вы́седзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. без дап. Прасядзець, прабыць дзе‑н. пэўны час. Выседзець да канца спектакля. Выседзець пры хворым цэлыя суткі.
2. каго. Седзячы на яйцах, вывесці птушанят. Галубы ў старым, дзіравым кошыку, падвязаным пад лацінай, выседзелі галубянят... Брыль.
3. перан.; што. Разм. Дасягнуць чаго‑н. доўгім сядзеннем. [Старац:] — Нічога, пані гаспадыня, тут не выседзіш. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каржакава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Нізкі, з тоўстым сукаватым ствалом (пра дрэва). Дзед заняў пазіцыю пад старым прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Колас.
2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу; каранасты (пра чалавека, яго постаць). [Міхей] быў малы супроць сваёй жонкі, але каржакаваты, з сілай у кожным вузле цела — галава ў лобе шырокая, у плячах ёмкі, хаця плечукі прыўзнятыя. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастарэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць старым, старэйшым. Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, проста душой падабралі. Панчанка. Анежка.. з жалем паглядала на Алеся, які, здавалася ёй, пастарэў за гэты час. Броўка. Разам з гаспадаром Казімірам пастарэлі і бярозы пад акном і яблыні ў садзе, наогул, усё пастарэла ў фальварку. Пестрак. За тыдзень свет, здаецца, пастарэў. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрыярха́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да патрыярха (у 1 знач.). Патрыярхальны род.
2. Верны старым традыцыям. Патрыярхальны ўклад жыцця. Патрыярхальнае выхаванне. □ У доўгай паношанай світцы, падпяразанай саматканым шырокім поясам, ён [падарожнік], здалося Андрэю, прыйшоў з нейкай далёкай патрыярхальнай старыцы. Пестрак. Цяпер, калі патрыярхальныя абрады і звычаі, што паслужылі асновай прыказак, пайшлі ў забыццё, асобныя прыказкі становяцца незразумелымі. Саламевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі спелы. У паветры адчуваўся пах пераспелага рамонку і прэлага жаўталісця. Хведаровіч. На старым вішняку дзе-нідзе чарнелі буйныя пераспелыя ягады. Ігнаценка.
2. перан. Разм. іран. Які выйшаў з гадоў, узросту, уласцівага якому‑н. становішчу. Пераспелая нявеста. □ Пераспелы кавалер, калі Казік Сядзёлка ў свае трыццаць з лішкам год усё яшчэ не дабраў часу наладзіць асабістае жыццё. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераста́рак, ‑рка, м.
Разм.
1. Той, хто стаў старым для чаго‑н.; які перасягнуў мяжу адпаведнага ўзросту. «Вывучуся яшчэ. Не перастарак, маё ад мяне не ўцячэ. Вернецца Барыс, тады тое будзе», — падахвочвала часам бацьку і сябе дзяўчына. Пальчэўскі.
2. Старая дзеўка. [Антаніна] была перастарак, даўно заседзелася ў дзеўках і хоць добры мела пасаг, ніхто не квапіўся на яе багацце. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыплы́сці і прыплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. прыплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.
Плывучы, дасягнуць якога‑н. месца, прыбыць куды‑н. У тыю ж ноч, пад раніцу, прыплылі на лодцы са старым рыбаком дзедам Лаўрэнам Цімох Бураў і Алена Рыгораўна. Шамякін. Шмат год таму назад, калі яшчэ на месцы сённяшняй сталіцы Ісландыі было голае месца, першымі сюды прыплылі нарманы. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нарабі́цца, ‑раблюся, ‑робішся, ‑робіцца; зак.
1. Парабіць многа, уволю; напрацавацца. Наравіцца за сваё жыццё. □ Хочацца наравіцца да поту, далон[н]ю абцерці.. твар і напіцца з біклагі рэзкага квасу... Мурашка. // Стаміцца на працы. [Расольчыха:] — Ігнат як наробіцца .. [на дачы] за выхадны, дык і гаварыць яму ні з кім не хочацца. Паслядовіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Здарыцца, адбыцца. Тым часам у старым маёнтку нарабілася шмат бяды. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Скудзе́льніца ‘пралля, якая са сваёй работай прыходзіць да сябровак’ (стаўб., карэліц., Жыв. сл.), ‘папрадуха’ (навагр., дзярж., Нар. сл.). Да кудзе́льны < кудзеля (гл.) з суф. ‑іц(а); укр. куде́льна хижа ‘памяшканне, дзе бываюць вячоркі, дзе прадуць кудзелю’. Скудзе́льство ‘вячоркі’ (Сл. рэг. лекс.), мяркуючы па суфіксацыі (‑ств‑), можа быць паланізмам. Параўн. кудзельніцы ‘тс’, гл. Пачатковае с‑, відаць, ад першаснага с кудзеляй (ісці) або ў выніку збліжэння са старым скудзе́ль ‘гаршчок’ (ТСБМ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вірзія́ 1 ’чалавек, які гаворыць абы-што’; ’лухта’ (Бяльк.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне са старым суф. ‑ьja (як суддзя < sǫdьji). Да вярзці́ (гл.). Гл. яшчэ вярза́.
Вірзія́ 2 ’вялікі чалавек’ (Бяльк.). Кантамінаваная назва ад вірзія 1 і вядомага ва ўсх.-маг. гаворках рус. верзила ’бамбіза, вялікі чалавек’, этымалогія якога няясная. Аднак, паводле семантыкі, лексему можна супаставіць з гоц. *wrisila, якое магло даць слав. vьrzila, параўн. ст.-н.-франц. wrisil, ст.-сакс. wrisitīk ’гіганцкі, магутны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)