се́кцыя 1, ‑і, ж.

1. Аддзел установы, арганізацыі і пад. з пэўнай спецыялізацыяй. Секцыя крытыкі. Шахматная секцыя. □ Увесь атрад разбіўся на навуковыя секцыі: гістарычную, геаграфічную, прыродазнаўчую, літаратурную і мастацкую. Шыловіч. // Частка гандлёвага памяшкання, дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Секцыя абутку. // Група ўдзельнікаў з’езда, канферэнцыі, нарады і пад., занятых абмеркаваннем адных і тых жа пытанняў. Работа канферэнцыі па секцыях.

2. Частка збудавання, канструкцыі, якая складаецца з некалькіх дэталей. Секцыя трубаправода. □ Даўжэй за ўсё свяцілася акенца ў кватэры на трэцім паверсе ў крайняй злева секцыі, дзе жыў паэт Дуброўскі. Мележ.

[Ад лац. sectio — разразанне, раздзяленне.]

се́кцыя 2, ‑і, ж.

Спец. Анатаміраванне, рассячэнне. Секцыя вены.

[Лац. sectio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сем, сямі, Т сямю, ліч. кольк.

Лік і лічба «7». Напісаць лічбу 7. Сем у пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 7. Сем вучняў. Сем алоўкаў. □ Сем разоў адмерай, а раз адрэж. Прымаўка. Чорт сем пар лапцей стаптаў, пакуль такую пару дабраў. Прыказка.

•••

Драць сем шкур гл. драць.

За сямю замкамі (пячацямі) гл. замок.

Злупіць (садраць) сем шкур гл. злупіць.

Сагнаць сем патоў гл. сагнаць.

Сем карабоў гл. кораб.

Сем пятніц на тыдні ў каго гл. пятніца.

Спусціць (зняць) сем шкур гл. спусціць.

У адзін дзень сем перамен — тое, што і сем пятніц на тыдні (гл. пятніца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сія, ‑і, ж.

1. Пасяджэнні розных прадстаўнічых органаў і калегіяльных устаноў, якія адбываюцца перыядычна, а таксама перыяд такіх пасяджэнняў. Сесія Вярхоўнага Савета. Юбілейная сесія ААН. Навуковая сесія. □ Ды раз у сесію Міхася К сабе ляснічы заклікае. «Ну, гэта нешта азначае», Ў Міхала думка праняслася. Колас. Судзіла [Ваешку] выязная сесія лінейнага суда. Шынклер.

2. Экзамены ў вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, а таксама перыяд здачы такіх экзаменаў. Вясна прыносіць і студэнтам многа клопату — прыходзіць экзаменацыйная сесія. Шахавец. [Андрыян Цітавіч] запытаўся, як Уладзік здаў экзамены, ці не цяжка было ў час сесіі, ці не адвык ад дому за год вучобы. Марціновіч.

[Ад лац. sessio — пасяджэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаблі́ць, скаблю, скобліш, скобліць; незак., што.

1. Знімаць, здзіраць з паверхні чаго‑н. верхні слой, кару і пад. [Настаўнік:] — Што гэта ў цябе, хлопчык? [Міхаська:] — А гэта скобля, жэрдзе скабліць. Скрыпка. Дошкі сонечным ранкам.. майстра сушыў, Як паспелі, рубанкам, фуганкам Скабліў і скабліў. Куляшоў. // Абл. Чысціць (бульбу). А дзяўчынкай, яшчэ да вайны, часта гаспадарыла ў суседчынай хаце: падмятала і мыла падлогу, памагала бульбу скабліць. Лось.

2. перан. Біць, катаваць; караць. [Дзед:] — І пачалі яны [ворагі] там, у нейкім сутарэнні, скабліць мяне бізунамі, ліць мне ў нос ваду з газай... Брыль. Астап Вячэра расказвае, як яго скаблілі бізунамі за ўдзел у паўстанні рыбакоў. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сква́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Прагны да багацця, хцівы, скупы. Надта ж прагавіты і сквапны быў бацька, надта ж пільнаваў, каб божа барані ніхто і хвілінкі не пасядзеў без работы. Сачанка. — Я чалавек не сквапны і за вялікім не ганюся, — растлумачыў .. [Бабейка] сваю просьбу. Хадкевіч. Не адступаў і бацюшка, хоць добра ведаў, што Хведар сквапны і больш не дасць. Кірэйчык.

2. на што, да чаго. Які прагна імкнецца што‑н. мець у вялікай колькасці; ласы да чаго‑н. [Ратчык:] — А я быў на .. [баравікі] не вельмі сквапны. Новікаў. [Паланевіч:] Я чуў, што .. [Буяк] на выпіўку сквапны. Крапіва. // Пажадлівы. Сквапнымі вачыма Крушынскі аглядае .. прыгожую постаць [Мэры]. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.

2. Добры, удачны. Складнае жыццё.

3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.

складны́, а́я, ‑о́е.

Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ладка,

1. Прысл. да салодкі.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне салодкасці, салодкага смаку. У роце соладка.

3. безас. у знач. вык. Разм. Пра стан здавальнення, шчасця, дастатку. Хоць не соладка і ў лесе было, але ж лес, брат, ёсць лес. Кожнае дрэва здавалася сцяной, за якой можна ўхавацца. Чыгрынаў.

4. безас. у знач. вык., каму-чаму і без дап. Пра радасныя, прыемныя адчуванні. Сэрцу соладка. На душы соладка, лёгка. □ Неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касавокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, боязна і хмельна. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спада́ць, ‑ае; незак.

1. Незак. да спасці.

2. Звісаць (пра валасы, тканіну і пад.). Залацістыя валасы, завіваючыся, спадалі на плечы. Грамовіч. [Барада], як непадрэзаны конскі хвост, спадала ў яго аж да самага пояса. Сяргейчык. // Спускацца, падаць (пра дым, імглу і пад.). З белага коміна на ўскраі сяла віўся белы дымок і спадаў у бок садка. Броўка.

3. Зніжацца, размяшчацца па нахільнай плоскасці. Па баках нашай звілістай і вузкай горнай дарогі ўздымаліся і спадалі схілы гор і крутыя шэрыя скалы. Мележ. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струх[л]елых пнёў. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сп’яне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць п’яным, ап’янець. Пасля пакурылі [Астаповя і Блецька], яшчэ выпілі па шклянцы, сп’янелі і яшчэ мацней пачалі гаварыць. Чорны. [Змітрок] выпіў адну чарку, потым другую, вельмі хутка забыўся на свой сорам і сум, разам з усімі смяяўся, жартаваў з Кузьмы, бо той неўзабаве зусім сп’янеў і заснуў проста за сталом. Сачанка. // Прыйсці ў стан, падобны да стану ап’янелага чалавека (ад пахаў, стомленасці і пад.). Мы проста сп’янелі ад гэтых кніг, ад усяго багацця, ад усяго хараства, пра якое, зразумела, раней не маглі і ў сне сасніць... Дубоўка. Гляджу я, — шаман ад песні больш, чым ад гарэлкі, сп’янеў; усе павесялела. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сталя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм.

1. Сталярныя вырабы. Усю зіму пратупаў Карл Раманоўскі ля свае хаты, сам зрабіў усю сталярку, а на вясну яго сям’я мела свой кут на пляцы дзеда Фелікса пад старой грушай-дзічкай. С. Александровіч.

2. Занятак сталярнай справай, рамяство сталяра. Зімою яшчэ сталяркаю [дзед Агей] трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла. Крапіва. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.

3. Сталярня. Дзяўчына бессаромна карысталася яго паслугамі. [Юнак] рашаў за яе задачы, рабіў дамашнія заданні, працаваў у сталярцы, на агародзе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)