прадба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Убачыць наперад, угадаць тое, што павінна адбыцца. Менавіта такую гаворку Антон і прадбачыў: Шыбасаў не будзе віляць, шукаць нейкія адгаворкі, не будзе апраўдвацца. Савіцкі. Я пытаю, ці дома Шайпак. — Як?.. Няма яго дома? Не прадбачыў я гэта ніяк. Куляшоў. // Вывучаючы, аналізуючы факты, даныя і пад., зрабіць правільны вывад аб далейшым развіцці чаго‑н. — Але і самы геніяльны камандуючы не можа ўсё прадбачыць, усё разлічыць, кожны ход ажно да перамогі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.
2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Атрымаць даныя, звесткі аб чым‑н.; пазнаць што‑н. Радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае. Колас. Мой кут лясны! Я змалку добра зведаў тваю лістоту, зоры і дажджы. Русецкі.
2. Спазнаць на ўласным вопыце, перажыць. Усяго давялося зведаць [Шымкевічам] у дарозе: і голаду, і холаду, і са смерцю нос у нос сутыкацца. Чарнышэвіч. «Рай» гэты аказаўся бяздонным пеклам і, каб выбрацца з яго, трэба было зведаць самую цяжэйшую з чалавечых пакут — жыццё без радзімы... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысні́ць, ‑сню, ‑сніш, ‑сніць; зак., каго-што.
Убачыць у сне. — Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон. — Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго, — жартаваў Янка. Колас. Жартаўлівы смех дзявочы, Галасы-званочкі... Ці прысніў я, ці то ява?.. Праціраю вочы... Лойка. І чаго толькі мне не ўяўлялася! Неяк раз нават прысніў, быццам Наташа знайшла планшэтку і, замест таго, каб папярэдзіць нас, занесла яе ў сваю школу... Шыловіч. / у вобразным ужыв. Крумкач глюгу звесіў Над згніўшай калодай... Прысніла Палессе Мінулыя годы. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
Разм. Угледзець, убачыць. Ступіўшы колькі крокаў па вуліцы, Лабановіч згледзеў так добра знаёмую постаць Ядвісі. Колас. // Упільнаваць каго‑н., дагледзець за кім‑н. Дзяцей многа, за ўсімі не згледзіш. // Заўважыць што‑н. [Андрыян Цітавіч] і не згледзеў, як мінула яшчэ пяць год. Марціновіч. Яшчэ лепш раскласці агеньчык дзе-небудзь у зацішку, засыпаць у прысак бульбу — і не згледзіш, як дзень пройдзе. С. Александровіч.
•••
Вокам не згледзець — а) цяжка ўбачыць, не разабраць; б) хутка, імгненна.
Як вокам згледзець — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усачы́ць, усачу, усочыш, усочыць; зак., каго-што, за кім-чым.
1. Назіраючы, сочачы за кім‑, чым‑н., паспець заўважыць, убачыць што‑н. У Мінску штодня адбываліся арышты. Абстаноўка там мянялася часта і ўсачыць ён усімі зменамі ў падполлі было надзвычай цяжка. Дзенісевіч. Творчы працэс вельмі складаны, за ім не ўсочыш і не ўціснеш у нейкія формулы. Сяргейчык.
2. Назіраючы за кім‑, чым‑н., не дапусціць чаго‑н. непажаданага, утрымаць ад якіх‑н. непажаданых учынкаў. Аднак увесь час усачыць за Панцем было нялёгка. Што больш хлапчук падрастаў, то ўсё горш рабіўся непаседлівы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. набраў, ‑брыла, ‑ло; зак.
1. на каго-што і без дап. Ідучы, выпадкова на каго‑, што‑н. наткнуцца, натрапіць, убачыць каго‑, што‑н. Неяк пад восень, на тарфяным балоце, ноччу .. [Казя] набрыла на поўную вады [яму]... Брыль. І ў цяньку пад плотам я набрыў на хлопчыка, які соладка спаў. Пестрак. — Хадзем адсюль, а то яшчэ хто набрыдзе, сорамна будзе, — сказала Галя. Сабаленка. // перан.; без дап. З’явіцца, узнікнуць. Зноў набрылі тыя неспакойныя думы: а каб чаго не выйшла? Броўка.
2. безас. Разм. Прыйсці ў нейкай колькасці. Украінцаў тут гурма Й Старобінцаў нашых Набрыло, як на кірмаш, На багнаву пашу. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
Разм.
1. Выпадкова сустрэцца, трапіцца. Мабыць, я доўга блукаў бы па гэтых дарогах і сцежках, як у дрымучым лесе, калі б чалавек, якога я хацеў перш-наперш убачыць, не натрапіўся мне сам. Хадкевіч. Пачыналася квартальная справаздача, старшы наш бухгалтар Наўроцкі збіраўся пасля яе пайсці на пенсію, трэба было даць яму некага ў памочнікі. Якраз на гэты час натрапіўся Собіч. Скрыган. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадкова знайсціся. [Любе] натрапілася ў рукі адна рэч. Гэта быў зусім змяты і пацёрты заклеены канверт. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдацца, выпасці; надарыцца. Прымаючы ў сваю групу чалавека, Алёша пытаў у яго: — Гарэлку п’еш?.. — Калі натрапіцца, — адказваў часам.. хлопец. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што або з дадан. сказам.
1. Убачыць, звярнуць увагу; заўважыць. Шэранькую, пад колер пасохлай травы, [птушку] цяжка прыкмеціць. Пальчэўскі. Агей, прайшоўшы на другі дзень па вуліцы, прыкмеціў, што побач з разбуранымі хатамі стаяць новыя — пяцісценкі. Каваль. Разведчыкі прыкмецілі: штосьці непакоіць Белазора. Янкоўскі. // Убачыўшы, звярнуўшы ўвагу, запомніць. Ты прыкмеціў таго дзядзьку, што прыходзіў да нас учора раніцай? Новікаў.
2. Звярнуць асаблівую ўвагу, вылучыць сярод іншых. Дом пісьменнікаў.. стаў тым месцам, дзе хутка перазнаёміліся ўсе — і старэйшыя і маладзейшыя. Якуб Колас прыкмеціў і мяне — маладога паэта. Хведаровіч. [Маёр] прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Быкаў.
3. Прыгледзець, падшукаць; намеціць. — Паеду пад Баранавічы, там месца добрае прыкмеціў у адной вёсцы... Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. на каго-што, у каго-што і без дап. Уважліва паглядзець, прыгледзецца, стараючыся разгледзець, убачыць што‑н. [Старшына] ўскочыў, яшчэ ўгледзеўся ў далёкі сцямнелы краявід. Быкаў. Хадоська недаверліва ўгледзелася ў Захарыху і паспакайнела — нічога страшнага, жанчына як жанчына. Мележ. Шура ўгледзеўся на дзядзьку, як на нейкі дзіўны прывід. Ставер. [Хлопцы] ўгледзеліся — заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Маўр.
2. у каго-што. Не зводзячы вачэй, нерухома глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; уставіцца, утаропіцца. [Каця] падклала пад галаву рукі і ўгледзелася ў цёмна-сіняе акно. Гаўрылкін.
3. з кім. Абл. Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына. Не стрэўся з дачкою, Не ўгледзеўся з сынам. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)