укаці́цца, укачуся, укоцішся, укоціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., пранікнуць куды‑н. Укаціўся мяч у вароты. / у перан. ужыв. За .. [Вурмістравым] у пакой укаціўся вялізны шызы клуб марознага паветра. Хадкевіч.
2. Разм. Уехаць. Раніцай укацілася ў вёску палутарка. // Хутка ўвайсці, убегчы куды‑н. [Бялькевіч:] — Памятаю, сяджу гэта я, а .. [Верабейчык] укаціўся хуценька, да сакратаркі падбег, нешта сказаў ёй, агледзеў усіх і знік. Савіцкі. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай. Шамякін. // З цяжкасцю ўвайсці, улезці, уваліцца куды‑н. Насілу ўкацілася [Зося] ў хату. Крапіва. [Шпулькевіч:] — Я ледзьве ў сані ўкаціўся, ледзьве дапаў у мястэчка да фельчара, ён мне ўвесь бок убінтаваў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укра́сці, украду, украдзеш, украдзе; пр. украў, украла; зак., каго-што.
Узяць цішком, прысвоіць сабе чужое. [Прыбіральшчыца:] — Надоечы я адну дзяўчыну мусіла суцяшаць .. Дакументы і грошы ў яе прапалі. Дзе падзеліся — не знае. Ці ўкралі, ці згубіла — невядома. Грамовіч. // перан. Падманам, інтрыгай прысвоіць, захапіць што‑н. (уладу, славу і пад.). [Лабыш:] Во жулік... Атруціў, забіў, зарэзаў... і абакраў! Славу маю ўкраў!.. Козел. // перан. Выкарыстаць што‑н. за кошт іншых, пазбавіўшы каго‑н. чаго‑н. Трэба біць, біць іх больш, ворагаў, што хочуць украсці .. наша шчасце. Шамякін.
•••
З-пад сучкі яйцо ўкрасці — быць хітрым, вёрткім, з адчайна-зухаватымі выхадкамі.
У бога цяля ўкрасці — быць выключэннем сярод іншых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уну́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
1. Увабраць у што‑н. (пра галаву). Галя ўнурыла галаву ў пастаўлены каўнер, патупіла вочы, як бы яна не хацела глядзець на кафедру. Сабаленка. Рыжы больш ссутуліўся, унурыў галаву ў плечы. Кавалёў. // Панура нахіліць, схіліць (галаву). Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. Чыгрынаў. Юрка ўнурыў галаву, здавалася, увесь сціснуўся ў камячок. Настаўніца строга пазірала на яго, думала. М. Ткачоў.
2. Утаропіць у што‑н. (вочы, погляд). Надзейка заірдзелася і ўнурыла вочы ў талерку, але праз момант усміхнулася, падняла чарку, вымавіла: «За маму». Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учара́шні, ‑яя, ‑яе.
1. Які адбыўся, утварыўся, зроблены і г. д. учора. Кожны сённяшні дзень нясе ў сабе крупінку дня ўчарашняга. «Маладосць». Пасля ўчарашняга дажджу сонца паднялося вясёлае, іскрыстае, лес нібы памаладзеў, і вярнулася галасістая, зычная вясна. Новікаў. // Які быў нядаўна, у недалёкім мінулым. Учарашні баявы таварыш — начальнік штаба атрада — стаў мужам Марусі. Брыль.
2. у знач. наз. учара́шняе, ‑яга, н. Тое, што было ўчора, у недалёкім мінулым. Ці таму, што ўдалося часткова адпомсціць Бубновіч за ўчарашняе, ці таму, што з ім ішла Аня, Косця адчуў сябе вальней. Карпюк.
•••
Учарашні дзень гл. дзень.
Шукаць учарашняга дня гл. шукаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушпілі́ць, ушпілю, ушпіліш, ушпіліць; зак., што.
1. Уваткнуўшы ў што‑н. (шпільку, прыколку і пад.), зашпіліць.
2. Разм. Сцебануць каго‑н. Ушпіліць разок пугай.
3. перан. Разм. Прабраць, пакрытыкаваць. І тут Антона не паслухалі. А каб ушпілілі як след, дык цяпер не лайдачыў бы той Галасок. Савіцкі. [Алесь] зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярх[ом] у блізкі свет. Караткевіч. // Даць спагнанне, пакараць. Раней, бывала, «стаўпы парадку» і кроку не ступяць, каб не наведаць яго [Марціна]; ніколі, бывала, не абыходзілася, каб на Марціна не склалі пратакола або не ўшпілілі штрафу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарсі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Прымусіць (прымушаць) развівацца хутчэй, паскораным тэмпам; паскорыць (паскараць). [Максім:] — І няхай фарсіруе распілоўку. Не хапае дошак для насцілу вадабоя. Шамякін. // Паскорыць (паскараць) час наступлення, ажыццяўлення чаго‑н. Фарсіруюць пуск яны [мантажнікі] электрастанцыі — Электрыка ў першы чарод. Зарыцкі.
2. Павысіць (павышаць) сілу гучання (голасу).
3. У тэхніцы — павялічыць (павялічваць) які‑н. паказчык устаноўкі (рухавіка, катла і пад.).
4. Спец. Пераадолець (пераадольваць) якую‑н. перашкоду або рубеж праціўніка. За ноч [партызаны] фарсіравалі шашу і прайшлі кіламетраў пяць у бок вёскі Сёмкава. Новікаў. Камандзір корпуса Краўчанка вырашыў фарсіраваць Дзясну па дну ракі. Мележ.
[Ад фр. forcer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарту́х, ‑а, м.
1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.
2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.
[Ням. Vortuch.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халту́ра, ‑ы, ж.
Разм. зневаж.
1. Пабочны, звычайна лёгкі заработак звыш асноўнага. У людзей як у людзей — ва ўсіх па два выхадных ужо, а ў .. [Аўсяніка] вечна гэта «налева», вечна халтура... Васілевіч.
2. Нядобрасумленная, неахайная, выкапаная без ведання справы работа. [Мікола:] — Халтура хутчэй за ўсё, а не вецер... Калі б мы так будавалі, што вецер, няхай і штармавы, у дзевяць балаў, можа бурыць, — грош нам цана была б. Хадкевіч. // Тое, што зроблена такім чынам, прадукт такой работы. Хаджу, разглядаю скульптуры. Мастак быў праўдзівы, Ні спешкі нідзе, ні халтуры! Гілевіч. «Бо пішаш, — заявіў Сівы, — халтуру. Што толку з колькасці, браток, Калі слабы любы радок». Корбан.
[Ад лац. chartularium — спіс нябожчыкаў, які чытаўся свяшчэннікам на дзень памінання памёршых.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрэн, ‑у, м.
1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.
2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.
•••
Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. — Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цмо́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць губамі гук, падобны гуку ўсмоктвання. Толік спаў і час ад часу смачна цмокаў губкамі. Пальчэўскі. Цмокалі на коней мужчыны, грукалі і скрыпелі вазы... Чорны. Каля плакатаў спыняліся людзі, чыталі, цмокалі языкамі, пасмейваліся. Броўка.
2. каго-што. Разм. Гучна цалаваць. Перш чым прыўзняцца, .. [Артур] ветліва і прыязна адразу ж пачаў цмокаць.. [Марыі] руку і тут жа падаў кветкі. Гроднеў. Ганна Макараўна гучна цмокала.. [Мішку] ў пульхную шчочку, туліла да сябе. Марціновіч.
3. што. Разм. Раскурваючы люльку, смактаць цыбук. Дзядзька Пракоп спяшліва хапаецца за сваю люльку, якая ледзь не пагасла, хуценька цмокае яе. Быкаў. Губы цмокалі цыбук. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)