нездаво́лены, ‑ая, ‑ае.

Які адчувае нездавальненне. Бушмар стаяў, як жывы, у .. [Аміліных] вачах, з ссунутымі брывамі, нездаволены, упарты... Чорны. // Які не атрымаў задавальнення ад каго‑, чаго‑н. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі. Пані Ганна была вельмі нездаволена паводзінамі дзяцей. Бядуля. // Які выражае нездавальненне. Нездаволены позірк. Нездаволены голас. Нездаволены выраз твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Істо́тажывы арганізм; чалавек або жывёліна’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Гарэц., Др.-Падб.), ’сутнасць, суць’ (Др.-Падб., Гарэц.), исто́та ’сапраўднае становішча чаго-н.’ (Нас.). Рус. дыял. исто́та ’існасць, сутнасць’ (Даль), укр. істо́та ’істота’, польск. istota ’сутнасць, істота’, чэш. jistota ’пэўнасць, дакладнасць’, славен. istota ’ідэнтычнасць’. Ст.-бел. истота ’сутнасць’ (1522 г.) з польск. istota (Булыка, Запазыч.). Слаўскі (1, 470) лічыць прасл. утварэннем з суф. ‑ota ад *jьstъ (гл. існы) з зыходным значэннем ’сапраўднасць, рэчаіснасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ажы́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ажывіць.

2. у знач. прым. Вясёлы, бадзёры, узбуджаны. Калі Віктар адышоў, Мая, усё яшчэ ўзрадаваная, ажыўленая, са шчаслівымі іскрамі ў вачах, хапіла Мікалая за руку і засмяялася. Карпюк. Грукаючы ботамі, у пакой забег ажыўлены Валодзя. Даніленка. // Які выяўляе ажыўленне. Ажыўлены погляд. Ажыўленая ўсмешка. // Цікавы, жывы, займальны. Ажыўленая размова. // Поўны руху, мітусні, дзейнасці; шумны. Ажыўлены парк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атру́та, ‑ы, ДМ ‑руце, ж.

1. Ядавітае рэчыва, якое згубна дзейнічае на жывы арганізм; яд. Атрута для мышэй.

2. перан. Тое, што шкодна ўплывае на каго‑, што‑н. [Пан Зяленскі:] — О-о... пан любіць жарты, але старыя жартаў не любяць, навошта яны, яны атрута старому сэрцу. Лынькоў. [Дзядзька:] — Ну ж і балота! Вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інвента́р, ‑у, м.

1. Сукупнасць прадметаў, прылад, якія складаюць маёмасць прадпрыемства, установы, арганізацыі. Спартыўны інвентар. Школьны інвентар. // Прылады сельскагаспадарчай вытворчасці. Сельгасарцелі дзейна рыхтуюцца да праверкі — ачышчаюць насенне, рамантуюць інвентар, машыны, вывозяць на палі ўгнаенне. Арочка. — Інвентар гатовы: плугі, бароны ўжо адрамантавалі. Васілевіч.

2. Вопіс маёмасці, рэестр. Скласці інвентар.

•••

Жывы інвентар — цяглавая і малочная жывёла.

Мёртвы інвентар — прылады працы, перавозачныя сродкі і іншая маёмасць.

[Лац. inventarium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́ба,

1. прысл. Міла, з любоўю. Бохан хлеба ляжаў на канцы доўгага, няшчыльна збітага з дошчак стала, падпёртага скрыжаванымі ножкамі, па-хатняму люба накрыты, замест настольніка, ручніком. Брыль.

2. безас. у знач. вык., звычайна з інф. Прыемна, падабаецца; па сэрцу. Люба слухаць. Люба жыць. □ Гарыць работа, і хусцінка, Нібы матыль які жывы, З яе спаўзае галавы, І люба глянуць на Жарынку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачы́н, ‑у, м.

1. Пачатая кім‑н., па чыёй‑н. ініцыятыве справа; пачынанне. Падтрымаць пачын наватараў. Патрыятычны пачын. □ Пачын брыгад камуністычнай працы — Вось ён — наступных дзён жывы пралог! Звонак.

2. Разм. Пачатак чаго‑н., якой‑н. справы. [Грабок:] — Глянь, колькі! Падахвоцілі і мяне на пачын за рыдлёўку ўзяцца. Краўчанка. Каля касы, як сталы, Грошы двойчы злічыў І падумаў: «Нямала, Хоць і першы пачын!» Матэвушаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

труп, ‑а, м.

Мёртвае цела чалавека або жывёлы. Немцы схлынулі, кінуліся наўцёк; у лагчыне засталіся групы. Мележ. Зграі крумкачоў ляталі ў паветры, апускаліся сям-там на гарачых папялішчах і завіхаліся на трупах жывёлы, загінуўшай у дыме, у агні. Лынькоў.

•••

Жывы труп — пра вельмі слабога, худога, хворага, блізкага да смерці чалавека.

Толькі цераз мой труп — форма пратэсту супраць якога‑н. непажаданага дзеяння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Замерці, змярцвець (ад жаху, нечаканасці і пад.). Азірнулася — умлела: Валіць следам ён [Дамянік], як дым. Колас. Убачыўшы чалавека з наганам, .. Іван умлеў. Лобан. Умлеў Шчаслівец... Сярод залы Стаіць ні мёртвы ні жывы. Бачыла. // Абамлець, страціць прытомнасць. З-пад задняй сцяны абзываецца чалавек у рудой кучомцы з чорным шалікам на шыі: — Пачынай, бо зараз дзед умлее. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвердзь, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і стан цвёрдага (у 2 знач.); цвёрдая маса, паверхня. Давёўшы.. [запаску] да пэўнай цвердзі, узяліся здымаць спушчанае кола. Кулакоўскі. Як у ім [снягу] добра, як у пуху, няма ніякай цвердзі. Лобан. // Уст. Зямля. Калі.. [Андрэй] жывы і вам здарыцца сустрэць яго, перадайце яму: калі б нават раскалоліся цвердзі зямныя і валілі зямлю прорвы нябесныя, Рынальда Марчэла не здрадзіць дружбе. Краўчанка. // Купал неба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)