тыпавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які з’яўляецца тыпам, узорам, мадэллю для чаго‑н. Дзяржбуду .. прапанавана распрацаваць .. новыя тыпавыя праекты будынкаў бібліятэк для розных раёнаў краіны. «Звязда».
2. Які адпавядае пэўнаму тыпу, узору, мадэлі; стандартны. Тыпавы кароўнік. □ Неўзабаве Мікола падышоў да гасцініцы. Гэта быў тыпавы трохпавярховы будынак, які можна сустрэць у любым больш-менш буйным раённым горадзе. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уверцю́ра, ‑ы, ж.
1. Музычны уступ да оперы, балета, драмы і пад. Уверцюра да оперы «Алеся». // перан. Пачатковы этап, папярэдняя частка чаго‑н. Прысвячаючы паэму «Сымон-музыка» беларускай моладзі, паэт напіша вельмі прачулую, глыбокую паэтычным .. сэнсам уверцюру, у якой у значнай меры раскрые сваё крэда паэтычнага бачання, адчування свету. Навуменка.
2. Невялікі музычны твор у форме санаты. Сімфанічная уверцюра.
[Фр. ouverture ад ouvrir — адкрываць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угары́, прысл.
У вышыні (у паветры, у небе); проціл. унізе. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Вялікі чырвоны месяц вісіць угары над лесам. Мурашка. Зоры сінія высока Зазвінелі ўгары. Броўка. Каляровыя шары пралятаюць угары, Як за птахам птах у вырай. А. Александровіч. // У верхняй частцы чаго‑н.; уверсе. Угары, недзе пад страхой, ціўкнуў спрасонку верабей. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уду́млівасць, ‑і, ж.
1. Здольнасць глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. У ім [Косцю] угадвалася сур’ёзнасць, удумлівасць — якраз тыя якасці, якія Вера цаніла ў людзях больш за ўсё. Шыцік. Паэт малюе вобраз Міхала з выключнай удумлівасцю, асцярожна і паступова. Навуменка.
2. Разм. Задуменнасць. На бялявым твары [Алесі] застыла ціхая ўдумлівасць чалавека, які сабраўся ў дарогу... Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улічы́ць, улічу, улічыш, улічыць; зак., каго-што.
1. Прыняць пад увагу, прыняць у разлік. Улічыць заўвагу. □ Адэля вельмі хутка ўлічыла ўсе абставіны і захацела выклікаць да сябе спачуванне. Броўка. З дому Марфа выйшла прыцемкам, не трацячы надзеі, што суд улічыць яе становішча. Сіняўскі.
2. Устанавіць наяўнасць каго‑, чаго‑н. шляхам падліку; падлічыць. Улічыць усіх спецыялістаў. Улічыць расходы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уто́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
Уткнуць, усадзіць што‑н. вострае, тонкае ў глыб або ўнутр чаго‑н. Андрэй спыніўся, узяў жмут вільготнай травы, абцёр касу, уторкнуў востры канец касільна ў зямлю. Дуброўскі. // Уставіць, палажыць што‑н. Трэнер панюхаў букецік, а потым, не падымаючыся з канапы, уторкнуў яго ў вузенькую.. вазу, што стаяла на падаконніку. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што і без дап.
Падаць (падаваць) у перабольшаным выглядзе; сказіць (скажаць) давядзеннем чаго‑н. да крайнасці. Утрыраваць думку. □ — «Як табе служыцца, з кім табе дружыцца?» — весела прадэкламаваў сын і гэтак жа весела адказаў: — Добра, бацька.. Не трэба многа думаць. Усё робіш па камандзе... — Не ўтрыруй, калі ласка. Ты не бяздумны аўтамат. Шамякін.
[Ад фр. outrer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушы́ць, ушыю, ушыеш, ушые; зак., што.
1. Прышыць, прымацаваць. Залатала матка.. [Міхасёву] сярмягу, ушыла гузікі. Колас. // Прышыць, зашыць што‑н. унутр, устаўляючы ў што‑н. Яшчэ днём у мяшок з толам ушылі гранату «лімонку», да канца яе прывязалі сто метраў кабелю. Карпюк.
2. Паменшыць памеры чаго‑н., забраўшы лішняе ў швы. Пілотка была вялікая, і яе ўшылі. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фатаграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., каго-што.
Адлюстроўваць на фотаплёнцы, на фатаграфіі. І ўсё ж шмат было незразумелага, і гэта трывожыла Сяргея. Для чаго яго фатаграфавалі з аўчаркай? Шахавец. Як толькі званы заціхлі, турысты хапіліся за свае фотаапараты, пачалі фатаграфаваць званіцу, уваход у храм, дворык. Краўчанка. // перан. Вельмі дакладна, натуралістычна перадаваць, капіраваць што‑н. (у мастацкай творчасці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фікса́тар, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Прыбор, прыстасаванне для рэгулявання, замацоўвання чаго‑н.
2. ‑у. Спец. Хімічныя рэчывы, якімі фіксуюць клеткі, тканкі, органы для захавання іх прыжыццёвай структуры.
3. ‑а. Той, хто фіксуе (у 2 знач.) што‑н. У сучасным мастацтве, гаворыць Міхась Савіцкі, ёсць нямала прыкладаў, калі натура бярэ верх. Творца становіцца фіксатарам. «Маладосць».
[Фр. fixateur.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)