стаўбуне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Абл. Расці не ў караняплод, а ў стаўбун (у 5 знач.). // перан. Марнець, ведучы бясплоднае жыццё. Нарэшце Тоня адкінуў усе жарты ўбок і ціха выгаварыў пра свае намеры. [Насця:] — Як жа я пайду за цябе. — Ты ж цяпер ужо «Дойла». Хочаш, каб мяне дойліхаю дражнілі? [Тоня:] — Як быццам ты без мянушкі! Разяда! Цябе ж усе і завуць так з-за тваіх .. духоў, якімі ты ўсім некалі хвалілася. Стаўбуней сабе ў дзеўках, Разяда. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стая́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад стаяць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў вертыкальным становішчы. [Цётка] адзела цёмную сукенку з стаячым каўнерыкам, новыя чаравікі. Арабей. // Які прызначаны для стаяння. Стаячая лямпа. □ [Валодзя] перавёў позірк на Стася, які ўжо сядзеў на маленькай стаячай лесвіцы, накшталт тых, што бываюць у бібліятэках. Шамякін. // Які не рухаецца. [Дзеці] баяліся ўбачыць стаячага бусла. Васілевіч.
3. у знач. прым. Не праточны (пра ваду). [Віця] хацеў пакупацца. Скочыў. А вада ў канаве стаячая, затхлая. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
структу́ра, ‑ы, ж.
Узаемаразмяшчэнне і сувязь састаўных частак аб’екта, якія забяспечваюць яго цэласнасць; будова. Структура сталі. Структура глебы. Структура мовы. □ Пра атамную структуру матэрыі здагадаўся, як вядома, яшчэ Дэмакрыт, сучаснік Герона. «Маладосць». У школьную пару [Сяргея] захаплялі і ўдаваліся яму задачы, а далей складаныя формулы, затым структура механізмаў... Грамовіч. // Арганізацыя, будова чаго‑н. Структура Акадэміі навук БССР. Эканамічная структура грамадства. □ Мы не заўважаем прыблізнай рыфмы і рытмічных зрухаў, нас захапіла развіццё думкі, нечаканы паварот у структуры верша. Грахоўскі.
[Лац. structura — будова, размяшчэнне, парадак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супрацьстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; незак., звычайна каму-чаму.
1. Быць супрацьпастаўленым, супрацьлеглым у адносінах да каго‑, чаго‑н. Станоўчы герой Змітрака Бядулі супрацьстаіць існуючаму ладу ў асноўным сваімі маральнымі і сацыяльнымі запатрабаваннямі. Каваленка. Лявону супрацьстаіць у п’есе дружны калектыў калгаснікаў, у тым ліку і жонка з дачкою. Гіст. бел. сав. літ.
2. Захоўваць устойлівае становішча пад уздзеяннем чаго‑н. Супрацьстаяць парывам ветру. // Супраціўляцца, аказваць супрацьдзеянне. Супрацьстаяць знешнім уплывам. / Пра ўзброеныя сілы. войска ў вайне, бітве і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыраві́на, ‑ы, ж.
Матэрыял, прызначаны для далейшай прамысловай апрацоўкі і атрымання гатовых вырабаў. Сельскагаспадарчая сыравіна. Сыравіна для тэкстыльнай прамысловасці. □ [Віктар Мікалаевіч:] — Калійная соль, што мы выдаём з шахты, — гэта сыравіна, якую яшчэ трэба перапрацоўваць. Чаркасаў. // перан. Разм. Пра што‑н., не апрацаванае як след, тое, што з’яўляецца накідам для чаго‑н. А блакнот .. [Гната] быў заўсёды гусцей, як у каго іншага, нашпігаваны сыравінай для карэспандэнцый, замалёвак, інфармацыі... Карамазаў.
•••
Стратэгічная сыравіна — матэрыялы, якія адпавядаюць мэтам стратэгіі, неабходныя для ваенных мэт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
талака́, ‑і, ДМ ‑лацэ, ж.
Разм.
1. Калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ. У беларускіх вёсках была пашырана форма ўзаемадапамогі, якую .. называлі талакой. «Полымя».
2. зб.; перан. Група людзей. З клуба студэнты таксама выходзілі разам. Яны ішлі ўпоперак усёй вуліцы талакой і пелі знаёмую студэнцкую песню. Навуменка. [Уласюк:] — Мы збіраем і згуртоўваем вакол нашай заўтрашняй газеты свядомых беларусаў, лепшыя сілы народа. Вось я і вас запрашаю да нашай талакі. Колас. / Пра насякомых. Над зялёнаю лукою Ходзяць мухі талакою... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тыра́ж 1, ‑у, м.
1. Розыгрыш выйгрышаў у пазыцы або латарэі. Трэці тыраж дзяржаўнай пазыкі.
2. Пагашэнне аблігацый пазыкі або іншых папер установай, якая іх выпусціла. Аблігацыя выйшла ў тыраж.
•••
Выйсці ў тыраж гл. выйсці.
[Фр. tirage.]
тыра́ж 2, ‑у, м.
Колькасць экземпляраў якога‑н. друкаванага выдання аднаго выпуску. Тыраж газеты. Выданне мастацкіх твораў вялікім тыражом. □ Тыраж кнігі даволі вялікі, і тое, што праз некалькі тыдняў яна ўжо знікла з прылаўкаў кнігарняў, сведчыць пра цікавасць да яе шырокага кола чытачоў. «Полымя».
[Фр. tirage.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмужне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Дасягнуць поўнага фізічнага развіцця; стаць дарослым, сталым. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Дзеці выраслі і ўзмужнелі. Дзяргай. / Пра расліны. Падраслі маладыя дрэвы, узмужнелі намнога старыя. Дубоўка.
2. перан. Дасягнуць высокай ступені ў сваім развіцці. Тэатр настолькі вырас і ўзмужнеў, што летам 1931 года змог ужо выехаць на гастролі ў Маскву і Ленінград. Сяргейчык. У «Іранскім дзённіку», на матэрыяле вялікай, грамадска значнай тэмы, яшчэ больш узмужнела майстэрства паэта. Бярозкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
Перастаць гараваць, супакоіцца. Сэрца Лёнькі крыху ўцешылася.., бо.. [сабака] з’явіўся ў той момант, калі ён, пакрыўджаны Целякоўскім, збіраўся ў прочкі. Грамовіч. // Знайсці ў кім‑, чым‑н. для сябе ўцеху, задавальненне; абрадавацца. Учытаўся ў тыя байкі я і ўцешыўся вялікім адкрыццём: ага, можна пісаць пра ўсё тое, што акружае цябе. Бялевіч. Вестка аб тым, што прыйшоў новы старшыня з рабочых, з завода, мігам абляцела ўсе камунарскія кватэры і прымусіла занепакоіцца адных і ўцешыцца другіх. Барашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флю́гер, ‑а, м.
1. Рухомае прыстасаванне, якое паказвае кірунак ветру. Сонца, якое заходзіла, залаціла самы верх цаглянай вежы і маленькі флюгер, выразаны з бляхі Карнеевым сынам Пятром. Даніленка. // Метэаралагічны прыбор для вызначэння сілы і змянення хуткасці ветру.
2. Уст. Флажок, які прымацоўваўся да пікі кавалерыста.
3. перан. Зневаж. Пра непастаяннага чалавека, які хутка мяняе свае погляды і перакананні. — Правільна, Сяргей Сяргеевіч! — у момант згадзіўся Грыбок. «Ну і флюгер!» — ужо без злосці і абурэння падумаў Шыковіч. Шамякін.
[Ад ням. Flügel — крыло.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)