Даказа́ць ’даказаць, давесці’, ’дагаварыць’. З аналагічнымі значэннямі гэты дзеяслоў адзначаецца і ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. доказа́ть ’даказаць, давесці’, дыял. доказа́ть ’дагаварыць, паведаміць аб чым-н.; вытлумачыць і г. д.’, укр. доказа́ти ’дагаварыць, папракнуць, абвінаваціць і да т. п.’, чэш. dokázati ’даказаць, пацвердзіць, дабіцца; дагаварыць; выканаць, зрабіць і г. д.’, славац. dokázať ’даказаць, выканаць, зрабіць’, балг. дока́жа ’дагаварыць; даказаць’, макед. докаже ’даказаць; дагаварыць’, серб.-харв. дока́зати ’растлумачыць; данесці, выдаць; пераканаць і г. д.’ Лічыцца прасл. утварэннем: *dokazati (з прэфіксам *do‑ ад дзеяслова *kazati ’даказваць, гаварыць’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 57–58; Фасмер, 2, 159; Брукнер, 223; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 156.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адказа́ць, -кажу́, -ка́жаш, -ка́жа; -кажы́; -ка́заны; зак.

1. каму, на што і без дап. Сказаць, паведаміць што-н. у адказ на зварот ці запытанне, на пытанне, ліст.

А. на пісьмо.

2. што. Расказаць настаўніку ўрок.

3. чым. Павесці сябе пэўным чынам у адказ на што-н.

А. жартам.

А. вершам.

4. Адазвацца, адклікнуцца на голас, покліч і пад.

5. за каго-што і без дап. Быць пакараным, панесці адказнасць за каго-, што-н.

А. за свой учынак.

6. што. Завяшчаць што-н. каму-н.

Ён адказаў сыну частку гаспадаркі.

7. без дап., разм. Выйсці са строю, сапсавацца.

У трактара адказалі тармазы.

|| незак. адка́зваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

расказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, аб чым, пра каго, што, з дадан. сказам і без дап.

Вусна апісаць, паведаміць пра якія‑н. падзеі (што‑н. бачанае, чутае і пад.). [Дзед Талаш] раскажа камандзіру і пра свой план нападу — гэты план смелы і просты і страты ў людзях не будзе. Колас. [Настаўніца:] — Ну, раскажы мне, Данік, як ты цяпер вучышся? За што двойку атрымаў? Брыль. // Пераказаць прачытанае або пачутае. Расказаць казку. □ [Андрушка:] — А хочаш — я табе кніжку раскажу? Вох, цікавая! Лобан. // Разм. Прачытаць напамяць. Расказаць верш. Расказаць урывак з аповесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.

1. каго. Афіцыйна зарэгістраваць факт пражывання каго‑н. дзе‑н. Прапісаць кватарантаў. □ Праўда, без даведкі ў горадзе не прапішуць, і на работу ўладкавацца цяжка, і на вучобу не паступіш. Савіцкі.

2. што і з інф. Выпісаць, назначыць (якое‑н. лякарства, лячэнне). Прапісаць лякарства. Прапісаць пасцельны рэжым хвораму.

3. што і без дап. Пісаць некаторы час. Прапісаць увесь дзень.

4. каго. Разм. Паведаміць у друку аб чыіх‑н. учынках, паводзінах і пад. [Праціеўскі:] Ну, а як ён цябе ў газету прапісаў?! Чорны.

•••

Прапісаць іжыцу каму — зрабіць строгае ўнушэнне, прачытаць натацыю, адлупцаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даве́сці¹, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі́; -вёдзены; зак.

1. каго (што) да чаго. Ведучы, даставіць да якога-н. месца.

Д. старога да хаты.

2. што да чаго. Пракласці, правесці да якога-н. месца.

Д. шашу да райцэнтра.

3. што да чаго. Займаючыся якой-н. справай, работай, дасягнуць пэўнай мяжы.

Д. справу да канца.

4. каго-што да чаго. Прывесці ў які-н. стан.

Д. да слёз.

5. што да каго-чаго. Абавязаць да выканання (задання, разнарадкі і пад.).

Д. план да кожнага.

6. што. Падагнаць, прыладзіць адно к аднаму.

Д. аконную раму.

Давесці да ведама (афіц.) — паведаміць, праінфармаваць, перадаць.

Давесці да торбы (разм.) — прывесці да беднасці, да жабрацтва.

|| незак. даво́дзіць, -во́джу, -во́дзіш, -во́дзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перада́ць, -да́м, -дасі́, -да́сць; -дадзім, -дасце́, -даду́ць; -да́ў, -дала́, -ло́; -да́й; -да́дзены; зак.

1. каго-што. Аддаць, уручыць, паведаміць каму-н.

П. пакет.

П. пачутае.

П. свае веды моладзі (перан.).

2. што. Распаўсюдзіць, давесці да каго-н. якім-н. чынам.

П. канцэрт па радыё.

3. што. Узнавіць, выкласці, адлюстраваць.

Правільна п. думку аўтара.

4. што. Аддаць у распараджэнне, на разгляд.

П. справу ў суд.

5. што. Аддаць у карыстанне.

П. сваю калекцыю музею.

6. што. Даць чаго-н. больш, чым трэба.

П. дзесяць рублёў пры разліку.

7. Перайсці меру ў чым-н., перастарацца (разм.).

Ён не вельмі перадасць у рабоце.

|| незак. перадава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́; -даём, -даяце́, -даю́ць.

|| наз. перада́ча, -ы, ж. (да 1—6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

*Пры́вад, прі́вод ’слушнасць, дарэчнасць; лад, толк, сэнс’: да́рма не скажуть, а усе ік прі́воду (лельч., Нар. лекс.). Сюды ж устойлівае словазлучэнне даць прыво́д ’вывесці ў жыццё (пра дзяцей)’ (ТС). Аддзеяслоўны назоўнік ад прыво́дзіць, незак. тр. да прыве́сці, сярод іншых значэнняў ’паведаміць што-небудзь для падмацавання свайго меркавання, спаслацца на каго-, што-небудзь’ (ТСБМ). У абстрактным значэнні параўн. рус. дыял. приво́д ’заклінанне пастухоў, якое, паводле забабонаў, засцерагае скаціну ад звяроў’, ’навучанне, натацыя’, укр. приві́д ’кіраўніцтва, камандаванне; падстава, аснова’, польск. przywód ’намова, заахвочванне’ і пад. У канкрэтным значэнні ’нараджэнне, прыплод’ вядомае і іншым славянскім мовам, параўн. балг. прѝвод ’прыплод ад жывёлы, што была дадзене ў якасці пасагу’, параўн. БЕР, 5, 702 (да прасл. *privodъ ’тое, што прыведзена’). Гл. таксама Jakobson, Word, 7, № 2, 1951, 190; Варбат, Этимология–1963, 213–216.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́класці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; зак., што.

1. Выняўшы што‑н. адкуль‑н., пакласці на віду. Карп паставіў гарэлку, выклаў з кошыка закуску. Шамякін.

2. Пакрыць паверхню чаго‑н. чым‑н.; вымасціць, абліцаваць. Выкласці сцены керамічнымі пліткамі. // Скласці які‑н. надпіс, фігуру, узор з чаго‑н.

3. Збудаваць, вывесці. Душу ўкладваў.. [Мітраховіч] у сваю работу, шчыра, душэўна вучыў і Марыю: як роўна вывесці сцяну, як навечна ўмураваць цагліну, як вугал выкласці, каб ён радаваў вока... Васілевіч.

4. перан. Выказаць, расказаць, паведаміць. Выкласці прэтэнзіі. Выкласці свае меркаванні. Выкласці просьбу. □ Валодзя адным духам выклаў мне ўвесь свой праект пабудовы .. трасы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

1. Мэбля, якой абстаўлена памяшканне. Два сталы, пісьмовы і звычайны, таксама работы калгасных майстроў, ды некалькі крэслаў складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Колас. // Дэкаратыўная і бутафорская частка спектакля.

2. Сукупнасць умоў, акалічнасцей, у якіх што‑н. адбываецца; абставіны. Міжнародная абстаноўка. Ахарактарызаваць абстаноўку. У абстаноўцы міру і дружбы. □ У голасе Садовіча пачуліся ноткі нездавальнення і расчаравання сваім маладым настаўніцкім жыццём і тою абстаноўкаю, у якой прыходзілася жыць. Колас. // Становішча на месцы ваенных дзеянняў, абумоўленае суадносінамі баявых сіл, іх размяшчэннем і характарам мясцовасці. Баявая абстаноўка. □ І камісар, не марудзячы ні хвіліны, накіраваў чалавека дагнаць атрад, паведаміць абстаноўку. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., каму і без дап.

1. Паведаміць, сказаць што‑н. каму‑н. праз каго‑н. [Дзядзька Нічыпар:] — Калі спатрэбіцца фурманка, дык накажыце мне. Колас. Наказалі з дому, што захварэла маці. С. Александровіч. Змітрок наказаў праз паштальёна, каб да яго ўвечары прыйшоў Кірыл. Кавалёў.

2. Даць наказ, распараджэнне. Міхал наказаў падручнаму сачыць за печчу і падаўся ў лабараторыю. Карпаў. — Сачыце за параненай, — адышоўшыся, наказала Наталля Максімаўна дзяжурнай медсястры. — Калі яна адчуе сябе хоць крыху горш, клічце мяне. Дудо.

3. Разм. Нагаварыць, сказаць многа чаго‑н. [Якім Анішчык:] — Прабачце, наказаў вам немаведама колькі, — мо ногі забалелі, слухаўшы стоячы. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)