пафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.
1. Пакрыць або насыціць фарбай ці іншым фарбавальным рэчывам. [Зыбін:] — Пабялілі наш дом, сам бачыў. Падлогу пафарбуюць, — тыдзень, другі і, калі ласка: уваходзь, гаспадыня!.. Мележ. [Гэлька] адрэзала метровай даўжыні кавалак палатна, пафарбавала пад колер летняга ранішняга неба. Сташэўскі.
2. Надаць чаму‑н. які‑н. колер. Пафарбавала восень пазалотай Над возерам заспаныя лясы. Астрэйка. Сорам пафарбаваў у чырвонае Любіны шчокі. Мурашка. За вокнамі ўжо чырвоным заравам пафарбавала сонца небакрай. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’емся, ‑б’яцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбіцца — пра ўсё, многае. Перабіліся талеркі.
2. Разм. Перажыць нястачу, цяжкасці; сяк-так пражыць, абысціся некаторы час без чаго‑н.; перакідацца. — На людзях і гора не такое горкае. Як будуць усе жыць, гэтак і мае [родныя] пераб’юцца, — сказаў я Марынічу. Сабаленка. [У вёсцы] пражыць танней, можна было не чапаць пенсіі за летнія месяцы, перабіцца на дамашнім хлебе і на бацькоўскім крупніку. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. каго. Наведаць, праведаць. Увечары, калі ўжо добра ўцямнела, Мікола прыйшоў пераведаць маці. Сабаленка. Усім хацелася пераведаць земляка, пагутарыць, падзяліцца навінамі. Краўчанка.
2. што і чаго. Зазнаць. Праходзяць дні, ідуць сваёю чарадою зімы і леты з іх халадамі і спякотамі, з іх бурамі і навальніцамі, а.. [дубы] спакойныя, як чалавек, які ўсё пераведаў на свеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцця, апроч смерці. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перае́сці, пераем, пераясі, пераесць; пераядзім, пераясце, пераядуць; пр. пераеў, ‑ела; заг. пераеш; зак.
1. чаго і без дап. З’есці больш, чым трэба; аб’есціся. Дзіця пераела.
2. каго-што і чаго. З’есці ўсё, многае. [Бацька:] — І прыбралі ўсё за пагоду, і змалацілі як мае быць, у засекі засыпалі. Думалі хлеба не пераядзім. Сабаленка.
3. што. Раз’ядаючы, разбурыць, раздзяліць на часткі. Іржа пераела жалеза.
•••
Пераесці (ад’есці) нутро (кішкі, вантробы) каму — моцна надакучыць, стаць невыносным для каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перазімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.
1. Пражыць, перабыць зіму, застацца дзе‑н. на зіму. [Галя] канчаткова вырашыла: прабыць яшчэ якое лета, перазімаваць зіму, а на вясну, калі цёпла стане, падацца адсюль. Сабаленка. — Я вы[к]лапатаў на зіму месца ў бараку. На цябе і на сябе .. Народу хоць многа там, але перазімаваць там можна будзе. Чорны.
2. Перанесці зімнюю сцюжу (аб жывёлах, раслінах). Перазімавала ж .. [збажына] пад тоўстай снежнай коўдрай добра — ніводнай вымаклай лапінкі не відаць. Шымук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перамы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.
1. Памыць, вымыць нанава, яшчэ раз. Перамыць падлогу. Перамыць бялізну.
2. Памыць, вымыць усё, многае або ўсіх, многіх. Перамыць усіх дзяцей. □ Мы з Надзеяй хутка прыбралі стол, перамылі посуд. Савіцкі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размыць. У адным месцы вада .. перамыла грэблю, і рагазінцы з грабарскімі рыдлёўкамі хадзілі ўціхамірваць стыхію. Сабаленка. / у безас. ужыв. Дарогу тут перамыла ўжо метраў на восем ўшыркі. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.
1. Пражыць, правесці некаторы час дзе‑н. Такім чынам у Вепрах прабыў Саўка дзён тры ці чатыры. Колас.
2. Праслужыць, прапрацаваць некаторы час у якасці каго‑н. А Рыгор .. так і прабыў польскім абознікам нешта вельмі доўга. Чорны.
3. Пражыць, правесці час якім‑н. спосабам. — Наеліся дзеткі малака. Што я ім пастаўлю? Вады хіба пасалю? Гэта ж твая ўсё донечка любая! — Прабудуць дзень як і бег малака. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́зба, ‑ы, ж.
Невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты, зроблены для ўцяплення памяшкання. Вакол усёй хаты насыпана прызба... Ды не абы якая прызба. Гады са два назад мы з бацькам паехалі на Рагазінку на балота — там расла лаза, насеклі яе добры воз і аплялі невысокім плоцікам прызбу. Сабаленка. Збіраліся [сяляне] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган. Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызбе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распа́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распаліць.
2. у знач. прым. Моцна нагрэты; вельмі гарачы. Распалены прас. □ Сонца як не плавілася. Здавалася, з яго, як з распаленага жалеза, не промні ліліся, а сыпаліся іскры-апаліны, быццам па ім білі молатам. Сабаленка. Ад яе [печкі] распаленых сцен па ўсёй старожцы разліваецца прыемная цеплыня. Ігнаценка.
3. у знач. прым. Моцна ўзбуджаны, расхваляваны; разгарачаны. [Таццяна] стаяла сярод баб распаленая, вясёлая, прыгожая і ўсміхалася Зеленюку. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расцячы́ся, ‑чэцца; зак.
1. Пацячы ў розных кірунках па якой‑н. паверхні. Малако расцяклося па стале. □ Разгаліняцца раўчукі, Расцякуцца на спелыя грады. Камейша.
2. перан. Павольна распаўсюдзіцца дзе‑н., па чым‑н.; расплысціся. Прыемны пах расцёкся па кватэры. □ Па целу расцёкся неспакойны халадок, ахапіла прадчуванне блізкай небяспекі. Мележ. // Разысціся ў розныя бакі, падзяліўшыся на асобныя патокі. Па вузенькіх дарогах .. [сасновага] бору расцяклася дывізія. Шашкоў. Потым натоўп, як рака па рукавах, расцёкся па дарожках. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)