пасмя́глы і пасма́глы, ‑ая, ‑ае.

Перасохлы (пра губы, рот). Пад вачыма ў Андрэя — чорныя кругі, а губы пасмяглыя, з белым налётам па кутках. Новікаў. // Пасохлы ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца. Стаяла засуха. Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патало́гія, ‑і, ж.

1. Навука пра ўмовы, прычыны, заканамернасці ўзнікнення, развіцця і вынікі хваробных працэсаў у арганізме чалавека і жывёлы. Лекцыі па агульнай паталогіі.

2. Адхіленне ад нормы жыццядзейнасці арганізма. Паталогія галаўнога мозгу.

3. перан. Кніжн. Адхіленне ад нормы ў чым‑н. Паталогія паводзін.

[Ад грэч. páthos — хвароба і logos — вучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што і без дап.

Тасаваць некаторы час; ператасаваць. [Бабка] пайшла ў сваю каморку, выняла з-пад сенніка калоду старых, як і сама яна, карт, патасавала сваім манерам і пачала спаважна раскладваць іх на восем кучак, па тры карты ў кожнай. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паха́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і пахаджаць. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі, пахаджваў па пакоі і думаў. Колас. Толькі цяпер я заўважыў, што сярод статка важна пахаджвае на сваіх высокіх нагах даўганосы гаспадар балот. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашарпа́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пашарпаць.

2. у знач. прым. Які знасіўся, падраўся ў выніку працяглага або нядбайнага карыстання, нашэння. Побач стаяў пашарпаны .. чамадан, па рагах абабіты жоўтаю скураю.. Броўка. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.

1. Перамяшчэнне з аднаго месца ў другое бягом. Хутка і зладжана, перабежкамі, прабіраліся аддзяленні роты. Алешка.

2. Пераход на бок праціўніка.

3. Спец. Від канькабежнага кроку на паваротах.

4. Спец. Паўторнае спаборніцтва па бегу для ўдакладнення канчатковых вынікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераме́л, ‑у, м.

Неглыбокае месца на ўсю шырыню ракі. Цяпер плыткі перамел зарос чаротам, рагазою, па ім як не слалася ніцая лаза. Сачанка. Назаўтра мароз хоць і памацнеў крыху, але яго моцы яшчэ не хапала на тое, каб надзейна стала рака, хоць на перамеле. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасы́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для збору, часовага ўтрымання людзей, якія павінны быць адпраўлены ў другое месца. Перасыльная біржа. Перасыльныя астрогі.

2. Які перасылаецца з месца на месца, прызначаны для перасылкі. Па ўсяму было відаць, што Максіма пасадзілі ў агульную камеру для перасыльных арыштантаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пескавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да пяску. На гэтых пескавых прасторах, сярод рэдзенькае збажыны сям-там тырчаць купчастыя.. сосны. Сташэўскі. // З пяску; пясчаны. Пескавы насып. □ [Уладзік] ідзе не спяшаючыся, лёгка ступаючы па пескавой дарозе. Крапіва. З берага з разгону ўрэзваецца ў раку пескавая каса. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плі́ца, ‑ы, ж.

1. Лопасць параходнага кола. Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Шлёпаюць па вадзе пліцы параходных колаў, дрыжыць ад празмернага намагання машыны палуба парахода, пеніцца за кармой вада. Сяргейчык.

2. Спец. Чарпак, пры дапамозе якога зліваюць ваду на судне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)