чы́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чытаць (у 1, 2 знач.).
2. Чытанне ўголас чаго‑н. Даклад аб жыцці і творчасці Сяргея Ясеніна зрабіў адзін з крытыкаў.. Пасля даклада пачалася чытка вершаў. Хведаровіч. Аграном прыступіў да чыткі і абмеркавання прыкладнага статута сельгасарцелі. Брыль.
3. Чытанне акцёрамі п’есы па ролях (від рэпетыцыі). Чытка п’есы. □ Чыткі ў нас часта ператвараліся ў практыкаванні па акцёрскай распрацоўцы характараў герояў рамана ці аповесці. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паасо́бны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які існуе, дзейнічае самастойна побач з іншымі. На самай віднай сцяне.. былі змешчаны групавыя і паасобныя фатаграфіі. Паслядовіч. Не толькі шматлікія хоры [оперы], але і паасобныя выканаўцы мелі поспех. Рамановіч. // Адзінкавы, рэдкі; некаторы. Залпы і паасобныя стрэлы ўсё мацнелі, гусцелі і ўрэшце зліліся ў суцэльны гул. Мележ. Паасобныя лісткі трымцелі і свяціліся, як медзь. Лынькоў.
2. Ізаляваны ад іншых, падобных, не звязаны з іншымі. [Сцёпка:] — Жывём мы ў агульным памяшканні ў паасобных пакойчыках. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сканда́л, ‑у, м.
1. Падзея, якая ганьбіць яе ўдзельнікаў, ставіць іх у няёмкае становішча. Я думаў, што зараз будзе вялікі скандал, бо я не толькі не змагу сказаць ніводнага слова, але і павалюся на сцэне. Рамановіч.
2. Сварка з крыкам, бойкай і пад. Саўка Мільгун.. нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ нырнуў яго, войта, нажом у бок. Колас. Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Карпаў. Усё абышлося ціха, без скандалу. Васілевіч.
[Фр. scandale.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ахвя́ра, ‑ы, ж.
1. Прадмет або жывая істота, прынесеныя ў дар бажаству паводле абрадаў некаторых рэлігій.
2. Добраахвотная ўступка, адмаўленне, адрачэнне на карысць каго‑, чаго‑н. Навука патрабуе ахвяр. Ахвяра пешкі. □ Галіна перайшла да сваёй цёткі, уступіўшы свой пакой Андрэю. Андрэй спачатку не згаджаўся прыняць такую ахвяру. Рамановіч.
3. Пра таго, хто пацярпеў або загінуў ад якога‑н. няшчасця, стыхійнага бедства, сацыяльнага зла, нядобрых людзей. Ахвяры вайны. Ахвяра аўтамабільнай катастрофы.
•••
Пасці ахвярай чаго гл. пасці.
Прынесці ў ахвяру што гл. прынесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шыкава́ць 1, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Разм. Жыць з шыкам; праяўляць у чым‑н. шык; фарсіць. Каб усе пабачылі, як ён шыкуе, сядок падоўгу разлічваўся з барадатым рамізнікам у сінім зіпуне. Рамановіч. [Унук] шыкаваў цяпер у доўгім габардзінавым макінтошы і ў чорным не па галаве берэце з хвосцікам наверсе. Ракітны.
шыкава́ць 2, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што.
Абл. Рыхтаваць, падрыхтоўваць. Спіць сабе [Валодзька] да абеду, а надвячоркам распальвае вуголлі ў прасе, шыкуе штаны. Гроднеў. // Запасіць што‑н. Шыкаваць палотны ў пасаг.
[Польск. szykować.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інтана́цыя, ‑і, ж.
1. Тон, характар вымаўлення, якія выражаюць пачуццё таго, хто гаворыць, яго адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці яго душэўнага складу. Аратарскія інтанацыі. Начальніцкія інтанацыі. □ — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў .. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — Вы мяне ўсхвалявалі, — сказаў Вэня з бяздушнай інтанацыяй гэту штучную фразу. Чорны.
2. Рытміка-меладычны лад мовы, чаргаванне павышэнняў і паніжэнняў тону пры вымаўленні. Пытальная інтанацыя. Размоўная інтанацыя.
3. Дакладнае па вышыні выкананне ўсіх музычных гукаў.
•••
Сыходная інтанацыя — інтанацыя з паступовым паніжэннем тону.
Узыходная інтанацыя — інтанацыя з паступовым павышэннем тону.
[Іт. intonazione.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прані́злівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які рэзка гучыць, рэжа слых. Крык быў поўны такога адчаю і быў такі пранізлівы, што ўсе, хто сядзеў поплеч, мімаволі ўвабралі галовы ў плечы. Лынькоў. Раптам цішыню парушыў пранізлівы званок з пярэдняга пакоя. Рамановіч.
2. Вельмі моцны, рэзкі, які наскрозь пранізвае (пра холад, вецер, боль і пад.). Дзьмуў халодны, пранізлівы вецер. Асіпенка. Цемра пагусцела, і халадок з ракі стаў пранізлівы. Хадкевіч.
3. Востры, пільны (зрок, погляд і пад.). Саўку было нават трохі няёмка пад такім пранізлівым позіркам Цімохавых вачэй. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свяці́льня, ‑і, ж.
1. Асвятляльная прылада ў выглядзе невялікай бляшанай лямпы, лампады, у якую наліваецца масла, тлушч і пад. Замест электрычнасць Сіта, іхняя [Івана і Аляксея] перакладчыца, прынесла медную свяцільню. Б. Стральцоў. // Высокая падстаўка для асвятляльных прылад, свечак. — Толькі ў мяне Машэка жыве, — заўважыў Купала, — у звычайнай бярлозе ў лясным гушчары, а ў вас там — цэлы падземны палац, з дыванамі ды свяцільнямі. Рамановіч. / у паэт. ужыв. Не, сэрца не каменьчык, Абросшы мохам, цвіллю, Яно — нібы агеньчык, Яно — мая свяцільня. Матэвушаў.
2. Вялікая асвятляльная прылада, а таксама арматура да яе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сту́дыя, ‑і, ж.
1. Майстэрня мастака або скульптара.
2. Школа для падрыхтоўкі мастакоў, скульптараў, артыстаў, дзе вучэбныя заняткі спалучаюцца з творчай практыкай. Студыя выяўленчага мастацтва. Оперная студыя. □ [Пісьмы Саковіча] памаглі мне прайсці ўвесь нялёгкі шлях вучобы ў студыі і закончыць яе на выдатна. Рамановіч. // Творчы калектыў артыстаў, мастакоў пэўнага мастацкага напрамку.
3. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, з якога вядуцца радыё- і тэлеперадачы або ў якім праводзяцца здымкі кінафільмаў. Студыя дакументальных фільмаў. □ У цэнтры так званай малой студыі, дзе размешчана розная апаратура, ёсць невялікая пляцоўка, адкуль выступаюць дыктары. «Маладосць».
[Іт. studio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умасці́ць, умашчу, умосціш, умосціць; зак.
1. што. Разм. Вымасціць паверхню чаго‑н. (каменем, дрэвам і пад.). У парыжскі брук умошчаны акрываўленыя камяні Бастыліі. Рамановіч.
2. што. Разм. Змясціць што‑н. на невялікім месцы. Умасціць усе рэчы на воз. □ [Блішчыха:] — Можа павячэраеце з дарогі... — І ля місы з агуркамі ўмасціла цёмную пляшку. Кухараў. Падушкі, хоць і непатрэбна было іх столькі, умасціў [Аўсянік] усе чатыры. Васілевіч.
3. перан.; каго. Абл. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. [Скуратовіч] узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані пакаёўкай. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)