узбо́ч, прысл. і прыназ.
1. прысл. Збоку, на нейкай адлегласці ад чаго‑н. Дзядзька, апусціўшы лейцы, нокнуў на коніка, сам пайшоў па сухім, узбоч. Навуменка. Максім ішоў узбоч, весела махаючы пугай. Шамякін. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. — Што ты робіш?! — пачуў я ўзбоч ад сябе рэзкі .. голас. Кулакоўскі.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «узбоч» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне каго‑, чаго‑н. у баку каго‑, чаго‑н. Перайшоўшы Стадольскі мост,.. [Шалюта] ўбачыў узбоч дарогі пусты Варановічаў газік. Дуброўскі. Спынілася аўтамашына Узбоч гравейкі, у цяньку. Прануза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; пр. усцярог, усцерагла, ‑ло; заг. усцеражы; зак., каго-што ад каго-чаго.
Зберагчы, захаваць у цэласці. Людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба ад прагавітай [пашчы] вайны, як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці. Колас. // Засцерагчы ад чаго‑н. небяспечнага, непажаданага. Усцерагчы ад прастуды дзіця. □ [Ганна Карпаўна:] — Што ж, — кажу, — вядзіце ў хату вашу Маруську. Можа як усцерагу ад нечысцяў... Сіняўскі. Цяпер думкі Гарбачэўскага былі скіраваны на тое, як усцерагчы людзей ад правалу. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уціхамі́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Прымусіць супакоіцца, суняцца. [Васіль:] — Прымай, Янук, гасцей ды ўціхамір свайго барбоса! Зайсці трэба! Шашкоў. // Аслабіць, зменшыць сілу праяўлення чаго‑н. Цяпер яму [Кліму] захацелася ўціхамірыць гэтую злосць на Сідары. Галавач. У выканкоме вырашылі падзяліць [кватэры] загадзя, каб уціхамірыць непакой і хваляванне. Мележ.
2. Сілай супакоіць каго‑н.; задушыць (бунт, паўстанне і пад.). [Гена:] — Няхай пан не хвалюецца, мы ўціхамірым бунтаўшчыкоў. Жычка.
3. Падпарадкаваць сваёй волі; утаймаваць. Тры дні змагаліся геолагі і нафтавікі, каб уціхамірыць стыхію. В. Вольскі. Грознага [быка] ўсё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
1. Выказаць чым‑н. пашану, павагу каму‑, чаму‑н. Мы ж памяць героя ўшануем І справай, і песняй, сябры, І помнік яму пабудуем З гранітнай уральскай гары. Куляшоў. Малашкін заклікаў усіх устаць і ўшанаваць мінутным маўчаннем верных савецкіх людзей, што загінулі ад рукі ворага. Пестрак.
2. Урачыста павіншаваць каго‑н. у сувязі з чым‑н. [Язва:] Сёння .. [Жлукта] будзе ўшанаваны як мае быць. Крапіва.
3. Удастоіць сваёй прысутнасцю. [Стрыбульскі:] Святы божа! Ці бачыш ты, якія госці ўшанавалі наш куток!.. Мележ. Мядзведзь падлізу Ліса ўшанаваў, — Згадзіўся да яго прыйсці на імяніны. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкада́,
1. безас. у знач. вык., каго-чаго або з інф. Пра пачуццё жалю, спагады і пад. да каго‑, чаго‑н. Ай, танцоры! Ай, музыкі! Пашкадуйце чаравікаў, Пашкадуйце свае ногі, Калі не шкада падлогі! Танк. Шуру шкада падсякаць гонкія, прыгожыя бярозкі. Навуменка.
2. безас. у знач. вык., чаго або з інф. Пра нежаданне аддаць, страціць і пад. што‑н. [Іліко:] — Сімон казаў, што яму нічога не шкада для мяне. Так ён мяне любіць. Самуйлёнак. Кроў не вада, разліць шкада. Прымаўка.
3. у знач. пабочн. На жаль. Прыехаць, шкада, часу няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Разм.
1. каго-што. Націраць, намазваць каго‑, што‑н. чым‑н. Яны [Міхал і Антось] шмаруюць мылам вусы, «каб выдатней яны стаялі», і так ваксуюць боты, што маглі б шляхту «скасаваць». Клімковіч. [Іван] шмаруе варам дратву і вухам не вядзе. Грахоўскі. // Церці, праціраць, ачышчаючы што‑н.; наводзіць бляск. Томі трамбуе гравій, Томі шмаруе шкло, Томі рыхтуе каву. Лявонны.
2. аб што. Церціся, зачэпліваючыся за што‑н. у час руху, перамяшчэння, цягнучыся па чым‑н. Блішчала адным краем у перадку — у Янука ўгалавах — вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дазна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Сабраць, атрымаць звесткі аб кім‑, чым‑н.; даведацца пра каго‑, што‑н. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Чорны. Камандзір растлумачыў, як і куды ісці кожнаму разведчыку, аб чым дазнацца. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапіка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.
Разм. Злосна папракаць. А прыходзіў хто-небудзь да Валі, старэйшыя сёстры скоса паглядалі і дапікалі яе: навошта павяла поўны пакой, глядзі, колькі пяску панеслі, вечна з табою спакою няма. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дуба́сіць, ‑башу, ‑басіш, ‑басіць; незак.
Разм.
1. каго. Моцна біць, лупцаваць. — Гэтыя раны яго не ад куль, ён не быў на вайне. Гэта яго за пакражы дубасілі. Чорны.
2. па чым, у што. Моцна стукаць, удараць. Дубасіць у дзверы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забо́йства, ‑а, н.
Дзеянне паводле дзеясл. забіваць — забіць 1 (у 1 знач.); злачыннае пазбаўленне жыцця каго‑н. Тупыя расісты, чалавека-ненавіснікі пачыналі з тэрору, з масавых забойстваў. Шамякін. За забойства правакатара Саша Грынявіцкі быў асуджаны да пакарання смерцю. Хромчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)