Трэ́ці — парадкавы лічэбнік ад тры (ТСБМ, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., ТС; в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ), треццій, тре́цьцій ‘тс’ (Нас., Бяльк.), ‘асабіста не зацікаўлены ў тым, што датычыць дзвюх асоб, пабочны; не галоўны па значэнні, трэцярадны’ (ТСБМ); трэ́цяе ‘салодкая страва’ (там жа), трэці род ‘родныя акрамя роду маладога і маладой на вяселлі’ (д.-гарад., Дзеяслоў, 2009, 1, 85), трэ́ця стрэ́ча ‘траюрадныя браты і сёстры’ (воран., Сл. ПЗБ), трэ́цяя нядзе́ля ‘трэцяя квадра’ (пух., Жыв. сл.), ст.-бел. третий, тредтий, третей, трети, треттий, треций, третий ‘трэці’ (ГСБМ). Параўн. укр. тре́тій, рус. тре́тий, польск. trzeci, палаб. tritĕ, н.-луж. tśesi, в.-луж. třeci, чэш. třetí, славац. tretí, славен. trétji, харв. trȅći, серб. тре̏ћи, балг. трѐти, макед. трет(и), ст.-слав. трети. Прасл. *tretьjь ‘трэці’ (ЕСУМ, 5, 632) ці (поўная форма) *tretьjьjь (Сной₂, 782), якая развілася з і.-е. *tre‑t(i) i̯o, утворанай ад асновы колькаснага лічэбніка м. р. *tréi̯es ‘тры’ (< tr‑ei‑es), ад якой паходзіць таксама прасл. *trьje ‘тры’ (м. р.), і суф. *‑t(i)i̯o (Борысь, 648; Махэк₂, 657). Індаеўрапейскія адпаведнікі прасл. *tretьjь узыходзяць да дзвюх формаў: tre‑ (літ. trẽčias, лат. trešs) або да *tr̥‑tii̯os ці *tri‑tii̯os: ст.-прус. tírts, ст.-інд. tr̥tíyas, авест. ϑritya‑, тахар. В trit, гоц. þridja, лац. tertius (< *tritīos), ст.-грэч. τρίτος, алб. tretë. Дапускаецца, што ‑e‑ ў гэтай аснове, магчыма, узыходзіць да больш старога ‑i‑ (параўн. лічэбнік ж. і н. р. *tri < і.-е. *trih₂ — гл. Сной₂, 782; Каруліс, 2, 428; Скок, 3, 500–501): вед. trī ‘тры’, лац. trī‑gintā ‘трыццаць’. Сюды ж трацяк, траціна, траціны 2, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

здо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і здале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. з інф. Быць у стане зрабіць, выканаць што‑н. [Таня] ведала; каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома. Шамякін. Вее крыл узмах На прасторы сінім, Мы пракласці шлях Здолеем, асілім. Пушча.

2. з інф. Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. пры пэўных абставінах. Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Чорны. — У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Васілёнак.

3. каго-што. Адолець, асіліць, змагчы. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. // перан. Цалкам завалодаць (пра фізічны стан). У палатцы пад ялінай Сон здалеў, схіліў Марата, Задрамаў, заснуў хлапчына. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыты́чны ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Які заключае ў сабе крытыку (у 1, 3 знач.), з’яўляецца крытыкай. Крытычныя заўвагі. Крытычны артыкул. Крытычная літаратура.

2. Здольны крытычна адносіцца да каго‑, чаго‑н. Крытычны розум. □ У гэтым абуджэнні крытычна[й] думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Колас.

•••

Крытычны апарат гл. апарат.

Крытычны рэалізм гл. рэалізм.

крыты́чны ​2, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане крызісу; пераломны. Крытычны момант хваробы. □ Той ўзрост, калі мінула трыццаць і такія грукаюць гады, што сталым хоць і не час лічыцца, ды назвацца нельга маладым, — той ўзрост крытычны, ў тым узросце ў сябе пытаюцца часцей: ці зрабіў, што мог бы ў маладосці, і якім імкненнем жыць далей? Русецкі.

2. Вельмі цяжкі, небяспечны. Крытычнае становішча. □ Партызанская зухаватасць, якая ў крытычны момант ратавала не аднаго партызана, памагла і тут. Карпюк.

•••

Крытычная тэмпература гл. тэмпература.

Крытычны стан рэчыва гл. стан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сезо́н, ‑а, м.

1. Адна з чатырох пор года. Летні сезон. □ Што ні кажы, на дварэ трыццаць градусаў, а касцюм у хлопца яўна не па сезону. Беразняк. Як ніткі — тоненькія бровы, і кудзерцы — бялюткі лён. Пашые дзяўчына абновы На ўсю вясну, на ўвесь сезон. Пысін.

2. Частка года, найбольш прыдатная для якіх‑н. работ, адпачынку і пад. Будаўнічы сезон. Купальны сезон. □ Ці ж гэта жарт — бесперабойна працаваць увесь сезон, захаваць у спраўнасці ўсе машыны і ўвосень на іх даваць па дзве — дзве з палавінай нормы. Хадкевіч. На Чорным моры ў верасні сама што сезон. Васілёнак. Кожны з тэатраў рэспублікі за сезон ужо ставіць па некалькі арыгінальных твораў. «Полымя». Дачакаліся мы паляўнічага сезона палявання на птушак. Ведаеце, рукі самі так і цягнуцца да стрэльбы. Грамовіч. // Час выспявання якіх‑н. пладоў і пад. Вінаградны сезон.

•••

Бархатны сезон — асеннія месяцы (верасень, кастрычнік) на поўдні.

Мёртвы сезон — перыяд застою ў прамысловасць гандлі (у капіталістычных краінах).

[Фр. saison.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дар, ‑у; мн. дары; м.

1. Тое, што даецца ва ўласнасць дарма; падарунак. А гэта скрыня — дар ад мужа, Як быў яшчэ ён жаніхом. Колас. // часцей мн. (дары́, ‑оў). Ахвяраванні. Не памыліўся поп, — прыход У храм быў паўнаводны; На багамолле плыў народ, Вязлі дары падводы. Жычка.

2. Плён працы, якой‑н. дзейнасці; тое, што дае прырода. Дары лесу. □ Кажуць, ураджай — дар зямлі. На самай справе, гэта дар людской працы. Гроднеў. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.

3. Здольнасць, талент. Дар музыканта. Паэтычны дар. □ Гэта быў мужчына гадоў за трыццаць, адукаваны, вопытны арганізатар з прыродным дарам красамоўства. Машара.

•••

Божы дар (уст.) — усё, што даецца ад прыроды.

Дар данайцаў — каварная паслуга з мэтай прычыніць зло, загубіць.

Дар за дар — паслуга за паслугу. — Вось што, браце Даніла, — сказаў.. [Мікола], — Дар за дар, а дарма нічога. Я цябе выручыў, і ты мяне выруч. Брыль.

Дар слова — а) здольнасць гаварыць; б) здольнасць гаварыць свабодна, прыгожа, вобразна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рост, ‑у, М ‑сце, м.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. расці. // Павелічэнне колькасці. Рост насельніцтва. Рост пагалоўя жывёлы. // Узмацненне, павышэнне. Зіма Сталінграда была зімой магутнага росту партызанскіх сіл, іх пераможнага наступу. Шамякін. Для Максіма Танка з’езд [пісьменнікаў СССР] быў вялікай падзеяй, ідэі, узнятыя там, знайшлі ў ім гарачага прыхільніка і дапамаглі яго творчаму росту. У. Калеснік.

2. Вышыня чалавека або жывёлы. Гэта быў невялікага росту, прысадзісты, шыракаплечы чалавек год пад трыццаць. Мяжэвіч. Сярэдняга росту .. мужчына ў афіцэрскім кіцелі і простых кірзавых ботах, размахваючы жоўтай палявой сумкай, нёс на сваім смуглявым твары вясёлую ўсмешку. Паслядовіч.

•••

Ва ўвесь рост, на ўвесь рост — а) стоячы, прама; б) поўнасцю, на ўсю фігуру (пра фігуру чалавека на фатаграфіі, партрэце і пад.); в) перан. патрабуючы неадкладнага вырашэння; г) перан. поўнасцю, як мае быць, як належыць. Словам, гаспадар абудзіўся ў Мікіце ва ўвесь рост. Колас.

У касы сажань ростам гл. сажань.

У поўны рост, на поўны рост — тое, што і ва ўвесь рост.

У рост чалавека — прыблізна такой вышыні як чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адабра́ць ​1, адбяру, адбярэш, адбярэ, адбяром, адбераце; зак., каго-што.

1. Прымусіць каго‑н. аддаць які‑н. прадмет; сілай забраць у каго‑н., што‑н. Дубінка — скок, скок! Пабегла, адабрала ў ведзьмара гуслі. Якімовіч. Дануся, пакрыўдзіўшыся, адабрала касу і закінула за плячо. Карпюк. Ля сэрца ён хаваў іх [вершы] і бярог, Каб не знайшлі, не адабралі каты. Танк. // Пазбавіць каго‑н. права карыстацца чым‑н. Адабраў пан пасеку, і за гадоў дваццаць пяць парос на ёй густы ельнік ды бярэзнік. Гарэцкі. // Пазбавіць каго‑, чаго‑н., забраўшы сабе, забіўшы, зруйнаваўшы. [Наталля:] — А пасля да мяне прыйшла жанчына і сказала, што я адабрала ў яе мужа. Скрыган. Толькі адно пачуццё яскрава жыло ў Арыне: нянавісць.. да Патапчыка. Гэта ён зглуміў яе шчасце, адабраў у яе чалавека. Чарнышэвіч. [Наста:] Майго любага сына Адабрала вайна, І надзеяй адзінай Засталася яна [Таццяна]. Глебка.

2. Пазбавіць каго‑н. якіх‑н. пачуццяў, якасцей, права на што‑н. Стары Няміра стагнаў на саломе — трывога, здарожанасць адабралі ў яго ўсе сілы. Чорны. [Тася:] — А вайна ўсё зрабіла трагедыяй, усё ў мяне адабрала: і першае каханне, і сям’ю, і нават права быць матуляй. Гарбук. Вораг, якога мы пазналі ў верасні трыццаць дзевятага года, цяпер захацеў адабраць у нас волю і шчасце ўжо назаўсёды. Брыль. // Пазбавіць чаго‑н., што дае сродкі на існаванне. [Алаіза Пашкевіч:] — Я ведаю, што ў вас [рабочых] дзеецца на заводзе. Ведаю, што Суравіч звольніў трыццаць чалавек. Выгнаў іх з завода, адабраў кавалак хлеба. Арабей. У калгасе прыладзіўся [Хмыль] вупраж выдаваць: у старых работу адабраў. М. Стральцоў.

3. Выдаткаваць, патраціць нейкую колькасць часу (сілы, сродкаў, здароўя) на выкананне чаго‑н. Старшы лейтэнант, які то хадзіў туды-сюды, то паглядваў нецярпліва за рэчку, падумаў, што гэтая пераправа адбярэ ў яго многа часу. Мележ. Нямала адабраў здароўя апошні працэс — групавая справа малалетніх парушальнікаў. Васілевіч.

4. безас. Страціць здольнасць чым‑н. валодаць. У Мяфодзія Паўлавіча на некаторы час адабрала мову. Чарнышэвіч. Адабрала ногі, цела змарыла неадольная млявасць. Дуброўскі.

5. Выбраць з аднастайных прадметаў асобныя з іх, якія вылучаюцца пэўнай якасцю або прыкметай. Настаўнік прапануе вучням яшчэ адабраць патрэбныя словы... Самцэвіч. [Сакратар:] — Там [у парткабінеце] з ім [загадчыкам аддзела прапаганды] адбярыце неабходную літаратуру, парайцеся наконт тэмы і плана даклада і — дзейнічайце. Сіўцоў.

6. Спец. Выстругаць адборнікам фігурную паверхню чаго‑н.

адабра́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адобрыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.

1. Абкласці каго‑, што‑н. з усіх бакоў; акружыць чым‑н. Аблажыць градку дзёрнам. Аблажыць хворага падушкамі.

2. Аздабляючы, упрыгожваючы, пакрыць паверхню чаго‑н., чым‑н.; абліцаваць. Аблажыць сцены мармурам. // Абкантаваць, абшыць па краях. Аблажыць аксамітам рукавы і каўнер.

3. Пакрыць, ахінуць суцэльнай заслонай; абвалачы. Ён [цягнік] збавіў ход імклівы трошкі, Адхоны дымам аблажыў. Калачынскі. / у безас. ужыв. Усё неба аблажыла. // безас. Пры хваробе пакрыць (горла, язык) белым налётам. Горла аблажыла.

4. Акружыць войскам; асадзіць. Аблажыць крэпасць. □ Мала таго, што рэспубліку аблажылі з усіх бакоў інтэрвенты і белагвардзейцы, — на яе насоўваецца жахлівая здань голаду. Гамолка.

5. Абавязаць да выплаты чаго‑н. Аблажыць падаткам.

6. Адвярнуць, апусціць, расправіць. Аблажыць каўнер.

7. Разм. Паваліць, абваліць; забіць. Сабак жа завёў, што каня аблажыць могуць. Кірэйчык. Ён слухаў разам з намі воўчыя песні і расказваў, як учора ноччу конюх у іх на участку з кладоўкі праз акно аблажыў аднаго старога канятніка. Пташнікаў. // Зрэзаць, ссячы. Аблажыць сасну. □ Гектараў трыццаць мужчыны ўжо аблажылі, і яна [трава] ляжыць у пракосах. Сабаленка.

8. Разм. Груба аблаяць. Гальяш, не вытрымаўшы, аблажыў сялян моцным слаўцом. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. згас, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, загаснуць. Ракета прарэзала заслону дажджу, зашыпела ў вышыні і згасла. Шамякін. Пад вечар згаслі яркія кастры. Танк. / Пра канец дня і надыход ночы. Дзень згас.

2. перан. Знікнуць, кончыцца (пра пачуцці, надзеі і пад.). Не згасне той запал агністы, З якім пад шолах кумача Кляліся сэрцам урачыста Ва ўсім браць прыклад з Ільіча. Бялевіч. На задні план сышлі згрызоты, Агонь і жар у сэрцы згас. Колас. / Пра жыццё, сілы. Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы, Яшчэ не слабнуць сэрца крылы, Не адцвіла ў душы вясна! Гілевіч. // Зачахнуць, памерці (пра чалавека). [Маці] хутка згасла на непасільнай працы, як свечка на ветры, у свае трыццаць дзевяць год. Клышка. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас. // Страціць жывасць, выразнасць (пра вочы, позірк, усмешку). Вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула.. [Васіля], усмешка на чырванашчокім твары згасла. Мележ.

3. перан. Страціць значэнне, забыцца. Ніколі не згасне слава аб тых, хто аддаў сваё жыццё ў імя людскога шчасця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́хаць, еду, едзеш, едзе; едзем, едзеце, едуць; заг. едзь; незак.

1. Рухацца па сушы, па вадзе пры дапамозе якіх‑н. сродкаў перамяшчэння. Ехаць чыгункай. Ехаць у трамваі. Ехаць вярхом. Ехаць на лодцы. □ Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Лынькоў. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім. Якімовіч. // Рухацца, каціцца (пра сродкі перамяшчэння). Гасцінцамі ехалі то туды, то сюды вайсковыя абозы. Чорны.

2. Накіроўвацца куды‑н., выкарыстоўваючы якія‑н. сродкі перамяшчэння; ад’язджаць; рабіць паездку. Ехаць за граніцу. Ехаць на фронт. □ Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў. Колас.

3. перан. Разм. Выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду з каго‑, чаго‑н. — На татку едуць, пакуль татка не з’ездзіцца, — сказаў, як стары, Вова недзе чутыя словы. Гурскі. — Склалі дзесяць год таму назад сякі-такі планік і з таго часу едзем на ім. Кулакоўскі.

4. Ссоўвацца, саслізгваць са свайго месца. Шапка едзе на вочы.

•••

Далей (ехаць) некуды гл. некуды.

На тройках ехаць — вучыцца пасрэдна, без асаблівага старання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)