кро́пля, -і, мн. -і, -пель, ж.

1. Маленькая акруглая часцінка якой-н. вадкасці.

К. вады.

Кроплі дажджу.

2. мн. Разведзенае на чым-н. лякарства, якое прымаецца па пэўнай колькасці такіх часцінак.

Вочныя кроплі.

К. ў нос.

3. адз., перан., чаго. Самая нязначная колькасць чаго-н. (разм.).

Малака ў бляшанцы к.

Да (апошняй) кроплі — усё без астатку выпіць, расходаваць, аддаць і пад.

Да апошняй кроплі крыві — ахвяруючы жыццём, змагацца, біцца, абараняцца.

Кропля за кропляй — паступова, патрошку.

Кропля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым-н. вялікім.

Ні кроплі — ніколькі, ані.

Ні кроплі ў рот не браць — зусім не піць алкагольных напіткаў.

Як дзве кроплі вады — абсалютна, поўнасцю падобны, супадае.

|| прым. кро́пельны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пазагара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Загараць некаторы час. Пасля трывог і паходаў прыемна было выкупацца ў моры, паляжаць на цёплай гальцы і пазагараць. Бачыла. // перан. Разм. Пачакаць некаторы час. Аказваецца, варожая авіяцыя разбурыла мост праз раку. — Прыйдзецца пазагараць, пакуль пантоны павядуць, — паведаміў шафёр, які паспеў пабываць на беразе. «Звязда».

2. Загарэць — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Дзеці яшчэ больш, чым дарослыя, пазагаралі і ад загару, і ад пылу зусім чорныя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да абмыць.

2. Акружаць сваімі водамі (пра моры, цячэнні і пад.). Заходні бераг Афрыкі абмывае Атлантычны акіян. // Працякаць вакол, паўз што‑н.; абдаваць хвалямі. Падножжа гары амывае рака.

3. перан. Разм. Адзначаць якую‑н. падзею выпіўкай.

•••

Абмываць і абшываць — даглядаць каго‑н., выяўляць жаночы клопат аб кім‑н.

Кветачкі абмываць — тое, што і костачкі перамываць (гл. перамываць).

Рука руку абмывае гл. рука.

Языкамі абмываць — абгаворваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карабе́ль, ‑бля, м.

Вялікае марское судна. Ваенны карабель. Акіянскі карабель. Служыць на караблі матросам. □ Па разгойдан[ым] бурлів[ым] моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае яснае сонца. Зарэцкі.

•••

Карабель-спадарожнік — касмічны карабель, выведзены на арбіту спадарожніка Зямлі.

Касмічны карабель — лятальны апарат, прызначаны для палёту чалавека ў космас.

Лінейны карабель — вялікі, добра ўзброены ваенны карабель, прызначаны для правядзення буйных аперацый; лінкор.

Паветраны карабель — дырыжабль або цяжкі самалёт.

Спаліць свае караблі гл. спаліць.

[Ад грэч. kárabos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жне́йка, ‑і, ДМ жнейцы; Р мн. жнеек; ж.

1. Ласк. да жняя; тое, што і жняя. Белыя постаці жнеек-сялянак ныраюць у залатым моры даспелага жыта. Колас. Сама сябе жнейка б’е, калі нячыста жне. Прыказка.

2. Тое, што і жняярка. Час гамонку пачынаць з густымі каласамі, Дзе жнейкай, Дзе касой збіраць, Дзе вострымі сярпамі. Броўка. На двары, пад дашчатым павевам, у рад стаяць новенькія, толькі што прывезеныя жнейкі, касілкі, малацілкі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вуця́ ’качаня’ (брагін., Ант., 246: «Пытай, маці, да ў шэрага вуцяці… Да шэрае вуця да й на моры начуе…»); параўн. укр. утя́, род. скл. утя́ти ’тс’ (але дзіцячае у́тя, род. скл. у́ти ’качка’), вутя́ (палес.), рус. утя́, ву́тя (бранск.) ’тс’. Відаць, архаізм; узыходзіць да прасл. *ǫws.

Ву́ця, род. скл. ву́ці дзіцячае ’качка’ (КЭС); параўн. укр. у́тя ’тс’. Хутчэй за ўсё трансфармаванае, згодна з асаблівасцямі ўтварэння т. зв. дзіцячых слоў (скарачэнне да двух кладоў, змякчэнне канцавых зычных, спецыяльная суфіксацыя і пад.), зыходнае слова тыпу ву́тва (ву́таўка), ву́тка (ву́тачка), вуцяня́ і пад.; параўн. ко́ця (< кот, коцік), ко́ся (< конь, конік) і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́рыва ’трымцячы слой цёплага паветра каля паверхні зямлі ў гарачае надвор’е, смуга’ (ТСБМ). Укр. ма́рево, рус. мар, арханг. ма́рево, маск. мара́ ’тс’, арханг., перм. ма́ра ’туман на моры’; перм. марева ’туман, шкодны для збажыны, садавіны’, уладз. ’гарачы, сонечны дзень’. Усх.-слав. утварэнне з суф. ‑ivo/‑evo ад дзеяслова mariti. Параўн. таксама в.-луж. womara ’напаўсон, непрытомнасць’, серб.-харв. о̏‑мара ’духоцце, духата’, балг. мараня́ ’марыва’. Да прасл. marъ або marь, якія з’яўляюцца роднаснымі да ст.-інд. marīciṣ, marīcī ’прамень’, marīcīkā ’міраж’, ст.-грэч. άμαρύσσω ’ззяю’, ἀμαρυγή ’бляск’, μαῖρα < ’Сірыус’ (Бернекер, 2, 21; Фасмер, 2, 571; Скок, 2, 407, БЕР, 3, 662–663).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тары́ф ’устаноўленая сума збораў, аплаты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тары́фа ’тс’ (Вруб.), ’спіс тавараў з расцэнкамі’ (Ласт.), ’аплата згодна лічыльніку (у таксі)’: у тарыфе ездзіць (гарад., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарыфъ ’цэннік’ (1711 г., КГС). Запазычана з рус. тари́ф ’тс’ або з польск. taryfa ’тс’, taryf ’тс’; апошнія выводзяць з іт. tariffa ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 84), сучасныя запазычанні праз рускую з франц. tarif ’тарыф’, якое з італ., ісп. і парт. tarifa ’тс’ < араб. ta‘rîf(a) ’абвяшчэнне (платы)’ < ‘árrafa ’ён абвясціў’. Выводзяць таксама з тапоніма Тарыфа — назва вострава ў Міжземным моры (Фасмер, 4, 24; ЕСУМ, 5, 522; Голуб-Ліер, 477).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

брадзі́ць 1, браджу, бродзіш, бродзіць; незак.

1. Павольна, не прытрымліваючыся дарогі і пэўнага кірунку, хадзіць; блукаць. Міхалка брадзіў за Скуратовічавымі каровамі па пакошы і пожні ніў. Чорны. Ходзіць ён [казёл] па ельніку, Бродзіць па бярэзніку. Якімовіч. // Перамяшчаючыся, наведваць розныя месцы, пранікаць куды‑н. Бродзіць вецер шумлівы, стоногі, Белых зайцаў па моры пасе. Бядуля.

2. Рабіць, пракладваць брод (у 2 знач.).

брадзі́ць 2, бродзіць; незак.

Знаходзіцца ў стане браджэння (у 1 знач.). Сок вінаградны недзе ў бочках бродзіць. Рудкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хадзіць (у 2, 3 знач.).

2. Уст. Вандраванне, паломніцтва. Хаджэнне па святых месцах. // Адзін з жанраў старажытнарускай літаратуры, у якім апісваюцца вандраванні. «Хаджэнне за тры моры» цвярскога купца Афанасія Нікіціна.

•••

Хаджэнне ў народ — рух разначыннай інтэлігенцыі ў вёску ў 60–70 гг. 19 ст. з асветніцкімі, рэвалюцыйнымі мэтамі.

Мець хаджэнне (кніжн.) — быць ва ўжыванні, у абыходку.

Хаджэнне па муках (пакутах) — шэраг цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў, якія ідуць адно за адным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)