нядо́ўга,
1. прысл. На працягу невялікага адрэзку часу, не вельмі доўга. Снег ішоў нядоўга. Прыцерушыўшы зямлю, перастаў. Мяжэвіч. Радзіліся [суддзі] нядоўга. Праз хвілін дваццаць абвясцілі прысуд. Крапіва. Ніна ведала, што Шабуня пражыве нядоўга. Мележ.
2. безас. у знач. вык. Разм. Лёгка, няцяжка. У такім віры і патануць нядоўга.
•••
Нядоўга і да граху — лёгка і скора можа здарыцца што‑н. непрыемнае, непапраўнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак.
1. каго-што. Датыкаючыся да каго‑, чаго‑н., вывесці са стану спакою. Паварушыць вуголле ў печы. □ — Ахрэм, устань... — нарэшце паварушыла [жонка] мужа за плячо. Мележ. // чым. Злёгку, крыху варухнуць. Фельчар нічога не сказаў, а толькі паварушыў вусамі. Пестрак.
2. што. Крыху разгрэбці; павярнуць. Паварушыць сена.
•••
Пальцам не паварушыць — не зрабіць ніякіх намаганняў для ажыццяўлення чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патру́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да патруля. Патрульная служба. Патрульны абход. // Які выконвае абавязкі патруля, знаходзіцца ў патрулі. Патрульны самалёт. Патрульны салдат. □ Непадалёк, за эстакадай прайшло ваеннае патрульнае судна берагавой аховы. Лынькоў. // у знач. наз. патру́льны, ‑ага, м. Пра чалавека. З жыта выйшаў патрульны: — Адкуль? — У мяне ён пытае, — З Мінска... Куляшоў. Па насыпе прайшла паволі група патрульных. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашарэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Зрабіцца шэрым або больш шэрым. Пад раніцу мокры снег падшэрх і пашарэў ад сажы і соцень, салдацкіх ботаў. Грахоўскі. Светлы, з тонкім мі рысамі твар за гэтую ноч асунуўся і пашарэў. Мележ. Калі .. [Васіль] прачнуўся, была яшчэ ноч. Але неба прыкметна пашарэла. Сачанка. / у безас. ужыв. [Ціток:] — Каб крышку на дварэ пашарэла, то я б і пайшоў. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паддзёўка, ‑і, ДМ ‑дзёўцы; Р мн. ‑дзевак; ж.
Мужчынскае верхняе адзенне, з гузікамі ад пляча да нізу на адным баку і са зборкамі на таліі. [Выжлік] быў апрануты ў забруджаныя, парваныя на каленях вайсковыя штаны і шэрую мультановую паддзёўку. Дуброўскі. Адразу за.. [вучнямі] у кабінет ступіў бялявы хлопец у зацяганай, але крамнай паддзёўцы, у ружовай і залатанай пад каўняром нязрэбнай сарочцы. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непадо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. на каго-што, да каго-чаго і без дап. Які не мае падабенства з кім‑, чым‑н. Шабуня ляжаў на траве, непадобны на сябе. Мележ. [Салдаты] зусім былі непадобны на тых, якія займалі калісьці .. станцыю. Лынькоў.
2. Абл. Заганны, нядобры. [Аўгіня:] — Цяжка мне стала, Мартын, жыць з чалавекам, які пачаў займацца непадобнымі справамі, тапіць людзей, наводзіць паліцыю. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непала́дкі, ‑дак і ‑каў; адз. непаладка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
1. Адсутнасць наладжанасці; недахопы ў рабоце чаго‑н. [Марцін:] — Слоў няма: МТС перадавая, але ўсякіх непаладак там вельмі многа. Лупсякоў. Стрыманы, ветлівы, камандарм амаль заўсёды, прыязджаючы ў дывізію, быў незадаволены, знаходзіў розныя непаладкі. Мележ.
2. Непаразуменні, сваркі; нелады. Апошні рубеж сталасці пройдзен, выпрабаванне на трываласць сям’і зроблена. Мінулі хвіліны спрэчак і непаладак. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрыхі́льны, ‑ая, ‑ае.
Непрыязна настроены; які праяўляе недружалюбнасць да каго‑, чаго‑н. [Пісар:] — [А. Мікалай] да цябе, брат, вельмі добра адносіцца і паважае, але яго трохі не задавольвае, што ты вечарамі нейкія гутаркі вядзеш з людзьмі, да царквы непрыхільнымі. Колас. // Які змяшчае ў сабе або выказвае неадабрэнне. Непрыхільны водзыў. □ Маці кідала на Макара непрыхільныя позіркі. Асіпенка. Чорныя пукатыя вочы малога былі строгія, нават непрыхільныя. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плех, ‑а, м.
1. Месца на галаве, дзе не выраслі або вылезлі валасы; лысіна. Хадосьчын бацька Ігнат, з ружовым плехам і барадою, .. час ад часу пакрыкваў на жонку... Мележ. // Разм. Месца з вылезлай шэрсцю, футрам.
2. Голае месца сярод поля, лесу і пад. Сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Іх пакінулі знарок — абсемяняць аголены плех і заводзіць новы лес. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прага́ліна, ‑ы, ж.
1. Незарослае дрэвамі месца ў лесе; палянка. На палянках, на прагалінах.. гэтага лесу мы пасвілі кароў або коней. Ермаловіч. // Голае, пазбаўленае покрыву месца на якой‑н. паверхні. Ад белай выкашанай прагаліны аж сюды на ржышча цягнуліся крывыя свежыя зялёныя пракосы. Пташнікаў.
2. Вольнае месца паміж чым‑н. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)