ўвабраліся. Дадзіёмаў.

3. Разм. Забрацца, залезці куды‑н. [Адам] пайшоў назад у лес, увайшоў у самую цемень, увабраўся ў гушч[а]рню і лёг на зямлю. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угро́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

Разм.

1. Груб. Забіць. — А ты чаго маўчыш — вызверыўся .. [Кашын] на Севу. — Табе напляваць, што мяне бэсцяць і ўгробіць збіраюцца! Карпаў.

2. Сапсаваць, вывесці з ужывання. [Ладуцька:] — Паўтаратонку ўгробілі, дык цяпер вазі іх,.. Хадкевіч.

3. перан. Загубіць, праваліць (якую‑н. справу і пад.). [Гаруноў:] — Дык што ж гэта ты, Андрэй Максімавіч, праваліў? Ты разумееш, якую ты прапанову ўгробіў? Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удасто́іць, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., каго-што і чаго.

1. Прызнаць каго‑, што‑н. дастойным высокай ацэнкі, узнагароды, звання і пад. Удастоіць узнагароды. □ Шэраг еўрапейскіх акадэмій мастацтваў удастоілі .. [Матэйку] звання ганаровага члена. «ЛіМ».

2. Аказаць каму‑н. гонар сваёй увагай, прыхільнасцю і пад. Следчы хвіліну маўчаў, спадылба пазіраючы на гаспадыню, быццам разважаючы — удастоіць адказам ці пакінуць без увагі пытанне залішн[е] цікаўнай гаспадыні? Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узды́м, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уздымаць — узняць і уздымацца — узняцца.

2. Рост, развіццё чаго‑н. Прамысловы ўздым. Гаспадарчы ўздым.

3. Натхненне, прыліў энергіі. Творчы ўздым. Працоўны ўздым. □ Андрэй доўга не можа супакоіцца, ён адчувае вялікі душэўны ўздым. Хромчанка.

4. Участак дарогі, які падымаецца ўверх. [Люся], маленькая, з цёмна-русявымі завіткамі, .. ішла па роўным схіле камяністага ўзгорка, на ўздым. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укасі́ць, укашу, укосіш, укосіць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы касіць. Трава такая густая, што і не ўкосіш.

2. што і чаго. Накасіць, скасіць нейкую колькасць травы, сена. Укасіць травы каню нанач. □ Паўз будку шыбуюць у лес местачкоўцы. Ідуць кожны па сваёй патрэбе: хто па ягады, хто па грыбы,.. а хто неўзаметку, патаемна ад лесніковага вока, укасіць між кустоўя капу сена. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уко́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. уколваць — укалоць (у 1 знач.).

2. Упырскванне чаго‑н. пад скуру, ін’екцыя. Доктар, які прыехаў неўзабаве пасля званка, зрабіў дзеду ўкол і загадаў сабраць яго ў бальніцу. Хомчанка.

3. Разм. Уколатае месца. Пакласці грэлку на ўкол.

4. перан. Заўвага, учынак, якія прычыняюць непрыемнасці, крыўдзяць, абражаюць каго‑н. Кожная .. сустрэча [Вольгі і Сашы] суправаджалася ўзаемнымі ўколамі. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уладкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад уладкаваць.

2. у знач. прым. Разм. Прыведзены ў належны парадак; упарадкаваны; наладжаны. [Лясніцкі:] — Адразу [пасля прамовы] ўсё стала ясным і зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё. Шамякін.

3. у знач. прым. Даведзены да канца. У першы вечар, калі бавар .. пайшоў са свірна, задаволены ўладкаванай справай, Эрна тут жа прынесла вячэру. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ультыма́тум, ‑у, м.

1. Дыпламатычная нота з рашучым катэгарычным патрабаваннем, невыкананне якога пагражае разрывам дыпламатычных адносін і прымяненнем сілы. Часовы ўрад не прыняў і паўторнага ультыматуму. Гурскі.

2. Разм. Катэгарычнае патрабаванне чаго‑н., якое суправаджаецца пагрозай. [Усевалад:] — Вы ставіце мне ультыматум: або працуй так, як мне трэба, або — не гамінай. Скрыган. Мы ўжо ведалі: чуць што не так — доктар адразу ставіць ультыматум. Шамякін.

[Лац. ultimatum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)