і́скра, -ы, мн. -ы, -аў, ж.
1. Маленькая часцінка распаленага або палаючага рэчыва.
Стралялі іскрамі дровы.
2. Яркі зіхатлівы водбліск, бліскучая кропка.
Іскры снегу.
3. перан., чаго. Пачатак, пробліск, праяўленне якога-н. пачуцця, думкі, таленту.
Іскры надзеі.
○
Электрычная іскра — род імгненнага электрычнага разраду.
◊
Аж іскры з вачэй пасыпаліся (разм.) — пра замарачэнне ад болю ў выніку моцнага ўдару па галаве.
|| памянш. і́скарка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.
|| прым. і́скравы, -ая, -ае (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
тармазі́ць, -мажу́, -мо́зіш, -мо́зіць; -мо́жаны; незак., што.
1. таксама без дап. Запавольваць або спыняць рух чаго-н. (звычайна пры дапамозе тормаза).
Т. трактар.
Машына хутка тармозіць.
2. перан. Стрымліваць рух чаго-н.; затрымліваць развіццё чаго-н.
Т. работу.
Т. будаўніцтва школы.
3. перан. Аслабляць, спыняць праяўленне чаго-н. (спец.).
Т. рэфлексы.
|| зак. затармазі́ць, -мажу́, -мо́зіш, -мо́зіць; -мо́жаны.
|| аднакр. тармазну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1 і 2 знач.; разм.).
|| наз. тармажэ́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Пры́ступ 1 ’доступ (да чаго-небудзь)’ (Яруш., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб.), ’атака, штурм’ (ТСБМ), ’запал, заўзятасць’ (Сл. ПЗБ), ’магчымасць набліжэння да каго-небудзь, звычайна з адмаўленнем’ (ашм., Стан.), ані прыступу ’немагчыма падысці, звярнуцца да каго-небудзь’ (ТСБМ). Нулявы дэрыват ад прыступі́ць (гл.). Аналагічна ў іншых славянскіх мовах: рус. при́ступ, укр. при́ступ, чэш. přístup і г. д.
Пры́ступ 2 ’момант абвастрэння, узмацнення хваробы, хваравітай з’явы; рэзкае, вострае праяўленне душэўнага стану, пачуцця’ (ТСБМ; віл., Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе. Але спецыялізацыя значэння ’прыступ хваробы’ адбылася ў рус., укр. при́ступ і польск. przystęp ’прыступ гневу, ярасці і да т. п.’
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Смех ‘праяўленне весялосці, радасці і пад.’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тс’ і ‘жарт, забава’ (Яўс.), смеў (сьмеў) ‘тс’, мн. л. сме́вы: смевы ды перасьмеўкі (Ласт.). Параўн. укр. сміх, рус. смех, польск. śmiech, в.-луж., н.-луж. směch, чэш. smích, славац. smiech, серб.-харв. сми̏јех, славен. smẹ̑h, балг. смях, макед. смев, ст.-слав. смѣхъ. Прасл. *směchъ утворана з дапамогай суф. ‑chъ ад *smьjati sę ‘смяяцца’; гл. Слаўскі, SP, 1, 70; узыходзіць да і.-е. *smoi̯sos ‘тс’ (Фасмер, 3, 684 з літ-рай; Сной₁, 584; Борысь, 617). Формы з в (ў) у выніку фанетычных змен. Гл. смяяцца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
адры́жка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.
1. Выхад са стрававода, страўніка праз рот газаў, іншы раз з часцінкамі ежы. Елі Пшыбыцкі з Андрусовічам доўга і прагна, аж пакуль не апанавала абодвух адрыжка. Курто. Я узненавідзеў гэтых мукамолаў і пасечнікаў (рыжыя бароды, Святыя твары, сытая адрыжка). Панчанка.
2. перан. Разм. Праяўленне чаго‑н. аджылага; перажытак. Адрыжка мінулага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
душо́к, ‑шка, м.
1. Спец. Слабы, ледзь улоўны пах ад чаго‑н. Яшчэ і цяпер адчуваўся тут душок дзёгцю і тарпатыны. Колас. // Разм. Непрыемны пах ад чаго‑н., што пачынае псавацца, загніваць. Мяса з душком.
2. перан. Іран. Ледзь прыкметнае праяўленне схільнасці да чаго‑н. (у поглядах, настроях). Ліберальны душок. □ — Чакаеш, пакуль [збожжа] высыплецца? Ведаю я твой кулацкі душок! Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпа́дак, ‑дку, м.
Раптоўны прыступ якой‑н. хваробы. Сардэчны прыпадак. Прыпадак эпілепсіі. □ Слабае яе сэрца не вытрымала, і з ёю здарыўся моцны прыпадак. Якімовіч. Солтыс нешта замармытаў у адказ і скурчыўся перад камендантам у прыпадку кашлю. Бажко. // Рэзкае, моцнае праяўленне чаго‑н. Крычаць у прыпадку гневу. Істэрычны прыпадак. □ [Галіна] не раз бачыла Блажэвіча ў прыпадку чорнай меланхоліі. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспансі́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць экспансіўнага; нястрыманасць, бурнае праяўленне пачуцця. Гэтая невысокая, хударлявая, але зграбная, з падфарбаванымі рыжымі валасамі, быстрым позіркам і тонкімі вуснамі жанчына рабіла на ўсіх моцнае ўражанне сваёй экспансіўнасцю і рашучым характарам. Рамановіч. І ў той жа час мы чытаем верш [А. Міцкевіча] як нацыянальнае рускае тварэнне, пазнаём непаўторны пушкінскі стыль, пушкінскую экспансіўнасць лірычнага пачуцця. Палітыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дэманстра́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.
1. Масавае шэсце для выказвання якіх-н. грамадска-палітычных настрояў.
Першамайская д.
2. Нагляднае азнаямленне з чым-н., публічны паказ.
Д. фільма.
3. Праяўленне, сведчанне чаго-н.
Д. патрыятызму.
4. Ваенная аперацыя, якая мае на мэце адцягнуць увагу праціўніка ад месца галоўнага ўдару.
5. Дзеянне, якое падкрэслена выказвае пратэст супраць чаго-н., нязгоду з чым-н.
Устроіць дэманстрацыю каму-н.
|| прым. дэманстрацы́йны, -ая, -ае (да 1, 2 і 5 знач.).
Дэманстрацыйныя табліцы.
Дэманстрацыйная зала.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
кіпе́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. кіпець (у 1, 2 знач.). Тэмпература кіпення.
2. перан. Бурнае праяўленне чаго‑н., душэўнае хваляванне, ўздым. Творчае кіпенне. □ — Юнацтву ўласціва кіпенне, бурленне, — казаў далей абаронца: — Колькі юнакоў-студэнтаў прымала ўдзел у дэманстрацыях, у выступленнях, у бунтах супроць таго ці іншага грамадскага парадку, супроць закону! Хіба можна называць іх злачынцамі? Колас.
•••
Пункт кіпення гл. пункт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)