цырымо́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.

1. (звычайна з адмоўем «не»). Захоўваць правілы прынятага этыкету; быць цырымонным. — Вам пераапрануцца трэба, — сказала жанчына і .. узлавана крыкнула: — Кіньце вы цырымоніцца! Асіпенка. Хлор быў заўсёды смелым у братавай хаце і нічуткі не саромеўся нікога і не цырымоніўся. Гартны.

2. з кім-чым і без дап. Праяўляць празмерную далікатнасць, прыстойнасць у адносінах: да каго‑, чаго‑н. [Антон:] — Прашу, пакуль не: позна, навядзі парадак у брыгадзе. І не цырымонься з гультаямі! Савіцкі. Яшчэ ў школе яна [Ірына] звыкла камандаваць гэтым маўклівым хлопцам. І цяпер таксама не цырымоніцца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круго́м, прысл. і прыназ.

1. прысл. Навокал, з усіх бакоў. Я паглядзеў кругом — нідзе нікога не відаць. Якімовіч. За вёскай — лугі, пералескі, Бяскрайняе поле кругом. Аўрамчык. // Разм. Усюды, ва ўсіх месцах. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.

2. прысл. Робячы кругавы рух, апісваючы круг. Колькі раз з неўміручаю марай Крэмль спрадвечны абходзіш кругом. Броўка. // круго́м! Ваенная каманда, па якой робіцца паварот на 180°.

3. прысл. Разм. Зусім, поўнасцю. Бывае, што кругом мярзотнік вінаваты, Але выносіць не жадае смецце з хаты. Корбан.

4. прыназ. з Р. Вакол чаго‑н. Абысці кругом хаты.

•••

Абвесці кругом пальца гл. абвесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакры́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.; каго.

1. Прычыніць крыўду каму‑н.; несправядліва паставіцца да каго‑н. Валя адмоўчвалася, яна не адважвалася расказаць пра выпадкова пачутую размову, каб не пакрыўдзіць дзяўчыны. Шахавец. [Сакратару райкома] трэба было ў многіх пабываць у гасцях, каб нікога не пакрыўдзіць. Шамякін.

2. Абдзяліць каго‑н. чым‑н., даць менш, чым патрэбна. [Лявон:] Пасаг мяне мала цікавіць, што бацька дасць дачцэ, з тым я і згодзен буду. Ён жа не захоча пакрыўдзіць сваёй дачкі — дзесяцін нейкіх дзесяць павінен даць. Козел. — З харчамі хлапчука, можа, пан і не пакрыўдзіць, а з аплатай сына абышлі... Пальчэўскі.

•••

Мухі не пакрыўдзіць — пра добрага, спакойнага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыту́хнуць 1, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.

1. Зменшыцца, збавіць сваю сілу (пра агонь, святло і пад.); часткова, на некаторы час патухнуць. Кірыла кінуў у касцёр ламачча .. Агонь прытух, і ў цемры ніхто нікога не бачыў. Шамякін. На ўсходзе пасвятлела, зоркі на небе прытухлі. Гаўрылкін.

2. перан. Зменшыцца, страціць сваю вастрыню. Пачуцці прытухлі. □ Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала. Іменна праз Собіча да гэтага часу яшчэ не прытухла як след .. сварка [Марыны і Ермаліцкага]. Скрыган.

3. Спец. Аслабнуць, часткова або на некаторы час спыніцца. Радыёхвалі прытухлі.

прыту́хнуць 2, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.

Трохі сапсавацца, стухнуць (пра харчы, корм і пад.). Мяса прытухла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акрамя́, прыназ. з Р.

1. Апрача, за выключэннем каго‑, чаго‑н., не лічачы каго‑, чаго‑н. У пакоі нікога не было, акрамя старой. Самуйлёнак. Ёсць пахвалы, якія для разумнага чалавека горш за разгром, бо ён адчувае, што аб яго працы больш нічога нельга сказаць, акрамя агульных слоў — «добра», «варта ўвагі», «крок наперад», «уклад у навуку, літаратуру». Шамякін.

2. Больш каго‑, чаго‑н., у дадатак да каго‑, чаго‑н. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

•••

Акрамя таго (у знач. пабочн.) — да таго ж. Акрамя таго, .. [вучням] хацелася адчуваць сябе незалежнымі і сталымі, і яны не заўважылі, як зноў ператварыліся ў свавольных і смяшлівых дзяцей. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няге́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кволы, слабы; няўдалы. Нейкі нягеглы дзядок, якому не наўме ўжо, відаць, і кухаль піва,.. стаіць побач з машынай. Брыль. Сын Вінцэнт быў нейкі нягеглы. На людзях мала паказваўся, а калі трапляў каму на вочы, дык рабіў уражанне вар’ята. Броўка.

2. Непрыгожы з выгляду, нязграбны; няўклюдны. Мікодым пры газоўцы слібізаваў па літары пратакол вобыску, падпісваў яго крывымі, нягеглымі лацінскімі літарамі. Сабаленка. Фурман, сівавусы чалавек, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нягеглы, кідаўся ва ўсе бакі. Караткевіч.

3. Няўмелы, ні да чаго не здатны. Нельга сказаць, каб Марына была нікуды не вартая. Не! У сям’і Рамана наогул нікога не было нягеглага або недалужнага. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непраніка́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Праз які не пранікаюць вада, газы, гукі і пад. Непранікальная перагародка. // Праз які нельга прайсці, прабрацца. Непранікальны гушчар. □ Цякуць па.. [лясах] нязведаныя ручаіны, скрытна і ўпарта прабіваючыся праз нетры, пад аховаю, — то гонкіх сосен, .. то непранікальных чаротаў. Пестрак. // Праз які нельга ўбачыць што‑н. На вуліцы было цёмна. Непранікальная заслона снегу, дзе ўсё мітусілася, рухалася, хадзіла ходырам, бы ў нейкім тлумным дзікім танцы. Колас. Вакол стаяла непранікальная, непраглядная .. сцяна дажджу. Караткевіч.

2. перан. Які хавае ад іншых свае намеры, думкі, пачуцці; скрытны. Шырокія бровы [Агея Міхайлавіча] былі ссунуты, выраз твару непранікальны, і Венька не мог зразумець, да чаго адносіцца заўвага настаўніка... Шыловіч. Непранікальныя вочы .. [Зіны] утаропіліся некуды ў адну кропку і, здавалася, нічога і нікога не заўважаюць вакол. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачака́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак.

1. каго-што, чаго і без дап. Чакаць некаторы час. Пачакаць добрага надвор’я. □ Акрамя дзяцей на вуліцы нікога не было, але раптам у канцы яе паказаўся чалавек. Лявон вырашыў пачакаць яго. Чорны. [Толя] пачакаў яшчэ адзін дзень. Але і на трэці, і на чацвёрты дзень дзед не вярнуўся. Якімовіч. [Валодзя] рукой выканаў ямку, пачакаў, пакуль насачылася вады. Хомчанка.

2. з інф., з чым і без дап. Не пачынаць дзейнічаць; памарудзіць. [Андрэй:] — Ці не папярэдзіць нам хлопцаў? [Максім:] — З гэтым яшчэ пачакаем. Машара. — Пачакай злавацца, — перапыніў .. [Пракопа] Аляксееў. Карпаў. — Пачакайце, дзяўчаты, будзем па парадку гаварыць. Асіпенка.

3. заг. пачака́й(це)! у знач. выкл. Ужываецца як перасцярога, пагроза. — Ну, пачакай! — патрос Васіль .. кулаком у той бок, куды пайшоў ляснік. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́ста,

1. Прысл. да пусты.

2. безас. у знач. вык. Нічога няма, нічым не запоўнена. І вось пры частаванні зусім нечакана цукерак на ўсіх не хапіла, якраз не хапіла самому Сашку. Апошняму ён даў Толю, а потым, калі яшчэ раз усадзіў руку ў кішэню зрэбных портачак — там было пуста. Брыль. Хоць амаль што пуста ў чамадане, Лепш дарогі, чым дадому. Макаль. // Нікога няма, бязлюдна. Па вуліцы было пуста і бязлюдна. Кулакоўскі. Пуста і холадна цяпер там [на полі], вербы атрасаюць апошняе лісце, сцюдзёны вецер вее ад ракі. Чарнышэвіч.

3. безас. у знач. вык. Пра пачуццё адзіноты або душэўнай пустаты. Туравец устаў, адчуваючы, што ў грудзях стала адразу пуста. Мележ.

•••

Каб табе (яму, ёй, вам, ім) пуста было гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́рмаз, ‑а і ‑у; мн. тармазы, ‑оў; м.

1. ‑а. Прыстасаванне для запавольвання або спынення руху машыны, цягніка і пад. Ручны тормаз. Аўтаматычны тормаз. □ Машына, гучна скрыгануўшы тармазамі, спынілася. Ваданосаў. У машыне раптам закрычаў чалавек — нема, бы яго разануў хто. Заскрыпелі тармазы. Пташнікаў. // Пляцоўка чыгуначнага вагона, дзе знаходзіцца такое прыстасаванне. На тормазе нікога больш не было, і Сцёпка адчуваў сябе вольна. Колас.

2. ‑у. Тое, што і тармажэнне. Выхад адзін — кінуць машыну і выбрацца з горада пешшу. Тормаз. Машына спынілася. Пятніцкі. Вацік даў трактару тормаз, прарэзлівым лопатам аглушыў Харытона. Баранавых.

3. ‑у; перан. Тое, што з’яўляецца перашкодай у развіцці чаго‑н. Пераправа адыграла сваю ролю ў першыя месяцы будоўлі, а цяпер з яўляецца тормазам усяго ходу работ. Грахоўскі.

[Грэч. tormos — адтуліна, утулка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)