рэ́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, востры, пранізлівы. Рэзкі холад. Рэзкія болі. □ У хату са свістам уварваўся рэзкі вецер, скінуў коўдру з акна. Мележ. // Які раздражняе, непрыемна дзейнічае на органы пачуццяў. Рэзкі голас. Рэзкі пах. Рэзкі крык. □ Калі тухне рэзкае дзённае святло — мякчэюць і рысы чалавечага твару. Нікановіч.

2. Які вызначаецца выразнымі абрысамі; не расплыўчаты. Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі твар. Мележ. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі, жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Колас. // перан. Які моцна і выразна праяўляецца. Рэзкі пераход у паводзінах. Рэзкія супярэчнасці. Рэзкія кантрасты.

3. Раптоўны і вельмі значны. Рэзкае павышэнне паспяховасці вучняў. Рэзкае пахаладанне. // Хуткі, імклівы. Рэзкі паварот галавы. Рэзкая хада. □ Рэзкім рухам рукі Юля скінула з сябе коўдру. Грамовіч.

4. Грубы, дзёрзкі. Кацельшчык Мікалай Федаровіч — чалавек нявытрыманы, часам занадта рэзкі. Кірэйчык. Ды і сама Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. [Лёдзя] сабралася сказаць яшчэ нешта рэзкае, ды нечакана, ледзь не заплакаўшы, адвярнулася і пайшла прэч. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. на што, чым і без дап. Быць хворым на якую‑н. хваробу. [Оля:] — Бацька здаўна хварэе на сэрца. Мележ. Стары жыватом хварэў. Лось. [Нахлябіч] пеша ў горад хадзіў.., аж хварэў пасля гэтакай нялюдскай дарогі. Чорны.

2. перан.; за каго-што. Трывожыцца, непакоіцца аб кім‑, чым‑н. Хварэць за план. □ Тое, што .. [Наташа] хварэла за поспехі і няўдачы брыгады, было звычайным праяўленнем яе натуры. Краўчанка. Усім, хто меў дачыненне да калгаса і хварэў за яго лёс, зрабілася не па сабе. Ясна, сіласу было мала. Ермаловіч. // чым. Востра перажываць што‑н. Сапраўдны паэт, на думку Янкі Лучыны, неразлучны са сваім народам, ён тужыць яго тугою, хварэе яго хваробамі. Ларчанка. // на што, чым. Мець які‑н. недахоп, якую‑н. слабасць. Я быў нехлямяжы, сарамлівы і гарачліва, затоена хварэў на самалюбства. М. Стральцоў. [Максім:] — Можа, [Сашка] проста хварэе нездаровай цікавасцю. Машара.

3. перан.; за каго-што. Хвалявацца за чые‑н. спартыўныя поспехі. Па тэлевізары перадавалі футбольны матч. Клаўдзія Пятроўна пачала бурна хварэць за мінскае «Дынама». Васілёнак.

•••

Хварэць душой — трывожыцца за каго‑, што‑н.

Хварэць на пана — весці сябе фанабэрыста, высакамерна ў адносінах да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Які ахвотна дзеліцца з другімі грашыма, маёмасцю; не скупы. Вера адразу прыкінула ў галаве, што яе пакупніца шчодрая жанчына і, выпіўшы, папрасіла яшчэ шклянку. Пальчэўскі. Мне гэты цуд без слоў гаворыць: Які ён шчодры, мой народ, Калі сябрам ад сэрца дорыць Не толькі дом — і сонца ўсход! Лось. // перан.; на што. Які лёгка, з ахвотай аддае, раздае што‑н., надзяляе чым‑н. Напэўна, па гэтай прычыне.. [К. Чорны] быў шчодры на пахвалу. Мележ. — Наш старшыня шчодры на пачастункі, госця так не выпусціць з хаты... Хадкевіч. Праўда, .. [Таня] і дагэтуль не вельмі шчодрая была на пісьмы. Гроднеў. // перан. Добры на натуры, па характару. Шчодрая душа. Шчодрае сэрца.

2. Вялікі па памерах, вялікі, значны па каштоўнасці. Закрасуе ў нашым полі Ураджай багаты І парадуе калгас наш Шчодраю аплатай. Журба. А ён [грыбнік] збірае, хітры чараўнік, З лясной аблогі шчодрую даніну. Грачанікаў. — Шырэй вароты, добры гаспадар! Упершыню натруджаныя рукі За мазалі свае — Прымаюць шчодры дар. А. Александровіч. Гэты шчодры слоўнікавы матэрыял дасканала выкарыстоўваецца пісьменнікам для стварэння адпаведных вобразаў. Шакун.

3. Багаты (пра прыроду, жыццё і пад.). Дружны, ураджайны, Проста небывала Шчодры выпаў год! Корбан. Непаўторная гэта пара Песню самую шчырую просіць, Ураджай па калгасных дварах Наша шчодрая восень развозіць. І. Калеснік. У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар, Прынёс у хату поўны кошык — Ад шчодрых яблынь першы дар. Непачаловіч. // Бурны, моцны, інтэнсіўны ў сваім дзеянні, выяўленні. Трэба было б ганіць яшчэ пана, але не пашэнціла яму на гэтую ўцеху: сканаў заўчасна ад шчодрага бою дужых рамеснікаў. Шынклер. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін.

•••

Шчодрай рукой — не шкадуючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.

1. Расправіцца, раскаціцца (пра што‑н. згорнутае). Абрус разгарнуўся. □ Яшчэ праз момант галава .. [цецерука] прыгнулася, хвост разгарнуўся шырокім веерам. Паслядовіч. // Вызваліцца ад абгорткі, расхінуцца (пра што‑н. загорнутае). Пакунак разгарнуўся. Цукерка разгарнулася.

2. Раскрыцца (пра што‑н. складзенае). Кніга разгарнулася.

3. Разагнуць спіну; распрастацца. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуўся сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жаўнеры паадляталі ад яго, як шчэпкі. Колас. // Раскрыцца, распусціцца (пра кветкі, лісты). У восень, пад поўдзень, .. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны.

4. перан. Раскінуцца, працягнуцца на вялікую адлегласць. Цяпер там буйным коласам долу нікне жыта, зялёным шоўкам разгарнуліся травы, густым лесам буяе кукуруза. Дуброўскі. // Адкрыцца вачам. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас.

5. перан. Свабодна, у поўнай меры праявіць свае сілы і здольнасці. Думаючы сваё, Мікіта Мікітавіч больш маўчаў: ён ведаў сябе — паўмер у яго не было, і Юркава прысутнасць перашкаджала яму разгарнуцца. Карпаў. З танкамі тут не было дзе разгарнуцца — лінія фронту праходзіла па балотах. Мележ. // Праявіцца, выявіцца ў шырокім маштабе. Асабліва каларытна разгарнулася творчая індывідуальнасць Максіма Танка. Багатая эмацыянальнасць і мужны характар, высакароднасць натуры і сіла волі, прыродны розум і развіты светапогляд — усё гэта аб’ядноўвалася ў непаўторна прывабнай асобе мастака. Гіст. бел. сав. літ. // Развіцца ў пэўнай паслядоўнасці. Перад вамі разгорнецца просты сюжэт: закахаўся Хазэ ў Карменсіту. Глебка.

6. перан. Прыняць шырокі размах. У пачатку XVI ст. разгарнулася друкарская дзейнасць Георгія Скарыны. □ Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі.

7. Падрыхтавацца да дзеяння, выканання якіх‑н. функцый. // Спец. Размясціцца ў шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак. Пакуль тут вялася перастрэлка, нямецкая часць разгарнулася, пачаўся няроўны бой, — гітлераўцы пусцілі ў ход нават артылерыю. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я 1, нескл., н.

Трыццаць другая, апошняя літара беларускага алфавіта, якая абазначае: а) пасля зычных — галосны гук «а» і мяккасць папярэдняга зычнага, напрыклад: «нясу — ньасу», «вязу — вьазу»; б) пасля галосных, «ў», раздзяляльнага мяккага знака, апострафа і ў пачатку слова — два гукі: «й» і «а», напрыклад, «лінія — лінійа», «здароўя — здароўйа», «кальян — калйан», «сям’я — сямйа», «ягада — йагада».

•••

Ад а да я гл. а ​1.

я 2, мяне, мне, мяне, мной (‑ою), аба мне; мн. мы; займ. асаб. 1 ас. адз.

1. Ужываецца для абазначэння асобы, якая гаворыць. Я слаўлю свету аднаўленне І змены новыя ў жыцці. Хведаровіч. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас.

2. у знач. наз., нескл., н. Ужываецца для абазначэння ўсведамлення чалавекам уласнай сутнасці, самога сябе ў акаляючым свеце, а таксама для абазначэння суб’екта (у філасофіі). Яўген чалавек мяккай натуры. Вельмі ж спакойны. Па ім — што хочаш, абы не зайшло за жывое. Абы не зачапілі яго чалавечага «я». Баранавых.

•••

Вось гэта я разумею! — вокліч адабрэння, падтрымкі ў значэнні: вельмі добра, так і трэба, іменна тое, што трэба.

Вось я цябе (яго, яе, вас, іх)! — ужываецца як пагроза.

Каго я бачу! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, радасці ад сустрэчы з кім‑н.

Не я буду, калі не... — выражэнне рашучага намеру зрабіць што‑н. або цвёрдай упэўненасці ў чым‑н.

Паказаць сваё я гл. паказаць.

Па мне — а) на маю думку, на мой погляд; б) мне ўсё роўна.

У мяне — ужываецца як папярэджанне, пагроза і пад. Нейкі атупелы і змардаваны голас гукаў: — Ты ў мяне зараз усё скажаш. Чорны.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? — няма чаго мне (табе, яму) там (тут) рабіць!

Я думаю! — канешне! дзіва што!

Я табе дам — пагражальны вокрык ці заўвага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ствары́ць, ствару, створыш, створыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць існуючым. Савецкая дзяржава першая стварыла штучныя спадарожнік Зямлі і Сонца. «ЛіМ». Вынаходнікі і канструктары стварылі са шкла і металу штучнае чалавечае сэрца. Матрунёнак. Нават аўтаматы, якія, здавалася, ведалі ўсё, не змаглі даць адказу, ці можна стварыць такое малекулярнае злучэнне ў зямных умовах. Шыцік. / Пра чалавека, жывыя істоты і пад. [Зямля] ж у малады свой век Стварыла цуд, які ўзвялічан Вялік[і]м імем — Чалавек. Чарнушэвіч. Не могуць кветкі гэткія дружыць І разам у адным букеце жыць, — Такімі ўжо стварыла іх прырода. Корбан. // Пакласці пачатак. Руднік .. успомніў словы Тарасіхі: «А ты ж ствары тут новае жыццё...» А як стварыць? Кірэенка. // Набыць, здабыць працай. Людзі стварылі багацце калгаса. «Работніца і сялянка». // Напісаць (навуковы, літаратурны, музычны твор, карціну); скласці. Натуральна, што стварыць адразу добры ва ўсіх адносінах падручны — справа цяжкая. Шкраба. Максім Багдановіч стварыў гэтыя радкі ў перыяд, калі эстэтычныя погляды аформіліся і ўстанавіліся. Майхровіч. // Намаляваць мастацкі вобраз сродкамі мовы. Аўтар «Тараса на Парнасе» першы ў нашай літаратуры стварыў канкрэтны, «жывы» вобраз беларускага працоўнага селяніна. Казека. / Пра іншыя мастацкія вобразы. [Архітэктары] стварылі адухоўлены высокай мастацкай праўдай вобраз паэта-барацьбіта, вешчуна, гуманіста [Янкі Купалы]. «Помнікі». // Паказаць, сыграць (па сцэне). С. Бірыла стварыў і іншыя цікавыя вобразы ў п’есах Галубка. «ЛіМ».

2. Арганізаваць, сфарміраваць. Стварыць калгас. □ Ермакоў уцёк з некалькімі таварышамі ў лес, дзе стварыў невялічкую партызанскую групу. Мележ. На адным са сваіх сходаў камсамольцы вырашылі стварыць пры сельсавеце камітэт узаемадапамогі. Пальчэўскі.

3. Падрыхтаваць, забяспечыць што‑н., зрабіць магчымым што‑н. Але каб перацягнуць .. [самалёт] .. і стварыць умовы для ўзлёту, трэба папрацаваць не аднаму дзесятку чалавек. Шамякін. Перамога СССР у Вялікай Айчыннай вайне, утварэнне сусветнай сістэмы сацыялізма стварылі для .. [вызваленчай барацьбы народаў каланіяльных краін] .. спрыяльную абстаноўку. «Звязда». Узаемная павага, давер’е, сумленнасць — вось якую атмасферу .. удалося стварыць [Дзеншчыкову] сярод брыгадзіраў калгаса. Карпюк. / Пра славу, аўтарытэт, папулярнасць і пад. Усё ж [токі] Ксеркс сваёй расправай стварыў сабе такую славу, што і дарослыя, і дзеці яго ўсе ведаюць на свеце. Дубоўка. // Выклікаць з’яўленне чаго‑н., стаць прычынай чаго‑н. Стварыць цяжкасці.

4. Сфарміраваць, надаўшы адпаведныя рысы. Праца стварыла чалавека. □ Прырода стварыла .. [дзядзьку Язэпа] такім для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохі пасмяяцца над ім, а пасля над ім жа горка заплакаць. Чорны. // Надаць якія‑н. уласцівасці, рысы ў працэсе развіцця. // Прыдумаць, уявіць сабе. Мы не паклонімся богу, — Бога стварыў чалавек. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́бры, ‑ая, ‑ае; дабёр, дабра.

1. Чулы да людзей; спагадлівы, сардэчны. Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. Благі абразіць, а добры разважыць ды яшчэ і парадзіць. З нар. // Які выражае чуласць, спагаду, прыхільнасць. Голас у .. [жанчыны] мяккі, пявучы, добры. Здавалася, што голас гэты гучыць там, дзе пануе шчасце. Чорны. Чалавек глядзеў.. вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар.. поўніўся добрай прыязнай усмешкай. Лынькоў. // Ужываецца як сталы эпітэт пры словах «людзі», «чалавек». — Асвятленне ў вашых палацах такое, што добрага чалавека адразу і не пазнаеш. Лынькоў. / У зваротку. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер. — Дапамажы мне, добры чалавек, выбрацца адсюль. Якімовіч.

2. Заснаваны на жаданні дабра, прыхільнасці да людзей. Успомніць добрым словам. Зрабіць добрую справу. □ [Надзя:] За два тыдні добрага слова ад вас не пачула. Крапіва.

3. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць; шчаслівы, прыемны. Добрая прымета. Добрая адзнака. Добрая навіна. □ Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў. // Які вызначаецца бесклапотнасцю, весялосцю (пра настрой, гумор і пад.). Гэта здарэнне з Галасам крыху парушыла той добры настрой, у якім быў я, выходзячы з дому. Колас. / У пажаданнях, прывітаннях і пад. Добры дзень. Добры вечар. Добрай ночы. Добрага здароўя. У добры час.

4. Такі, якім павінен быць; з дадатнымі якасцямі або ўласцівасцямі; проціл. дрэнны. Добрая зямля. Добры тавар. Добрыя ўмовы. Добры апетыт. Добры слых. Добрая кніжка. □ Коні ў вусатага добрыя. У момант праскочыць ён з мястэчка на хутар. Чорны. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. Якімовіч. І яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта — добрую.. салдацкую стрэльбу. Колас. // Які адпавядае прынятым маральным нормам; варты пераймання. Добрыя традыцыі. Добры густ. Добры тон. □ Абедалі .. [Маеўскія] па-дамашняму — усе разам, паважна, не спяшаючыся, без лішніх размоў, як і належыць у добрай сялянскай сям’і. Шамякін. // Прыгодны для ужывання, карыстання. Добрыя яшчэ боты. Добры грыб.

5. Умелы, старанны ў рабоце; здольны, дбайны. Добры майстар. Добры выкладчык: Добры рабочы. □ — Добры гаспадар заўсёды загадзя пра тое думае, што наперадзе перад ім стаіць. Чорны. Бяда старога, што ён не мае добрага памочніка, які мог бы заўсёды сказаць праўду ў вочы. Гурскі.

6. у знач. наз. до́брае, ‑ага, н. Тое, што мае дадатныя ўласцівасці або якасці, заслугоўвае адабрэння. Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае. Бядуля. — Не трэба думаць.. пра тое, што было і больш не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

7. Звязаны ўзаемнай сімпатыяй з кім‑н., блізкі. Гэта быў мой добры знаёмы, сын аднавяскоўца Мірона. Якімовіч. // Заснаваны на ўзаемнай прыхільнасці. [Карнейчык:] Нашы пачуцці не абмяжоўваюцца ні спальняй, ні сям’ёй, ні добрым суседствам. Крапіва.

8. Чысты, слаўны, не зганьбаваны. Пакінуць пра сябе добрую памяць. Аб ім ідзе добрая слава. Ганьбіць добрае імя.

9. Разм. Дастаткова вялікі, значны па колькасці, велічыні. Добры заработак. □ — Я пайду ў матросы, там, людзі мне казалі, можна лёгка зарабіць добрыя грошы. Самуйлёнак. // Вялікі, здаровы, ладны. Санька забег у хату і вынес некалькі бульбін і добрую лусту хлеба. Ваданосаў. Ручка ўпала на паперу, пасадзіўшы на ёй добрую кляксу. Лынькоў. // Моцны, значны, дастаткова адчувальны. Добры мароз. □ Шынель быў заляпаны граззю, запылены, відаць, трапіў пан камендант у добрую перапалку ноччу. Лынькоў.

10. Разм. Цэлы, поўны, з лішкам (пра колькасць, велічыню). Ісці было з добрыя тры кіламетры. Дуброўскі. — Войска, брат, ёсць. Узвод — не узвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль. // Сапраўдны; глыбокі. Праз колькі часу, ужо ў добрую восень, у хмурны сівер, мы, дзеці, убачылі .. парабчышынага сына. Чорны.

•••

Бюро добрых паслуг гл. бюро.

Дзень добры!; Добры дзень! гл. дзень.

Добрага здароўя гл. здароўе.

Добрая ласка гл. ласка.

Добры вечар гл. вечар.

Добры геній гл. геній.

Людзі добрай волі гл. людзі.

На добры лад гл. лад.

На добры розум; пры добрым розуме гл. розум.

Не ад добрага жыцця гл. жыццё.

Па добрай волі гл. воля.

Па-добраму — мірна, без сваркі.

У добры час гл. час.

Усяго добрага — развітальнае нежаданне.

Чаго добрага (у знач. пабочн.) — бадай, магчыма (пры чаканні чаго‑н. непрыемнага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з 1, нескл., н.

1. Дзевятая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «зэ». Вялікае З. Друкаванае з.

2. Звонкі, свісцячы, пярэднеязычны, шчылінны зычны гук.

з 2 і са, прыназ. з Р, В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, адкуль пачынаецца рух, дзеянне. Выйсці з хаты. □ Прыходзілі сяляне з навакольных вёсак са сваімі неадкладнымі справамі. Лынькоў. З таго боку Прыпяці шыбуе човен. Колас. / З геаграфічнымі назвамі. Прыслаць тэлеграму з Каўказа. Вярнуцца з Гомеля. / З назоўнікамі, якія абазначаюць месца, сферу дзейнасці. Прыехаць з камандзіроўкі. Вярнуцца з экспедыцыі. Прыйсці з лекцый. // У спалучэнні з прыназоўнікамі «на», «у» (з — на; з — у) ужываецца пры абазначэнні шматразовага дзеяння. Пераносіць з месца на месца. Пераязджаць з горада ў горад. Пераскокваць з купіны на купіну. / У некаторых устойлівых выразах. Пераліваць з пустога ў парожняе. □ Ля дзвярэй пераміналіся з нагі на нагу чырвонаармейцы. Лынькоў. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (з — да) ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў распаўсюджвання дзеяння, стану, якасці або ўласцівасці. Прачытаць кнігу з пачатку да канца. □ Стары салдат сурова акінуў поглядам Лабановіча, змераў з ног да галавы. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні месца, дзе знаходзіцца дзеючая асоба або прадмет. Гаварыць з трыбуны. Выглядаць з акна. □ — Зайдзі ў хату! — крыкнуў з ложка Патапавіч. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні месца або напрамку (адносна каго‑, чаго‑н.), дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца або дзейнічае. Ля.. [Міколы], з правай рукі, як і заўсёды, уселася Зося. Гартны. З боку вёскі цягнулася вузкая паласа нізкарослых, каржакаватых хвой. Шамякін. // Ужываецца пры абазначэнні боку або напрамку, з якога дзеянне накіроўваецца на прадмет. Удар з тылу. □ Бруй зайшоў з другога боку печы. Колас. // (са словамі «бок», «пазіцыя», «пункт погляду» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці чыіх‑н. поглядаў, адносін да каго‑, чаго‑н. З майго пункту погляду. З пазіцый марксізма. □ Свой прысуд над існуючым грамадскія, ладам і падтрымку светлых пачаткаў жыцця пісьменнік ажыццяўляў з пазіцыі народнасці. Каваленка. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета або месца, з паверхні якога або ад якога што‑н. аддзяляецца, знімаецца. Зняць шапку з галавы. Устаць з ложка. Сарваць яблык з дрэва. Звярнуць з дарогі. □ Сарока з куста, а дзесяць на куст. Прыказка. / З назоўнікамі, якія абазначаюць сферу дзейнасці, заняткаў. Звольніць з пасады. Зняць з уліку. / У некаторых устойлівых выразах. Збіцца з ног. Зваліцца з неба. Спусціць з вока. Сарвацца з прывязі. Збіць з толку. Збіцца з тону. Сысці з рук.

2. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца праяўлення якой‑н. прыметы, якасці. З твару .. [Ліда Міхайлаўна] была даволі прыгожая жанчына. Колас. Ганна і з натуры, і з усяго аблічча была вельмі непадобная да сваёй маладзейшай сястры. Чорны.

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сумежнасці, блізкасці чаго‑н. з чым‑н. у прасторы (звычайна са словамі «поруч», «побач», «поплеч»). Сесці поплеч з бацькам. □ Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Клім пайшоў поруч з возам. Галавач.

Часавыя адносіны

4. з Р. Ужываецца пры абазначэнні часу, які з’яўляецца пачатковым момантам у развіцці якога‑н. дзеяння, стану або ва ўзнікненні якой‑н. якасці, уласцівасці. З дзевятага класа Віктар усё ж такі сеў на трактар. Кулакоўскі. Свежае з начы паветра напаўнялася цеплынёй. Самуйлёнак. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з таго часу», «з той пары». // У спалучэнні з прыназоўнікамі «да» і «па» (з — да; з — па) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога працякае дзеянне або стан. Працаваць з цямна да цямна. Прыём з 9 да 11 гадзін. □ Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Купала. І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу паміж двума днямі, датамі, у межах якога працякае дзеянне або што‑н. адбываецца. З суботы на нядзелю выпаў снег. Ноччу з пятага на шостае прыехаў брат. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) у складзе некаторых устойлівых выразаў ужываецца пры абазначэнні нявызначанага, але блізкага часу здзяйснення чаго‑н. Чакаць з дня на дзень. □ Мы ляжым у лазняках і чакаем з хвіліны на хвіліну, калі скажуць нам: — Па два ў рад, на пантоны. Лынькоў. // Разам з прыназоўнікам «у» (з — у) у некаторых устойлівых выразах ужываецца пры абазначэнні бесперапыннасці або перыядычнасці дзеяння. З веку ў век. □ З году ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў .. [Ладыніных] суседзі. Шамякін.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні часу або падзеі, з надыходам якіх адбываецца якое‑н. дзеянне, узнікае які‑н. стан. З надыходам вясны прырода ажывае. □ Да працы ўстаць з зарою. Танк. // Ужываецца пры азначэнні рада паслядоўных момантаў, па меры надыходу якіх разгортваецца якое‑н. дзеянне. Замілаванасць [Марціна] да дзяцей з гадамі яшчэ больш вырастала. Чорны. Рэчка мялела з кожным годам, на вачах у людзей. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з часам», «з цягам часу» і пад.

Прычынныя адносіны

6. з Р. Ужываецца пры абазначэнні прычыны якога‑н. дзеяння або стану. Запець з радасці. Заплакаць з гора. □ З крыку .. [Сымон] зусім ахрып. Колас. Машкара, што збожжа ела, З маразоў падохла. Крапіва. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «ні з таго ні з сяго» і пад.

7. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні падставы для якога‑н. дзеяння або стану. З дазволу бацькі. З пашанай да заслуг. □ Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам. Шамякін.

Акалічнасныя адносіны

8. з Р. Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Пісаць з вялікай літары. Страляць з калена. □ [Васіль і Санька] пераскочылі цераз зялёную канаву і з ходу палеглі на траву. Брыль. / У некаторых устойлівых выразах. Ударыць з усёй сілы. Кінуцца з усіх ног. // З колькасным словам пры кіруемым назоўніку ужываецца пры абазначэнні абставін, неабходных або дастатковых для ажыццяўлення чаго‑н. Папасці ў мішэнь з першага стрэлу. Пазнаць чалавека з першага погляду.

9. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння або стану, якія адбываюцца адначасова з асноўным дзеяннем і характарызуюць яго. Чакаць з нецярпеннем. Слухаць з усмешкай. □ Угары над хвойнікам зялёным Снуюцца пчолкі з ціхім звонам. Колас. Хлапчук выскачыў праз акно ў двор і пабег з крыта на вуліцу. Галавач. Маці стаяла пасярод хаты і з замілаваннем глядзела на сына. Шамякін. // Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Працаваць з натхненнем. Званіць з перапынкамі. □ Стары з натугі разагнуў паясніцу і падышоў да печы. Кулакоўскі. Вайсковыя часці адыходзілі па дарогах з боем. Лынькоў.

10. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне. Адправіць пакет з пасыльным. Змагацца са зброяй у руках. □ — Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім. Лынькоў.

11. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца паказчыкам паўнаты ахопу дзеяннем каго‑, чаго‑н. Вырваць з коранем. □ Укрыўшыся з галавою ад камароў, .. [Васіль] толькі прыкідваўся, што спіць. Мележ.

Мэтавыя адносіны

12. з Т. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Звярнуцца з просьбай. Адправіць з даручэннем. □ Дарвідошка пайшоў у бок стайні з рапартам. Колас.

Азначальныя адносіны

13. з Р. Ужываецца пры характарыстыкі каго‑, чаго‑н. з боку паходжання, узнікнення і пад. Дакладчык з горада. Рыбакі з Нарачы. / У некаторых устойлівых выразах. З чужога пляча. Бандыт з вялікай дарогі. // Ужываецца пры абазначэнні цэлага, састаўной часткай якога з’яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Колас з машыны. Шнурок з чаравіка.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якіх нагадвае па велічыні другі прадмет або асоба. Воз з гару. □ Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста. З вядро галоўкі вырастаюць. Колас.

15. з Т. Ужываецца пры характарыстыкі пастаяннай ці часовай знешняй прыметы або ўнутранай якасці каго‑, чаго‑н. Хата з чарапічным дахам. Дзяўчына з кнігай у руках. Чалавек з розумам. Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі. □ Гэта была натура з нахілам да задумёнай разважлівасці. Чорны. Паміж фурманак блукаюць, спяшаючыся, людзі з кошыкамі. Галавач.

16. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які знаходзіцца ў другім прадмеце і гэтым характарызуе яго. Кошык з ягадамі. Вядро з вадой. Мяшок з мукой.

17. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, які знаходзіцца ў якім‑н. становішчы або стане. Аварыя з самалётам. Гісторыя з пісьмом. □ Пажар з цыстэрнамі нарабіў багата клопатаў Вейсу. Лынькоў.

Колькасныя адносіны

18. з Р. Ужываецца пры абазначэнні колькасці асоб або прадметаў, якія складаюць якую‑н. сукупнасць, аб’яднанне і пад. Сям’я і трох чалавек. Група з пяці студэнтаў. □ У ясны веснавы дзянёк Анцыпік і Лабановіч ехалі ў сялянскай каламажцы на хутар з трох ці чатырох двароў. Колас. Зайграў самадзейны аркестр з гармоніка, трох балалаек, мандаліны, дзвюх гітар. Дуброўскі.

19. з В. Ужываецца для абазначэння прыблізнай меры часу, прасторы, вагі і пад. Пабыць з тыдзень. Прайсці з кіламетр. Адпачыць з паўгадзіны. Рыбіна важыла з кілаграм.

20. з Р (са словамі «досыць», «хопіць», «мала» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая з’яўляецца крытэрыем меры, дастатковасці чаго‑н. З мяне даволі. З яго ўсё мала. □ Няхай выгрызе рагуля ўсю траву, што тут ёсць, хопіць з яе. Кулакоўскі.

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дадатковай колькасці чаго‑н. Двое сутак з палавінай. Аддаць доўг з працэнтамі. / У некаторых устойлівых выразах. З гакам. □ Было .. [Талашу] тады гадоў семдзесят з хвосцікам. Колас.

Аб’ектныя адносіны

22. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, на якія накіравана дзеянне. Справіцца з цяжкасцямі. Скончыць з вайной. Сабрацца з сіламі. □ Чалавек чуў запытанне і мару дзіў з адказам. Лынькоў.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, да якіх устанаўліваюцца якія‑н. адносіны іншай асобы або прадмета (падабенства, адрозненне, далучэнне, аддаленне і пад.). Зверыць копію з арыгіналам. Пазнаёміць з прыяцелем. Спыніць перапіску з кім‑н. Разлучыцца з блізкімі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія ўзаемадзейнічаюць з іншай асобай або прадметам. Бачыцца з бацькамі. Сустракацца з людзьмі. □ Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі. Колас.

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія маюцца ў каго‑н. у момант дзеяння. Ісці з партфелем. Сядзець з дзіцем на руках. □ Стары пакут усіх не знёс, Уцёк у лес з сякерай вострай. Чарот. Усе праз гадзіну-другую выходзілі з поўнымі кошыкамі чырвоных рыжыкаў. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «разам з тым», «ні з чым». // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, наяўнасць, прысутнасць якіх з’яўляецца прычынай якога‑н. стану, з’явы. З такім таварышам не прападзеш. □ Я ж быў рад новаму чалавеку, бо мне іншы раз было сумнавата з Нямком. Кулакоўскі.

25. з Р. Ужываецца пры абазначэнні матэрыялу, з якога зроблена што‑н. Хата з бярвення. Вянок з жывых кветак. Нож са сталі. □ Няма на свеце лепшых падушак, як з гусінага пуху і пер’я. Чорны.

26. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якога‑н. прадмета, месца, сховішча, з якога бярэцца, выпадае, выдаляецца што‑н. Нож выпаў з рук. Узяць яблык з кошыка. □ Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. Галавач. Панасу памог выбрацца з няволі польскі салдат, што стаяў там на варце. Колас.

27. з Р. Ужываецца пры абазначэнні крыніцы, адкуль што‑н. бярэцца, паходзіць. Цытата з кнігі. Арыя з оперы.

28. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асяроддзя, групы, адкуль хто‑н. паходзіць. Ён з рабочай сям’і. □ Васіль быў не з бедных. Якімовіч. Выйшлі ўсе мы з народа, Дзеці заводаў і сёл. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на прыналежнасць асобы або прадмета да якой‑н. групы, катэгорыі па ўласцівасці або прымеце. Задача была не з лёгкіх.

29. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. сукупнасці, адкуль бярэцца, вылучаецца якая‑н. частка. Адзін з многіх. □ — Нехта з блізкіх сяброў, — падумаў Лабановіч, — але хто? Колас. Адна з жанчын разгарнула невялікі пакунак, паказвае другім. Галавач.

30. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія змяняюцца, робяцца якасна іншымі. З іскры разгарыцца полымя. □ І ноч тады — з цёмнай карэльскай ночы — робіцца казачнай ноччу. Лынькоў.

31. з Р. Ужываецца пры абазначэнні стану, які парушаецца, перапыняецца (звычайна пры дзеясловах «выводзіць», «выходзіць», «выбіваць» і пад.). Выбіцца з сіл. Выходзіць з сябе. □ Кожная новая змена ў абставінах, ці яна добрая, ці благая, выводзіць чалавека з.. раўнавагі. Колас.

32. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы, прадмета або часткі прадмета, з якіх пачынае развівацца дзеянне, стан (звычайна пры дзеясловах «пачынаць», «пачынацца», «пачаць», «пачацца»). Пачну з цябе. Дзень пачаўся з абходу палат.

33. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з якой што‑н. спаганяецца, утрымліваецца і пад. З яго ўзялі тры рублі. □ Ладымер Стальмаховіч, стоячы ў дзвярах, зняў як бы сяброўскі допыт з Сымона Мікуця. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць адзінкай разліку пры атрыманні, зборы чаго‑н. Класці ў касу ўзаемадапамогі па пяць рублёў з кожнай зарплаты. Сабраць па трыццаць цэнтнераў пшаніцы з гектара.

34. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць узорам для пераймання, капіравання і пад. Зняць копію з дыплома. Зрабіць рэпрадукцыю з карціны. Рысаваць з натуры. Перакласці з рускай мовы. Браць прыклад са старэйшых.

35. з Р (пры дзеясловах «смяяцца», «жартаваць», «кпіць», «здзекавацца», «дзівіцца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх праяўляецца якое‑н. пачуццё. З каго кпіла, смяялася, таму сама дасталася. З нар. Пасмяяўся чыгун з катла, а абодва чорныя. Прыказка. Хто не бачыў вялікага, той з малога дзівіцца. Прыказка.

Абмежавальныя адносіны

36. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца падабенства або агульнасць у чым‑н. Старшыня сельсавета адных год з Полазам, але нізкі ростам і рухавы. Шамякін.

Адносіны сумеснасці

37. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія сумесна з другой асобай або прадметам удзельнічаюць у якім‑н. дзеянні або суправаджаюць іншую асобу, прадмет. Сцяжынкаю хлопец з дзяўчынай ідзе. Танк. Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла. Мележ. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія разам з іншымі асобамі або прадметамі ўваходзяць у склад чаго‑н. Нас з вамі дзесяць чалавек.

Адносіны ўласцівасці

38. з Т (з дзеясловамі «быць», «адбывацца», «здарацца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія знаходзяцца ў пэўным стане, з якімі што‑н. адбываецца. Такое не з кожным здараецца. □ Нешта муліла бок, няёмка было з рукой. Лынькоў. Ганна па .. насцярожанасці [Васіля], па голасе здагадалася, што было з ім. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)