рабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. □ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. □ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (рабо́ты, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. □ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. □ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. □ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Адпусціць, вызваліўшы ад заняткаў, абавязкаў (усіх, многіх). Корзун распусціў дзяцей на тыдзень, пакуль кончыцца разводдзе. С. Александровіч. // Дазволіць, даць магчымасць разысціся, разбегчыся. Праз хвіліну Генрых Візэнер распусціў строй і з трыма салдатамі накіраваўся ў хату. Шамякін. // Расфарміраваць, ліквідаваць (установу, прадпрыемства, арганізацыю і пад.). Калі пачалі галасаваць прапанову Алеся: хто за тое, каб культурна-асветніцкі гурток распусціць і ўсю працу весці ў ячэйцы, — у класе ўзняўся зноў дружны гоман. Галавач. — Таварыш камандзір, Іван Іванавіч распусціў сваю брыгаду. Шчарбатаў.

2. Развязаць, паслабіць (што‑н. завязанае, сцягнутае). Павел з выглядам пераможцы паставіў на траву паўнюсенькі рэчавы мяшок і паволі распусціў зашмаргу. С. Александровіч. У адказ .. [Алесь] распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок. Караткевіч. // Развязаць, зняўшы завязку. — Ідзі, Люба, у пуню, прынясі пару кулёў, распусці на падлозе людзям спаць. Чорны. // Расплесці (касу). — Як распусціць [пані], бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі... Колас. // Раскідаць што‑н. вязанае, спусціўшы з петляў. Тады Аграфена Карабанава распусціла па нітцы свой світар. Лупсякоў. // Зрабіць шырэйшым. — Вось тут трэба крышку падрэзаць, а ўнізе распусціць, — казала Ганна Лявонаўна, паказваючы на паясніцу. Корбан.

3. Разгарнуць што‑н. згорнутае, складзенае. Іра адразу ж дастала парасон і распусціла яго, як грыб, над галавой. Сабаленка. // Расправіць, раскласці ў якой‑н. прасторы, на якім‑н. месцы. [Сувязная] была апранута па-сялянску, вялікую цёплую хустку павязала на патыліцы, а махры распусціла на плячах і на грудзях. Новікаў. Дуб галлё распусціў каранасты над ім [курганам], Сухазелле ў грудзі ўпілося. Купала. // Выставіць наверх, выпусціць (кіпцюры). [Кот] грозна натапырыў рэдкія вусы, замурлыкаў і распусціў свае вострыя кіпці... Бядуля. // Раскрыць, разгарнуць (пра пупышкі, лісце і пад.). [Яблыня] распусціла маленькія лісточкі. М. Ткачоў.

4. Разм. Дапусціць да свавольства, зрабіць недысцыплінаваным, знізіўшы патрабавальнасць, аслабіўшы нагляд. Распусціць дзяцей. Распусціць работнікаў. □ — Вы, дзядзька Ліпскі, трымаеце сваю дачку ў добрай строгасці. — А як жа, распусці іх, — прагаварыў Ліпскі. Лупсякоў. — Разгільдзяй той распусціў роту! — Гэта быў намёк на ранейшага камандзіра роты. Быкаў.

5. Зрабіць вадкім або напаўвадкім, растапіць. Распусціць масла. // безас. Размачыць, зрабіць гразкім. Была незвычайная бездараж. Дарогі ўсе распусціла. Мележ. Але стэп распусціла, верхні, чарназёмны пласт увесь час сплываў у нізіну, і цяжка было паверыць, каб слупы ўтрымалі напор ветру. Лупсякоў.

6. Разм. Прымусіць разысціся ў якой‑н. вадкасці. Распусціць фарбу ў вадзе. // Распаўсюдзіць вакол сябе. Кнігі сапраўды распусцілі па хаце нейкі свой пах, як і ўсякая рэч, якую даўно не чапалі. Ермаловіч.

7. Расказаць многім (чуткі, плёткі). Гардыенка распусціў чуткі, што Тарас Ігнатавіч сам не ведае матэматыкі. Чарнышэвіч.

8. Распілаваць удоўж. Мусіць, не ўтрымаўся які грамычакін — цішком зрэзаў адно-другое дрэва, а пасля распусціў на шалёўку. Даніленка.

•••

Распусціць вушы — тое, што і развесіць вушы (гл. развесіць).

Распусціць нервы — даць волю пачуццям, настрою. «Старэеш, Андрэй Бабейка, — папракнуў ён сябе, адвязваючы стаенніка і ўсаджваючыся ў брычку. — Старэеш, і нервы распусціў, і язык». Хадкевіч.

Распусціць нюні — расплакацца, разжаліцца. — А гэта чаго сырасць разводзіць? — Віцька кіўнуў галавой на дзяўчыну. — Майстар пасватаўся, вось і распусціла нюні. Асіпенка. — Ты не калека. Толькі абмяк, нюні распусціў. Машара.

Распусціць язык — нагаварыць многа лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)