ЗАТРЫМА́ННЕ ў крымінальным працэсе,

кароткатэрміновая мера прымусу, што ўжываецца да асобы, якая падазраецца ва ўчыненні злачынства, з мэтай высвятлення дачынення затрыманага да злачынства і вырашэння пытання пра магчымы (у выпадку неабходнасці) яго арышт. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрмін З. не можа перавышаць 72 гадз. Орган дазнання або следчы абавязаны на працягу 24 гадз паведаміць пракурору, а апошні на працягу 48 гадз з моманту атрымання паведамлення даць санкцыю на арышт падазронага або вызваліць яго.

С.​С.​Груша.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВА літаратуразнаўчае,

спецыяльная філал. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю і методыку здабывання літаратуразнаўчых фактаў. Мае тэарэт. і практычны аспекты. Тэарэт. К. даследуе тэорыю, гісторыю, структуру і ўласцівасці інфармацыі крыніц. У адпаведнасці з тыпамі сховішчаў (архівы, музеі, бібліятэкі) крыніцы падзяляюць на З асн. тыпы: рукапісныя, аўдыёвізуальныя (іканаграфічны і ілюстрацыйны матэрыял, кінастужкі, гуказапісы) і друкаваныя. Значэнне крыніц маюць і рэчавыя помнікі, мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменнікаў. У залежнасці ад тэмы даследавання ўсе матэрыялы падзяляюць на ўласна крыніцы і дапаможнікі, да якіх адносіцца і частка друкаваных матэрыялаў. Асобную групу складаюць крыніцы, што выкарыстоўваюцца пісьменнікам пры напісанні твора. Для розных эпох склад і суадносіны крыніц розныя. Практычнае К. складаецца з выяўлення крыніц, іх знешняй і ўнутр. крытыкі. Знешняя крытыка заключаецца ў прачытанні і падрабязнай атрыбуцыі крыніцы і высвятляе, што хацеў паведаміць яе стваральнік. Унутр. крытыка вызначае верагоднасць крыніцы і паказвае, як справа выглядала ў сапраўднасці. Так вычляняецца літ.-знаўчы факт. З К. цесна звязана археаграфія, тэксталогія, палеаграфія. На Беларусі тэорыя К. распрацоўвалася Г.​Кісялёвым, у галіне практычнага К. працуюць літ.-знаўцы У.​Казбярук, А.​Мальдзіс, У.​Мархель, В.​Рагойша, І.​Саламевіч, В.​Чамярыцкі, Я.​Янушкевіч і інш.

Літ.:

Бельчиков Н.Ф. Литературное источниковедение. М., 1983;

Рагойша В. Галіны аднаго дрэва // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;

Кісялёў Г. Ад Чачота да Багушэвіча: Прабл. крыніцазнаўства і атрыбуцыі бел. літ. XIX ст. Мн., 1993.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)