учапі́ць, учаплю, учэпіш, учэпіць; зак.
1. што. Зачапіць за што‑н. Учапіць вудачку.
2. што. Павесіць што‑н. на што‑н. Клава ўчапіла на мадонну каралі. Чорны.
3. у што. Разм. Зачапіць у час руху чым‑н. або за што‑н. Уязджаючы ў двор,.. [Ціток] знарок учапіў заднім колам у шула брамы. Лобан. У лесе з возам — [конь] проста залаты: не было выпадку, каб ён учапіў дзе ў дрэва ці ў пень. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
азмро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Зацямніць, ахутаць цемрай.
2. Зрабіць сумным, маркотным, журботным. Маленства дзяцей азмрочыла вайна. □ [Лазавому] стала шкада, што ён азмрочыў такі светлы вечар настаўніцы. Васілевіч. Такому каханню можна было пазайздросціць, аднак я быў перакананы, што яшчэ ні адна хмурынка не азмрочыла яго, яно яшчэ не прайшло праз выпрабаванне. Чарнышэвіч. // Крыўдзячы, зрабіць менш радасным, прыемным. [Няшчасце], відаць, знарок цікавала за хлапчуком, каб у самы прыемны час азмрочыць яго радасць. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.
1. Павесіць, прымацаваўшы да чаго‑н. або надзеўшы на што‑н. Навесіць шторы. Павесіць замок. □ У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў. Цесляры нібы знарок у першую чаргу падагналі падаконнікі, вушакі, уставілі новенькія рамы, павесілі дзверы. Шамякін.
2. У спартыўных гульнях — накіраваць мяч у бок варот або падняць над сеткай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умо́ўчаць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. (пераважна з адмоўем «не»). Сцярпець, не адказаць каму‑н. — Не еў, не еў! — як перадражняючы каго, усё крычыць [кот], ды з такою злосцю, што Юстап будзе маўчаць, маўчаць, ды і не ўмоўчыць — на жонку абавязкова пасварыцца: — Дала б ты гэтай здыхаце малака. Калюга.
2. Не сказаць, не ўпамянуць аб чым‑н. знарок. [Маці:] — Я таксама не хачу, каб няпраўду ты гаварыў. Але ж умоўчаць сёе-тое мог. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Пачаць крочыць, пайсці куды‑н. Скруціўшы па цыгарцы, браты павольна пакрочылі да штаба. Кавалёў. Дачакаўшыся канца ўрока, Іван выйшаў на вуліцу. Пастаяўшы крыху, пакрочыў да хаты. Шахавец. Каб не ісці вуліцай, дзе можна было сустрэцца з нямецкімі патрулямі,.. [Гонка] знарок звярнула з дарогі і пакрочыла полем, потым агародамі. Сіняўскі.
2. перан. Пачаць развівацца ў якім‑н. кірунку. У чацвёртым годзе пяцігодкі [гаспадарчая] рэформа пакрочыць далей. «Звязда».
3. Крочыць некаторы час. Пакрочыць гадзіну па цэхах завода.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., што.
1. Пакрыць слоем фарбы, мазі. Замазаць надпіс чарнілам. □ — Хоць бы замазаў чым-небудзь, а то зусім яшчэ свежая метка. Брыль.
2. Заляпіць чым‑н. вязкім, ліпкім. Дзіркі ў сценах жанчыны замазалі глінай і вапнай. Маўр. Лапко паправіў печ, акуратна замазаў яе зверху. Колас.
3. перан. Разм. Знарок прыкрыць, схаваць, затушаваць. Замазаць недахопы. □ — [Валодзя] заяву на мяне падаў, думае гэтым свае грахі замазаць, — сказаў каваль. Чорны.
4. Забрудзіць, запэцкаць. Замазаць рукі ў фарбу.
•••
Замазаць рот каму — прымусіць маўчаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Сагнаць, прагнаць адкуль‑н. усіх, многіх. [Талаш:] — Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі. Колас.
2. Сагнаць з паверхні ўсё, многае. Завея пазганяла снег з дарог. □ Дзень назаўтра быў сонечны. Вецер нібы знарок пазганяў хмары з неба. Паслядовіч. // перан. Знішчыць. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені. Колас.
3. Сагнаць, прымусіць сысціся ў адно месца ўсіх, многіх. Гітлераўцы пазганялі людзей, каб паказаць ім адзін з сваіх прапагандысцкіх фільмаў пра «перамогі» над савецкімі войскамі. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прадэманстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Наглядна, публічна паказаць. Прадэманстраваць кінафільм. □ Прадстаўнікі Беларусі прадэманстравалі цікавыя праграмы, прысвечаныя прапагандзе спорту і турызму. «Звязда». На стале ў Панцеляймона Кандратавіча ляжаў кавалак рэйкі, тол. Ён тут жа прадэманстраваў, як і дзе трэба закладваць тол, падрываць рэйкі, каб іх нельга ўжо было выкарыстаць. Дзенісевіч. // Знарок падкрэсліць, праявіць, паказаць. Адзін бюргер выпіў залпам двухлітровы збан. Прычым прадэманстраваў сваю лоўкасць, падняў збан адной рукою, што не так лёгка зрабіць. Гурскі. [Юнак] стараўся прыслужыць.. [дзяўчыне], прадэманстраваць сваю адданасць і вернасць. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пільнава́ць, ‑ну́ю, ‑ну́еш, ‑ну́е; незак., каго-што.
1. Наглядаць, назіраць, вартаваць, сцерагчы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. Пільнуй гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі. Прыказка.
2. Падсцерагаць, сачыць. Зноў пільнаваў Глушак, як Апейкавы вочы бегаюць па паперы, загадзя прагнуў уведаць свой лёс. Мележ. [Рыгор:] — Ці ж гэта ты знарок дагэтуль стаяў за плотам ды пільнаваў мяне? Гартны. Аднаго разу чатыры чалавекі па чарзе пільнавалі выдру шэсць тыдняў і не маглі злавіць. Маўр.
•••
Чужую хату пільнаваць — бавіць, траціць час у суседа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прылі́заны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прылізаць.
2. у знач. прым. Разм. Гладка зачасаны (пра валасы). Высокі, з прылізанымі светлымі валасамі і рабым тварам чалавек павярнуўся, узмахнуў капелюшом. Гамолка. [Кібрык] сам, здавалася, ні на хвіліну не забываў аб .. [сваёй прыгажосці], бясконца прыгладжваў і без таго прылізаныя каштанавыя валасы. Шыцік. // перан. Які мае празмерна акуратны выгляд. Арэшкін, мабыць, знарок штодзень праходзіў міма школы чысценькі, прылізаны, абпырсканы моцнымі духамі. Шамякін. Максім нават пашкадаваў, што не даў гэтаму прылізанаму пану добрай аплявухі. Машара. // перан. Прыгладжаны (пра літаратурныя творы, карціны і пад.). Падручнік не павінен быць прыгладжаны, прылізаны. Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)