палажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑дажыць; зак., каго-што.
1. Тое, што і пакласці (у 1, 2, 4, 5, 7, 8 і 9 знач.).
2. Нанесці зверху слой чаго‑н. Палажыць грунт на палатно.
3. Будуючы, узвесці на нейкую вышыню. Улетку .. [сын і маці] нанялі цесляра дзеда Архіпа, і той памаленьку палажыў яшчэ два вянцы на зруб. Краўчанка. // Наслаць, пралажыць, укласці. Палажыць падлогу. □ Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты. Колас.
4. Спец. Надаць якое‑н. становішча, напрамак (самалёту, судну). Палажыў [Пішчыкаў] машыну на крыло і спікіраваўшы строма, з першага ўдару падпаліў флагмана. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недарэ́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рацы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм.
1. Някемлівы, няўмелы чалавек; недалуга (у 2 знач.). [Юрку] здавалася, што ў яго нічога па-людску не выйдзе, і ён будзе выглядаць недарэкам. Карпаў. // Адсталы чалавек. Студэнт размаўляў са мной у манеры чалавека, перад якім хоць і добры вясковы хлапец, але ж .. недарэка ў параўнанні з ім, гарадскім бітым воўкам. Карпюк.
2. Тое, што і няўклюда. Апранутая ў заваляшчую сялянскую вопратку, Алімпа сапраўды мела выгляд нейкай вясковай недарэкі. Сабаленка.
3. Слабы, хваравіты, непрацаздольны чалавек; інвалід; недалуга (у 1 знач.). [Міканор:] — Паехалі.. [у Амерыку] здаровымі хлапцамі, а прыехалі адтуль хворымі, старымі недарэкамі. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сква́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Падсмажаны або звараны кавалачак сала. Злосна сквірчэлі на патэльнях духмяныя скваркі. Новікаў. Хоць і незнаёмы госць Для бацькоў, але — Скварка і яешня ёсць З чаркай на стале. Куляшоў. // Разм. Наогул сырое сала; адрэзаны кавалачак сырога сала для яды. [Жэньцы] дома трэба быць — парсючку піць занесці. Бо калі парсючок галодны будзе, дык і сала не нарасце, і скваркі не будзе. Крапіва. Бацька ўпіраўся, не хацеў вучыць дачок .. Грошай ад яго яны ніколі не бачылі. Так якой бульбы мех, круп, якую скварку прысылала маці. Арабей. Моўчкі ем гарачы блінец з сырой халоднай скваркай. Дайліда. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спасы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спасылацца — спаслацца. Калі ж Вабейка напісаў, што дом пабудаваны .. і што, каб не спасылка на яго, Ціхана, будавацца не дазволілі б, Ціхан адказаў надзвычай рэзка. Хадкевіч. Кавалёва слухала жанчын і была рада, што не пачула, каб хоць адна не паверыла ў свае сілы. Была толькі адна спасылка — на сям’ю. Дуброўскі.
2. Цытата, вытрымка адкуль‑н. або ўказанне крыніцы, на якую спасылаюцца ў асноўным тэксце. Бывае, што ў спасылках на крыніцы сустрэнеш набранае петытам імя першаадкрывальніка, першапраходц[а]. Юрэвіч. Прасіў [Кухарчык] толькі адно, каб спасылкі на крыніцы, з якіх бралася тое ці іншае палажэнне, Мая пісала на мове арыгінала. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумятня́, ‑і, ж.
Бязладная беганіна, мітусня, клопаты. — Толя! — пачуў ён скрозь шум і сумятню пасадкі. Брыль. І хоць выгляд у людзей заклапочаны, адчуваецца, што іх радуе гэтая святочная сумятня. Палтаран. // перан. Хаос (пра думкі, пачуцці і пад.). У Максіма адразу ёкнула сэрца. Ён здагадаўся, аб чым пойдзе гутарка. Трэба рашацца, а ў душы яго — адна сумятня. Машара. // Паніка, перапалох. Лагчынай, алешнікам .. [Ганарацкі] прабраўся да сыраварні ў Дубовым гарадку, зняў варту, вызваліў палонных і ноччу нарабіў сумятні ў паліцэйскім гарнізоне. Грамовіч. Сумятня ў горадзе нарастала. Няхай. Улучыўшы хвіліну, стралою мільгануў .. [каршун] у паветры і ў момант вока схапіў кіпцюрамі куранё ды панёс у лес. Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трашчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога ўтвараюць трэск, шум, стук, лёскат. — Ну, хоць бы з парачку трашчотак! — Гаворыць дзядзька: — Ну, нічога, І так мы зробім шуму многа І ўсім зайцам задамо страху! Колас. Адно вартаўнікі хадзілі па вуліцы ды бесперастанна трашчалі трашчоткамі. Чарот. // Ударны музычны інструмент, які складаецца з набору драўляных дошчачак.
2. перан. Разм. Той (тая), хто многа, не сціхаючы, гаворыць; балбатун (балбатуха). — Ды што вам гаварыць, трашчоткам, — стары чамусьці раззлаваўся, махнуў рукой і лёг на печы. Шамякін.
3. Машына для ачышчэння насення лёну.
4. Спец. Прыстасаванне для свідравання адтулін у цяжкадаступных месцах або з вялікім дыяметрам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак., каго-што.
1. і з інф. або дадан. сказам. Пераканаць словамі, заставіць згадзіцца з кім‑, чым‑н. [Анісім:] Нічога не будзе, хлопчыкі, не ўгаворыце. Гурскі. Трэба было абавязкова ўбачыць Сцепаніду Андрэеўну, угаварыць яе не пакідаць школы. Шахавец. [Данута:] Я не магу ўявіць смерці, і мне лёгка сябе ўгаварыць, што нічога не зменіцца, хоць мяне і расстраляюць. Карпюк. // Падказаць каму‑н. якую‑н. думку, рашэнне. [Марыля:] Нічога яму [Сымону], дзедка, не ўгаворыш. Не такой падатлівай натуры ён у мяне ўдаўся. Купала.
2. Супакоіць, уцешыць. Старая жанчына .. усе гэтыя дні вельмі ўжо сумавала па сынах сваіх і па мужу. Марылька не магла яе ўгаварыць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
1. Наглядаючы, пільнуючы, усцерагчы ад каго‑, чаго‑н. У Сцешыцах так: калі вечарынка — гароды не ўпільнуеш. Пташнікаў. — Сёння.. [Вайтовіч] мяне біць будзе, што не ўпільнаваў кароў, — раптам загаварыў пра сваё гора Грыша. Пальчэўскі. // перан. Дагледзець, ахаваць (ад непрыемнасцей, шкоднага ўздзеяння). Схіліў перад.. [Марынай] галаву, гатовы пачуць крык мацярынскага болю, папрокі. Яна магла спытаць: чаму я не ўпільнаваў яе сыноў. Шамякін.
2. Усачыць, не ўпусціць з-пад увагі. [Хлопчыку] хацелася хоць раз упільнаваць, як буслы нясуць з-за лесу ў дзюбе сявеньку з дзіцем. С. Александровіч. [Клава:] — Калі ты выязджаў — я не ўпільнавала. Я хацела цябе правесці, ды прыйшоў гэтая назола — Ясь. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе.
1. м. і ж. Чалавек з фізічным недахопам, з брыдкім абліччам. Хоць дзіцятка ўрода, Але бацьку шкода. Крапіва. Але мачыха давяла мужу, што сын у яго ўрода і няўклюда. Сачанка.
2. ж. Натура, характар; прырода. [Яўхім:] — Ну і цаца ж ты! Як бог знае, дзе расла! [Ганна:] — Дзе ні расла, а такая вырасла. Урода такая. І другая не буду! Мележ. Мы знаем, ён [дзядзька Антось] рыбак з уроды. І ўсякіх рыб ён знае ходы. Колас.
3. ж. Абл. Ураджай (у 2 знач.). — На сена ўрода ў гэтым годзе, — гледзячы, як растуць копы, падняўся Костусь. Васілевіч. Дай жыту, светлы май, Дождж і пагоду, Добрую ўроду Дай яму, дай. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.
1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.
2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)