це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.

2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.

3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.

4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.

5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. каго-што. Беражліва адносіцца, берагчы каго‑, што‑н. Наогул трэба адзначыць, што пінгвіны вельмі шануюць і берагуць свае яйкі. Маўр. — Не шануеш ты сябе, Каця, — уздыхнуўшы, сказала Мурашова. Скрыган. Шануй каня дома, а ён цябе ў дарозе. Прыказка. // што. Не даваць расходавацца чаму‑н. дарэмна; трымаць у цэласці. Шанаваць грошы.

2. каго-што. Клапатліва засцерагаць, берагчы ад чаго‑н. І пачаў [Несцер] гаварыць аб маладосці, што трэба шанаваць маладосць, бо старасці клікаць не трэба. Пестрак.

3. каго-што. Адносіцца з пашанай, павагай да каго‑, чаго‑н. Шанаваць народныя традыцыі. □ Стары Крышан шанаваў свайго зяця Рамана за працавітасць, цвярозасць і сумленне. Грахоўскі. Шануюць людзі памяць аб Крылове, аб яго Косціку... Шамякін. // Цаніць; надаваць; вялікае значэнне чаму‑н. Мельнік вельмі шанаваў свой аўтарытэт. Гамолка. // што. Захоўваць што‑н., прытрымлівацца чаго‑н. — Стойце, хлопцы, давай Шанаваць парадак. Колас. [Карпавіч:] — Я хоць і гарачы, а дысцыпліну нашу шаную... Машара. // што. Аддаваць перавагу. Любяць у Грынях кіно — будуць па колькі разоў глядзець; шануюць танцы — да раніцы і старыя і малыя выседзяць. Пташнікаў. Ну а гэты [чалавек] — шанаваў шпаргалку: Слабасць гэтакую меў здаўна. Гілевіч.

4. каго. Песціць. Андрэя Касцяневіча жыццё не вельмі шанавала. Бацька яго загінуў на фронце, а ў маці, акрамя Андрэя, было яшчэ двое малодшых: Барыс і Наста. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дазо́рац, ‑рца, м.

1. Служачы, які выконвае абавязкі па нагляду за чым‑н., ахове чаго‑н.; наглядчык. Бурчыць пад нос дазорац, як сам астрог, стары. Таўлай.

2. Той, хто знаходзіцца ў дазоры; разведчык. Дазорац, ужо заўважыўшы зарыва пажару і пабачыўшы лесніка, які бег да зямлянкі, адразу адчуў нешта нядобрае і надзвычайнае. Дубоўка. У акопчыках і ў кустах каля ракі паставілі дазорцаў. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да́льні, ‑яя, ‑яе.

1. Аддалены ад каго‑, чаго‑н. больш, чым іншыя; проціл. бліжні. Дальнія палеткі. Дальняя мэта. Дальні тыл. □ Снапы .. ляжалі не толькі блізка. Былі і.. у дальнім кутку. Мележ. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Дальняя дарога. Дальняе плаванне. Дальні рэйс.

2. Тое, што і далёкі (у 3 знач.). [Сілівона] спаткала цётка Аксіння, якая даводзілася яму дальняй сваячкай. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапуска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да дапусціцца.

2. Мець дазвол прыходзіць, уваходзіць куды‑н., да каго‑, чаго‑н., наведваць што‑н. Дзеці на вячэрнія сеансы ў кіно не дапускаюцца. □ Прыходзіць Паўлік да турмы. — Ніякія наведвальнікі сёння не дапускаюцца, — адказаў дазорца. — Прыйдзеш праз два дні. Сташэўскі.

3. Дазваляцца; быць прынятым. Часам дапускаецца дваякае напісанне слова.

4. Зал. да дапускаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гі́бель, ‑і, ж.

1. Поўнае разбурэнне, спыненне існавання (пры катастрофе, бедстве, наўмысным знішчэнні і пад.). Гібель Пампеі. Гібель парахода. // Гвалтоўная заўчасная смерць. Трагічную гібель Кацярыны, якая не хацела скарыцца «цёмнаму царству» самадурства, паказаў геніяльны рускі драматург Астроўскі. Бярозкін.

2. у знач. вык., чаго. Разм. Вялікая колькасць, мноства. [Марыля:] Скора касьба пачнецца, жніво, работы гібель. Купала.

•••

На краі гібелі гл. край.

Да гібелі — вельмі многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глумі́ць, глумлю, глуміш, глуміць; незак., што.

Разм.

1. Марна траціць, псаваць. Шкада было глуміць мяккі даўгунец, старанна выпаланы калгаснымі дзяўчатамі. Грахоўскі.

2. Здзекавацца, насміхацца з каго‑, чаго‑н. Большасць ведала, што сыны ваююць за праўду, якую глуміў немец, за Расеюшку, за цара, а больш нічога не ведалі, а хоць і ведаў хто, дык маўчаў, бо быў на вачах старасты, урадніка і земскага. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глу́пства, ‑а, н.

1. Дурны ўчынак, дурная думка; недарэчнасць, бяссэнсіца. А Казімір гаварыў: — Да чаго ж яшчэ дурныя людзі. Маліцца каменю? Цьфу! Каб ты, Марта, больш гэтага глупства не рабіла. Пестрак. Усе ведалі, што Дзям’ян, працавіты і сумленны чалавек, глупства не скажа, бо мае розум і любіць справядлівасць. Кавалёў.

2. Пра што‑н. нязначнае, дробязнае. З-за глупства не спрачайся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.

1. Прымусіць адвыкнуць ад чаго‑н. Адвучыць ад дрэннай прывычкі. □ Тры гады, якія пражыла Малання ў горадзе, адвучылі Кандрата бачыць у ёй сваю сялянку. Галавач. [Трахім:] — Мне яшчэ ў маладосці адзін вучоны чалавек гаварыў: «Калі ваўку не даваць мяса змалку, дык можна адвучыць яго ад драпежніцтва». Пальчэўскі.

2. Разм. Закончыць вучэнне, перастаць вучыць, навучаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адка́знасць, ‑і, ж.

1. Ускладзены на каго‑н. або ўзяты кім‑н. абавязак; даваць справаздачу пра якія‑н. свае дзеянні і быць гатовым адказваць за іх вынікі. Несці адказнасць. Баяцца адказнасці. Ускласці адказнасць. Браць на сябе адказнасць. Пад асабістую адказнасць. Прыцягнуць да адказнасці. Павысіць адказнасць. Крымінальная адказнасць. Адчуваць цяжар адказнасці.

2. Сур’ёзнасць, важнасць чаго‑н. Адказнасць моманту. Адказнасць даручэння.

•••

Несці адказнасць гл. несці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)